Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьпяваньне попыту ўнутры сярэдняй клясы? Выйшла новае дасьледаванне пра стан беларускай мовы ў грамадзтве


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пазыцыі беларускай мовы ў якасьці сродку камунікацыі даволі слабыя. Тым ня менш для абсалютнай большасьці беларусаў яна застаецца важнай культурнай каштоўнасьцю.

Пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні, падрыхтаваным Пятром Рудкоўскім і Самуілам Арнейскім для «Банку ідэй».

Як піша Zerkalo.io, заднаго боку, такая сытуацыя дае шанец на пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы, а з другога — стварае для яе дадатковыя рызыкі ў выпадку, калі яе каштоўнасьць пачне занепадаць, лічаць дасьледчыкі.

У Беларусі беларуская мова выконвае камунікацыйную функцыю ў невялікай ступені. Параўнаньне зь пяцьцю іншымі краінамі «Ўсходняга партнэрства» — на базе апытаньня пра мову карыстаньня мэдыярэсурсамі — паказвае, што ў тым, у якой ступені жыхары аддаюць перавагу нацыянальнай мове, Беларусь займае апошняе месца.

Грамадзкае значэньне мовы ў якасьці нацыянальнага ідэнтыфікатара нашмат большае: у залежнасьці ад часу і кантэксту апытаньня ад 15% да 40% рэспандэнтаў схільныя былі прызнаваць нацыянальна-ідэнтыфікацыйную важнасьць беларускай. Тым ня менш мова-як-ідэнтыфікатар прайграе па значнасьці большасьці іншых патэнцыйных ідэнтыфікатараў, такіх як месца нараджэньня, пражываньне ў адной краіне, тэрыторыя, агульнае паходжаньне і іншае.

Тое, наколькі праблемным для беларусаў ёсьць прызнаньне мовы нацыянальным ідэнтыфікатарам, асабліва яскрава відаць у параўнаньні з 33 іншымі эўрапейскімі краінамі: Беларусь апынулася, зноў жа, на апошнім месцы ў пляне прызнаньня ідэнтыфікацыйнай важнасьці нацыянальнай мовы (54%). У Вугоршчыне такіх людзей 98%, сярод суседзяў Беларусі — Літва (92%).

Інакш выглядае справа, калі гаворка ідзе менавіта пра каштоўнасны аспэкт беларускай мовы: наколькі гэтая мова важная як частка культурнай спадчыны або нацыянальны сымбаль.

Павольны рост беларускамоўнага кнігавыдавецтва і выданьня беларускамоўных газэт, які назіраўся цягам мінулай дэкады, прыпыніўся. У першым паўгодзьдзі 2022 году доля беларускамоўных кніг зьнізілася як у пляне колькасьці выданьняў, так і ў пляне накладу. Такое падзеньне, хутчэй за ўсё, зьвязана з палітычнымі чыньнікамі: выдаўцы адчулі на сабе ціск рэпрэсіўнага апарату.

У 2020 годзе ўпершыню за ўсю гісторыю дашкольнага выхаваньня ў Беларусі колькасьць вясковых дашкольнікаў зь беларускай мовай выхаваньня была меншай за колькасьць тых, што выхоўваецца па-расейску. Пры гэтым, аднак, маюцца мінімальныя зрухі да беларускамоўнасьці ў дашкольным (як, зрэшты, і школьным) выхаваньні ў гарадах.

Заслугоўвае ўвагі зьмена русыфікацыйнага трэнду ў гарадзкіх садках і школах: яна назіраецца з 2018 году і можа сьведчыць пра насьпяваньне попыту на беларускую мову ўнутры сярэдняй клясы.

Высновы пра будучы ўплыў на разьвіцьцё беларускай мовы

Хоць беларусізацыйныя праекты не былі асноўным аб’ектам поствыбарных рэпрэсій, усё ж яны таксама пад іх траплялі, пішуць аўтары. Гэта было зьвязана з тым, што беларускамоўныя асяродкі пераважна сымпатызавалі пратэстам і падтрымлівалі іх. Апроч таго, інсьпіраваныя нацыянальным адраджэньнем праекты, як правіла, ня ўпісваліся ў ідэалягічную лінію беларускага рэжыму, якая пасьля выбараў 2020 году стала расейска- і савецкацэнтрычнай, антызаходняй і антыпольскай.

Беларускі ПЭН-цэнтар, які цяпер вымушана дзейнічае за мяжой, налічыў 593 парушэньні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні дзеячаў культуры ў 2020 годзе і 1455 — у 2021-м.

Сытуацыя расейска-ўкраінскай вайны і павышаная падазронасьць Масквы да ўсякіх зрухаў у кірунку ўзмацненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці вядзе да таго, што ў агляднай будучыні дзяржава перастане адыгрываць якую-кольвечы ролю ў пашырэньні камунікацыйных функцый беларускай мовы.

Калі нешта ў гэтым пляне і будзе адбывацца, то за кошт дыяспары, цэркваў, рэшткаў грамадзка-культурных ініцыятыў унутры краіны і індывідуальных асоб, якіх хвалюе лёс беларускай мовы і стан нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG