Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі: «За намі Бог, таму ўсё, што мы робім, — гэта правільна» 


Будынак МЗС Беларусі ў Менску. Архіўнае фота
Будынак МЗС Беларусі ў Менску. Архіўнае фота

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Ігар Назарук на чарговым пасяджэньні Кансультацыйнай рады ў справах беларусаў замежжа 7 сьнежня выказаў упэўненасьць у слушнасьці крокаў уладаў.

Намесьнік міністра замежных справаў Ігар Назарук сабраў удзельнікаў нарады, каб паінфармаваць «пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і вакол яе», піша БелТА.

«Для таго, каб вы атрымалі аб’ектыўную ацэнку. Не апрацаваную сродкамі масавай інфармацыі ў вашых краінах ці з падачы пэўных куратараў, а для таго, каб вы грунтаваліся на той інфармацыі, якая сапраўды заслугоўвае ўвагі. Больш за тое, наколькі мне даносяць інфармацыю, у асобных краінах проста ўключаецца рэжым маўчаньня. Раней хаця б дрэнна гаварылі, а зараз проста як быццам нас не існуе. Вы ведаеце, мы ня лепшыя за іншых — Беларусь. Мы ня горшыя за іншых. Мы — іншыя. Мы ідзем сваім шляхам, у нас свой лёс. За намі Бог, і таму ўсё, што мы робім, — гэта правільна».

Назарук падкрэсьліў, што дыпляматычныя прадстаўніцтвы наўпрост працуюць зь беларусамі замежжа і дыяспарай.

«Мы забясьпечваем, па-першае, сувязь нашых людзей, якія з тых ці іншых прычынаў апынуліся за межамі Радзімы. Зь іншага боку, мы забясьпечваем пераемнасьць пакаленьняў, перадаем у эстафэце нашы традыцыі, веды, культурныя і іншыя каштоўнасьці. Мы пастаянна дзелімся з нашымі суайчыньнікамі найноўшай інфармацыяй і зьвесткамі аб падзеях, якія адбываюцца ў нас у краіне, каб у іх было дакладнае і аб’ектыўнае ўяўленьне пра рэальнасьць. А не пра тое, як часам у асобных краінах ці групе краін даносяць з пэўнымі прапагандысцкімі мэтамі», — сказаў прадстаўнік МЗС.

Нядаўна пра асаблівы шлях Беларусі зноў заявіў Лукашэнка, які чарговы раз пахваліўся посьпехамі краіны ў змаганьні з каранавірусам.

Паводле дэпартамэнту статыстыкі Эўразійскай эканамічнай камісіі, насельніцтва Беларусі за два гады скарацілася на 154 735 чалавек, на пачатак 2022 году ў Беларусі жылі 9 255 524 чалавекі, што амаль на мільён меней, чым у 1994-м, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Восеньню 2022 улады анансавалі завочныя суды над шэрагам палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якія пакінулі Беларусь з прычыны палітычнага перасьледу. У Беларусі на 7 сьнежня 1441 палітвязень, прызнаны праваабарончымі арганізацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG