Пра інцыдэнт паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы.
Паводле МУС Польшчы, выбухнуў адзін з падарункаў, які галоўны камэндант польскай паліцыі атрымаў падчас рабочага візыту ва Украіну 11–12 сьнежня, дзе ён сустракаўся з кіраўніцтвам украінскай паліцыі.
У выніку выбуху начальнік польскай паліцыі атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджаньні і апынуўся ў шпіталі. Лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія не запатрабавалі шпіталізацыі, атрымаў таксама цывільны супрацоўнік штаб-кватэры паліцыі Польшчы.
Польскі бок зьвярнуўся да ўкраінскага боку з просьбай даць адпаведныя тлумачэньні. Справай з самага пачатку займаюцца пракуратура і адпаведныя службы, адзначае міністэрства.
- 30 лістапада ў пасольстве Ўкраіны ў Мадрыдзе адбыўся выбух. Прылада была ў адной з пасылак для ўкраінскага амбасадара. Тады канвэрты і скрынкі з бомбамі атрымаў яшчэ шэраг гішпанскіх ведамстваў, у тым ліку кампанія — пастаўнік зброі Ўкраіне, прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс, Міністэрства абароны і спадарожнікавы цэнтар авіябазы Тарэхон-дэ-Ардос.
- Затым пасольствы Ўкраіны ў розных краінах пачалі атрымліваць пакеты з вачыма жывёл. «У скрутках знаходзіліся вочы жывёл. Самі пакеты былі прасякнуты вадкасьцю характэрнага колеру і мелі адпаведны пах. Мы вывучаем сэнс гэтага пасланьня», — апавядаў прадстаўнік МЗС Украіны Алег Ніколенка. Акрамя таго, казаў ён, нехта сапсаваў уваход у кватэру ўкраінскага пасла ў Ватыкане, а ўкраінскае пасольства ў Казахстане атрымала ілжывае паведамленьне аб мінаваньні, якое не пацьвердзілася. Таксама падазроны ліст прыйшоў у пасольства Ўкраіны ў ЗША — у ім ляжала ксэракопія артыкула, у якім крытыкавалася Ўкраіна.