Мастак зрабіў 50 трафарэтных адбіткаў з выявай ніжэй, усе атрыманыя грошы пойдуць «нашым сябрам ва Ўкраіне», піша ён.
«Ва Ўкраіне я бачыў, як каманда Legacy of War прыехала і забясьпечыла мэдыцынскую дапамогу, абагравальнікі, прэсную ваду і добразычлівасьць некаторым вельмі адчайным людзям у разбомбленым будынку. Яны таксама пазычылі мне адну са сваіх машын хуткай дапамогі для працы, якая аказалася вельмі карыснай, калі разьюшаная бабуля выявіла, што я малюю на яе будынку, і патэлефанавала ў паліцыю. Я лічу, што мінімум, што я павінен зрабіць, гэта сабраць дастаткова грошай, каб замяніць нумарныя знакі на машыне хуткай дапамогі, якой я інтэнсіўна пакарыстаўся...» — напісаў Бэнксі.
Пакінуць заяўку на набыцьцё карціны можна на сайце banksy.legacyofwarfoundation.com.
Джайлз Дулі, гендырэктар Фонду «Спадчына вайны», паведамляе, што на сродкі, атрыманыя ад распродажу карцін, закупяць новыя машыны хуткай дапамогі і машыны падтрымкі, якія «патрэбныя на Данбасе для працягу эвакуацыі інвалідаў, пажылых людзей і пацярпелых мірных жыхароў», а таксама генэратары, газавыя абагравальнікі і і сьвяцільнікі на сонечных батарэях у населеныя пункты, якія сутыкаюцца з жорсткай зімой без электрычнасьці. «І мы зможам працягваць нашу падтрымку прытулкаў у Кіеве для жанчын і ЛГБТК-супольнасьці», — дадаў ён.
У лістападзе мастак Бэнксі наведаў Кіеўскую вобласьць Украіны і пакінуў там сем сваіх графіці.