У 45-гадовага лекара засталіся жонка і двое сыноў. Усе, хто ведаў яго па жыцьці і працы, кажуць пра яго выключна станоўча. «Добры, чульлівы, сьціплы, нікому не адмаўляў у дапамозе», — кажуць жыхары Гомля.
10 траўня лекара, аматара рыбалкі пахавалі ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну. Афіцыйныя беларускія органы — міліцыя, Сьледчы і Памежны камітэт дагэтуль ня выказалі сваіх вэрсій ягонай гібелі.
«Дакладна ніхто нічога пакуль ня ведае. Паехаў зь сябрам на рыбалку ў Брагінскі раён. Ня ў першы раз, бо ён быў аматарам рыбалкі. Яны былі не на чаўнах — лавілі рыбу зь берага. На іх там „напалі“ — каля дзявятай раніцы 9 траўня. Хто напаў, як — невядома. Сяргею стрэлілі ў галаву. Сябар уцёк, схаваўся ў лесе і выклікаў ці памежнікаў, ці міліцыю. Жонка нават не была на апазнаньні, бо там пашкоджаная галава — стрэл быў проста ў галаву. Хто страляў, адкуль, чаму — невядома», — расказала гамяльчанка, знаёмая сям’і.
«Гэта было 9 траўня. А да гэтага, 8 траўня, у Ніжніх Жарах, ніжэй па Дняпры, былі чуваць стрэлы. На наступны дзень пачалі казаць, што рыбака забілі ўзброеныя ўкраінцы», — расказала жыхарка Брагінскага раёну.
Ад Верхніх Жараў да Ўкраіны — каля паўтара кілямэтра. Мяжа ідзе па Дняпры. Зь беларускага боку Лоеўскі і Брагінскі раёны ўвялі забарону на знаходжаньне на рацэ на чаўнах. З украінскага боку ўведзена забарона на знаходжаньне грамадзян і замежнікаў на памежнай тэрыторыі — на кілямэтар днём і 20 кілямэтраў ноччу. Гэта ня тычыцца мясцовых жыхароў.
Апроч таго, у шэрагу раёнаў Гомельскай вобласьці (у тым ліку Брагінскім) забаронена наведваць лясы.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што ня маюць ніякай інфармацыі пра гэты інцыдэнт.
«Нічога не магу сказаць пра гэтую сытуацыю, нашы падразьдзяленьні нічога падобнага ня чулі», — сказаў сьпікер памежнай службы Андрэй Дземчанка.
Начальніца прэсавай службы 105-га памежнага атраду Дзяржаўнай памежнай службы (Чарнігаў) Галіна Шахаўцова паведаміла Свабодзе, што ўкраінскія памежнікі ў гэтым інцыдэнце ня ўдзельнічалі.
«Там не было зафіксавана спробаў парушэньня дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. Стрэлаў ніхто ня чуў. Пра сьмерць рыбака мы ведаем толькі са СМІ», — сказала начальніца прэсавай службы.