Сам аўтар апублікаваў фота графіці на сваёй старонцы ў Instagram і пакінуў ляканічны подпіс пад здымкам: «Барадзянка, Украіна».
На сьцяне выява дзяўчыны, якая выконвае гімнастычнае практыкаваньне — стойку на руках. Карціна намаляваная на адной з ацалелых сьцен дома. А над ім — некалькі паверхаў з разбуранымі кватэрамі.
Раней у інтэрнэце зьявілася фота яшчэ аднаго графіці з Барадзянкі, якое вельмі нагадвае тэхніку брытанскага мастака. Яго апублікаваў рэпарцёр Эд Рэм, які працуе ва Ўкраіне, аднак ніякіх пацьверджаньняў аўтарства Banksy гэтай працы пакуль няма.
Бэнксі лічыцца адным з самых загадкавых мастакоў сучаснасьці. Дасюль не зразумела, хто хаваецца пад гэтым псэўданімам. Мастак атрымаў міжнароднае прызнаньне дзякуючы сваім сатырычным творам вулічнага мастацтва і графіці. Яго творы маюць ярка выражаны грамадзка-палітычны падтэкст.
Барадзянка — пасёлак гарадзкога тыпу Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. Была акупаваная расейцамі ў пачатку вайны і вызваленая ад расейскіх войскаў 2 красавіка. Пасьля вызваленьня ад расейскай акупацыі, у горадзе знайшлі брацкія магілы, у якіх былі пахаваныя забітыя расейскімі вайскоўцамі мірныя жыхары.
Украіна, а таксама прэзыдэнт ЗША і некаторыя іншыя сусьветныя лідэры ўжо назвалі забойствы мірных жыхароў у Кіеўскай вобласьці, але вырашаць, ці быў гэта генацыд, будуць міжнародныя суды, прадстаўнікі якіх зараз вядуць расьсьледаваньне на тэрыторыі Ўкраіны.