Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International сабрала інфармацыю аб пакараных сьмерцю і памілаваных у Беларусі ў 2021 годзе


Станіслаў Косьцеў, асуджаны на сьмяротнае пакараньне, а потым памілаваны, падчас суду
Станіслаў Косьцеў, асуджаны на сьмяротнае пакараньне, а потым памілаваны, падчас суду

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя пакараньні.

У штогадовым дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, які тычыцца прымяненьня сьмяротнага пакараньня ў рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі за пэрыяд са студзеня па сьнежань 2021 году, падрабязна апісваюць сытуацыю ў Беларусі.

Аўтары дакладу падкрэсьліваюць, Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе праводзяцца сьмяротныя пакараньні.

Спэцыяльная дакладчыца ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў сваім дакладзе ў траўні, акрамя іншых заўваг, адзначыла, што беларускія ўлады працягвалі прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды, не папярэджваючы загадзя зьняволеных і іхныя семʼі. Пры гэтым сваякам не раскрывалі месцы пахаваньня пакараных сьмерцю.

Што вядома пра пакараных сьмерцю ў Беларусі і памілаваных

Amnesty International атрымала інфармацыю, якая пацьвярджае, што ў траўні ўлады Беларусі пакаралі сьмерцю Віктара Паўлава. Віцебскі абласны суд у жніўні пацьвердзіў сям’і Паўлава выкананьне сьмяротнага пакараньня, выдаўшы ім пасьведчаньне аб яго сьмерці.

Рада правоў чалавека ААН папрасіла не караць сьмерцю Віктара Паўлава, пакуль будзе вывучаць ягоную справу; падчас вывучэньня аналягічных спраў яна прыйшла да высновы, што ўлады парушалі абавязаньні Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы Першага Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У ліпені 2019 г. Віцебскі абласны суд прызнаў Віктара Паўлава вінаватым і вынес яму сьмяротны прысуд за забойства. А ў лістападзе 2019 году Вярхоўны суд пакінуў яго сьмяротны прысуд у сіле.

У верасьні 2021 году беларускі дзяржаўны тэлеканал СТБ паведаміў пра сьмяротнае пакараньне Віктара Скрундзіка. У тым жа месяцы ягоная сястра пацьвердзіла, што апошні раз атрымлівала ліст ад Віктара 19 жніўня. На канец 2021 году ўлады не пацьвердзілі сямʼі выкананьне сьмяротнага пакараньня. У студзені Менскі абласны суд падчас паўторнага судовага працэсу прызнаў Віктара вінаватым у забойстве двух пажылых людзей і зноў вынес Віктару сьмяротны прысуд.

У красавіку Аляксандар Лукашэнка памілаваў братоў Косьцевых Ілью (22 гады) і Станіслава (20 гадоў). Абодвум братам вынесьлі сьмяротныя прысуды ў студзені 2020 года пасьля таго, як Магілёўскі абласны суд прызнаў іх вінаватымі ў забойстве. Іхныя сваякі пацьвердзілі, што абодвух перавялі ў звычайную турму ў Жодзіне, і яны ўжо езьдзілі да іх на спатканьне.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пацьвердзіў, што сьмяротныя прысуды былі заменены на пажыцьцёвыя зьняволеньні, але больш ніякай інфармацыі апублікавана не было.

Віктар Сергіль быў адзіным чалавекам, пра якога было вядома на канец 2021 года, што ён знаходзіцца ў камэры сьмяротнікаў. Аднак ён увесь час быў пад рызыкай сьмяротнага пакараньня пасьля яго асуджэньня і сьмяротнага прысуду, пацьверджанага Вярхоўным судом у студзені 2020 года.

У ліпені Камітэт ААН па правах чалавека сфармуляваў сваё меркаваньне па справе Аляксея Міхалені і прыйшоў да высновы, што Беларусь парушыла яго права на жыцьцё, права на асабістую свабоду і права на справядлівы судовы разгляд. Нягледзячы на тое, што ў лютым 2018 года Камітэт папрасіў Беларусь не караць сьмерцю Аляксея Міхаленю, пакуль разглядаецца яго скарга, прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў Менску ў тым жа годзе; улады ў Беларусі не апублікавалі дакладную дату. Камітэт прыйшоў да высновы, што, не выканаўшы просьбу аб прыняцьці часовых мер, Беларусь парушыла свае абавязацельствы як дзяржавы-ўдзельніцы Першага Факультатыўнага пратаколу да МПГПП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG