Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брагінская міліцыя заявіла пра раскрыцьцё рэзананснага забойства на мяжы з Украінай, а потым выдаліла матэрыял


Сяргей Чамбровіч
Сяргей Чамбровіч

12 сьнежня на старонках брагінскай раённай газэты «Маяк Палесся» ў апэратыўнай зводцы ад міліцыі зьявілася інфармацыя пра забойства ля мяжы з Украінай вэтэрынарнага лекара з Гомля.

Публікацыя даступная ў вэб-архіве. Паводле яе, ветэрынара з Гомля забілі стрэлам у галаву грамадзяне Ўкраіны.

12 сьнежня на старонках брагінскай раённай газэты «Маяк Палесся» ў апэратыўнай зводцы ад міліцыі зьявілася інфармацыя пра забойства ля мяжы з Украінай вэтэрынарнага лекара з Гомля.

«Распачатая крымінальная справа ў дачыненьні грамадзяніна Ўкраіны. Ён падазраецца ў забойстве стрэлам у галаву каля вёскі Верхнія Жары мужчыны», — паведаміла мясцовая міліцыя на старонках раёнкі.

Публікацыю заўважыла выданьне «Флагшток».

Раёнка паведамляла, што ўсё адбылося 9 траўня. Паводле публікацыі, злачынцы (іх было двое, асобу другога ня высьветлілі. — РС) пагражалі ахвяры, «наносілі ўдары нагамі і рукамі, затым адзін зь іх зьдзейсьніў тры стрэлы». Паводле міліцыі, мэтай злачынных дзеяньняў было «завалодаць чужой маёмасьцю».

Пасьля перадруку інфармацыі ў выданьні «Флагшток» брагінская раёнка прыбрала публікацыю з сайту. Цяпер пад спасылкай публікацыі няма, браўзэр выдае памылку «404». Аднак апублікаваны раней матэрыял захаваўся ў архіве, яго можна бачыць пад гэтым адрасам.

Нагадаем, 9 траўня каля вёскі Верхнія Жары (паўтара кілямэтра ад мяжы з Украінай. — РС) адбылося забойства 45-гадовага Сяргея Чамбровіча. Ён жыў у Гомлі, працаваў лекарам у вэтэрынарнай клініцы, захапляўся рыбнай лоўляй. Ён зь сябрам 9 траўня паехаў на рыбу на раку Дняпро каля Верхніх Жараў і быў там забіты стрэлам у галаву пры нявысьветленых абставінах.

Паводле рашэньня ўкраінскіх памежнікаў з канца красавіка ў Чарнігаўскай вобласьці было забаронена знаходзіцца на памежнай тэрыторыі. Аналягічную забарону прынялі і беларускія памежнікі. У той час, калі ва Ўкраіне ішлі актыўныя баявыя дзеяньні, мяжа была пад узмоцненай аховай. У Брагінскім раёне мясцовыя жыхары ня раз бачылі расейскіх вайскоўцаў і тэхніку.

У загінулага 45-гадовага вэтэрынара засталіся жонка і двое сыноў. Усе, хто ведаў яго ў жыцьці і працы, расказваюць пра яго толькі станоўчае.

«Добры, чульлівы, сьціплы, нікому не адмаўляў у дапамозе», — казалі Свабодзе пасьля забойства жыхары Гомля.

10 траўня лекара, аматара рыбнай лоўлі пахавалі ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну.

«Дакладна ніхто нічога пакуль ня ведае. Паехаў зь сябрам на рыбу ў Брагінскі раён. Ня першы раз, бо ён быў аматарам. Яны былі не на чаўнах — лавілі рыбу зь берага. На іх там „напалі“ — каля дзявятай раніцы 9 траўня. Хто напаў, як — невядома. Сяргею стрэлілі ў галаву. Сябар уцёк, схаваўся ў лесе і выклікаў ці памежнікаў, ці міліцыю. Жонка нават не была на апазнаньні, бо там пашкоджаная галава — стрэл быў проста ў галаву. Хто страляў, адкуль, чаму — невядома», — расказвала Свабодзе гамяльчанка, знаёмая сям’і.

Пасьля забойства начальніца прэсавай службы 105-га памежнага атраду Дзяржаўнай памежнай службы (Чарнігаў) Галіна Шахаўцова паведаміла Свабодзе, што ўкраінскія памежнікі ў гэтым інцыдэнце ня ўдзельнічалі.

«Там не было зафіксавана спробаў парушэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. Стрэлаў ніхто ня чуў. Пра сьмерць рыбака мы ведаем толькі са СМІ», — казала начальніца прэсавай службы.

Паводле інфармацыі Свабоды, сябра вэтэрынара, які быў зь ім на рыбе, пасьля забойства быў затрыманы на 72 гадзіны.

«Пасьля гэтага ён нікому нічога не казаў. Відаць, у „органах“ правялі зь ім гутарку. Наколькі я ведаю, сваякі вэтэрынара таксама не выступаюць публічна», — сказала Свабодзе крыніца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG