Матч паміж Партугаліяй і Ўругваем на Чэмпіянаце сьвету ў Катары 28 лістапада перапыніў заўзятар, які выбег на поле. У руках у яго быў вясёлкавы сьцяг — сымбаль падтрымкі ЛГБТ-супольнасьці. На футболцы сьпераду быў надпіс «Выратуйце Украіну!», а на сьпіне — «Паважайце іранскіх жанчын».
У сеціве хутка ідэнтыфікавалі мужчыну. Гэта італьянец Марыё Фэры, які раней прыяжджаў ва Ўкраіну валянтэрам і дапамагаў уцекачам трапіць у Польшчу.
«Я раблю гэта сам. Я плачу за ўсё і нічога не хачу ўзамен. Днямі я ледзь не пабіўся, бо ўбачыў, як мужчына просіць грошай за тое, што раблю я. Гэта недапушчальна, людзі тут даведзеныя да роспачы і нельга рабіць на гэтым бізнэс. Я еду ў Львоў, шукаю людзей, якім патрэбная дапамога. За межамі Ўкраіны поўна людзей, гатовых дапамагчы, але ва Ўкраіне многія непакояцца, што зь імі можа нешта здарыцца. І я ім дапамагаю», — расказваў Фэры ў адным зь інтэрвію.
Таксама італьянец мае татý з гербам Украіны.
Матч судзіў іранскі арбітар.
- Катар забараніў на чэмпіянаце любую сымболіку ў падтрымку ЛГБТ– супольнасці. Гэта палічылі непрымальным многія футбалісты эўрапейскіх зборных, якія зьбіраліся надзець на матчы нарукаўныя павязкі з надпісам One Love («Адно каханьне»), каб падтрымаць роўнасьць усіх людзей у спорце. Аднак FIFA заявіла, што такія павязкі будуць лічыцца непавагай да краіны, якая прымае чэмпіянат, і на каманды накладуць санкцыі. Футбалісты падпарадкаваліся рашэньню FIFA, адзначыўшы, што былі б гатовыя плаціць штрафы за парушэньне правілаў, але ня могуць рызыкаваць папярэджаньнямі і магчымымі выдаленьнямі гульцоў з поля.
- У Іране трэці месяц праходзяць масавыя пратэсты, якія пачаліся пасьля гібелі 22-гадовай актывісткі Махсы Аміні, якая змагалася за правы жанчын. Яна памерла ў верасьні пасьля меркаванага зьбіцца ў паліцыі нораваў, якая затрымала яе за распушчаны хіджаб. Іранцы выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць паліцэйскага гвалту і шырэй — супраць барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам, за зрынаньне цяперашняга кіраўніка дзяржавы аяталы Алі Хамэнэі і за дэмакратызацыю краіны. Дэманстрацыі жорстка падаўляюцца паліцыяй, ад рук праваахоўнікаў загінулі ўжо больш за 300 чалавек.
- Футбольная зборная Ірану перад сваім першым матчам з камандай Англіі адмовілася сьпяваць нацыянальны гімн на знак салідарнасьці з пратэстоўцамі. Заўзятары сустрэлі ўчынак каманды воплескамі.
- Узброенае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пачалося 24 лютага. Яго ахвярамі сталі дзясяткі, калі ня сотні, тысяч людзей — як вайскоўцаў, так і мірных жыхароў. Мільёны ўкраінцаў мусілі пакінуць свае дамы і шукаць прытулку ў спакайнейшых вобласьцях краіны ці ў іншых дзяржавах. Большасьць краін сьвету і ААН катэгарычна асуджаюць расейскую агрэсію.