15 сьнежня Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам міністра спорту Сяргея Кавальчука і застаўся моцна незадаволены. Адна з галоўных прэтэнзіяў — Лукашэнка ня ўбачыў беларускую зборную на чэмпіянаце сьвету ў футболе.
«Ідзе чэмпіянат сьвету. Я нешта не заўважыў там нашых футбалістаў. Ці я проста дрэнна назіраю за чэмпіянатам сьвету? Там і блізка няма. Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які сёньня паказваюць там спартсмэны. І прытым яны паказваюць гэтыя вынікі ў зімовы пэрыяд часу. І як былы футбаліст, які займаўся шмат футболам… мне проста страшна робіцца. Стан гэтага віду спорту, як і многіх іншых, у жахлівым становішчы», — сказаў Лукашэнка.
Ацэнім стан беларускага спорту згодна зь лічбамі.
Трацяць у паўтара раза болей, чым на культуру
У бюджэце налета на фізычную культуру і спорт закладзена 273,8 мільёна рублёў. Гэта на 14% больш, чым сёлета. А таксама ў паўтара раза больш, чым плянуюць патраціць на культуру, і ўдвая больш, чым на ахову навакольнага асяродзьдзя.
У 2021 годзе на фізычную культуру і спорт выдаткавалі 204,5 мільёна рублёў. У 2020 – 202,2 мільёна рублёў. То бок за тры гады траты на спорт вырасьлі ў рублях на 26%. Прыкладна на столькі ж за тры гады ў Беларусі вырасьлі цэны.
Па 97 рублёў на кожнага, хто займаецца спортам
Згодна са зьвесткамі на сьнежань 2022 году ў Беларусі 2,4 мільёна чалавек займаюцца фізычнай культурай і спортам. З улікам выдаткаў на спорт сёлета (235,1 мільён рублёў) вынікае, што на кожнага, хто займаецца спортам, прыпала 97 рублёў.
Агулам у Беларусі працуе 23306 фізкультурна-спартовых пабудоваў. У 454 спэцыялізаваных вучэбна-спартовых установах навучаюцца 156,4 тысячы чалавек.
У 11 школах-вучэльнях алімпійскіх рэзэрваў рыхтуюць 3300 прафэсійных спартоўцаў.
2 мэдалі на апошніх Алімпійскіх гульнях
Падчас апошніх Алімпійскіх гульняў у Пэкіне ў 2022 годзе беларуская зборная заваявала 2 срэбныя мэдалі. Іх прывезьлі Ганна Гуськова (фрыстайл) і Антон Смольскі (біятлён).
А найбольш мэдалёў беларусы мелі на гульнях у Пэкіне ў 2008 годзе, тады іх было 26: 3 залатыя, 4 срэбныя і 7 бронзавых.
0 разоў футбольная зборная трапляла на чэмпіянат сьвету
Беларуская нацыянальная футбольная зборная ніколі не трапляла на чэмпіянат сьвету. Гэта складана, бо ў Эўропе шмат моцных камандаў, на чэмпіянат сёлета ня трапіла нават Італія. Аднак нацыянальная зборная за ўсе гады незалежнасьці не трапляла таксама і ў групавую стадыю чэмпіянату Эўропы. Сёлета ў адборачных матчах на чэмпіянат сьвету Беларусь атрымала буйную паразу ад зборнай Бэльгіі зь лікам 0:8. Гэта адзін з найгоршых вынікаў у яе гісторыі.
Сярод палітзьняволеных – больш за 30 спартоўцаў
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці ў заяве пра будучыя Алімпійскія гульні паведаміў, што ў беларускіх турмах зьняволеныя больш за 30 спартоўцаў, якіх прызналі палітычнымі вязьнямі.
Сотні спартоўцаў і трэнэраў вымушаныя былі пакінуць Беларусь у сувязі з рэпрэсіямі.
Напрыклад, за сваю грамадзянскую пазыцыю працу ў Беларусі страціла чэмпіёнка сьвету 2019 года, фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская. А таксама срэбны прызэр Алімпіяды 2008 году, чэмпіён Эўропы ў лёгкай атлетыцы Андрэй Краўчанка.
Заробак трэнэра – 660 рублёў
- У агульным нацыянальным банку вакансіяў знаходзім 268 вакансіяў для трэнэраў. Напрыклад, у Глыбоцкім раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры трэнэру з вышэйшай адукацыяй гатовыя плаціць 660 рублёў на месяц.
- Галоўнаму трэнэру гандбольнага клюбу «Вікторыя-Берасьце» заплацяць ужо ўтрая больш — 2000 рублёў.
- Начальніку каманды горадзенскага раённага валейбольнага клюбу “Легіён” прапануюць заробак у 560 рублёў.
Агулам жа з прапанаваных вакансіяў заробкі прафэсійных спартовых трэнэраў рэдка перавышаюць 800 рублёў. Сярэдні ў краіне, паводле Белстату, складае больш за 2200.