Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэльгіі правялі 20 ператрусаў у справе магчымага хабару дэпутатам Эўрапарлямэнту. Іх падазраюць у незаконным спрыяньні Катару


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Бэльгійскія сьледчыя правялі ў панядзелак, 12 сьнежня ператрусы ў офісах Эўрапейскага Парлямэнту ў Брусэлі ў рамках крымінальнай справы аб хабарах ад Катару, які такім чынам уплываў на важныя рашэньні на кантынэнце.

Ператрусы пачаліся 9 сьнежня, прэзыдэнт парлямэнту Рабэрта Мэтсала папярэдзіла эўрадэпутатаў, што «дэмакратыя знаходзіцца пад атакай», піша BBC.

Бэльгійская паліцыя выставіла абвінавачаньні чатыром асобам з шасьці затрыманых раней, дваіх адпусьцілі. Мяркуецца, што абвінавачаньне выставілі адной з 14 віцэ-прэзыдэнтак Эўрапарлямэнту Эве Кайлі, дэпутатцы ад Грэцыі. Актывы яе, ейнага мужа і блізкіх сямейнікаў замарожаныя. Іншыя тры чалавекі — грамадзяне Італіі, у тым ліку памочнік Кайлі Франчэска Джорджы, паведамілі выданьню яго крыніцы.

Сярод падазраваных таксама былы дэпутат Эўрапарлямэнту П’ер Антоніё Панцэры, які цяпер кіруе праваабарончай групай Fight Impunity, яго жонка і дачка таксама арыштаваныя. Яшчэ адзін падазраваны — Люка Візэнтыні, генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў.

Пракуратура падазрае, што адна дзяржава Пэрсыдзкай затокі некалькі месяцаў уплывала на эканамічныя і палітычныя рашэньні парлямэнту, асабліва шляхам працы праз памочнікаў дэпутатаў. СМІ адразу напісалі, што маецца на ўвазе Катар. Эўрадэпутаты абмяркуюць скандал ужо 13 сьнежня на пазаплянавых дэбатах у Страсбургу. Катар адмаўляе віну, заяўляючы пра дэзынфармацыю.

Бэльгійская пракуратура раней заявіла, што знайшла грошы гатоўкай на суму каля 600 000 эўра ў доме аднаго падазраванага, 150 000 эўра ў кватэры дэпутата і некалькі сотняў тысяч эўра ў валізцы ў нумары гатэлю ў Брусэлі. Таксама сьледчыя забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а профілі падазраваных былі замарожаныя, каб ніхто ня выдаліў інфармацыі, якая можа мець дачыненьне да справы.

У гэтыя дні Катар прымае чэмпіянат сьвету ў футболе. Пасьля таго як знайшліся доказы подкупу палітыкаў і спартовых чыноўнікаў, многія зь іх пакінулі свае пасады. Расьсьледаваньне закранула ў тым ліку былога прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі. Аднак чэмпіянат у іншую краіну не перанесьлі. Падчас рыхтаваньня чэмпіянату ў Катары, паводле ацэнак міжнародных праваабарончых арганізацыяў, прынамсі 6500 чалавек, пераважна рабочыя з Нэпалу, Індыі і Бангладэш, працавалі ва ўмовах, якія ня раз крытыкаваліся і называліся нечалавечымі.

У чым менавіта палягала цяперашняе спрыяньне Катару Эўрапарлямэнтам, сьледзтва пакуль ня кажа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG