На тэрыторыі Беларусі 7 і 8 сьнежня правядуць праверку сыстэмы рэагаваньня на акты тэрарызму, піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У гэтыя дні перакрыюць пэўныя дарогі, таксама будзе перасоўвацца вайсковая тэхніка. Плянуюць «ужываньне імітацыйных сродкаў паражэньня ў навучальных мэтах».
Дзяржаўны сакратарыят Рады бясьпекі перапрасіў за магчымыя нязручнасьці, але не ўдакладніў пры гэтым, дзе будзе праверка, якія дарогі перакрыюць і дзе ўжывуць імітацыйныя сродкі паражэньня.
Улады Беларусі з 24 лютага дапамагаюць Расеі пры ўварваньні ва Ўкраіну. Па тэрыторыі дзяржавы перасоўваецца расейская вайсковая тэхніка, расейскія вайскоўцы трэнуюцца і лечацца на беларускай тэрыторыі, ня раз рэгістраваліся вылеты зь Беларусі баявой авіяцыі і ракет для атак на гарады Ўкраіны. Лукашэнка раней прызнаваў, што «Беларусь удзельнічае ў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як у Расеі называюць захопніцкую вайну супраць Украіны, але «нікога не забівае».
Пры гэтым дзяржаўныя ведамствы РБ ня раз абвінавачвалі спэцслужбы Ўкраіны і Польшчы ў рыхтаваньні дывэрсіяў і тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі і агрэсіўнай рыторыцы. У сваю чаргу, украінская выведка заяўляла аб плянах Расеі правесьці ў Беларусі тэракты, каб прымусіць Лукашэнку паўнавартасна ўступіць у вайну.