Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенная выведка Ўкраіны: Расея мае намер учыніць у Беларусі сэрыю тэрактаў, у тым ліку на БелАЭС, каб уцягнуць у вайну


Беларуская АЭС.
Беларуская АЭС.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны Ўкраіны сьцьвярджае, што «найбліжэйшым часам на тэрыторыі Беларусі плянуецца правядзеньне шэрагу тэрактаў — штучна справакаваных тэхнагенных катастроф на аб’ектах крытычнай інфраструктуры».

Украінская ваенная выведка заяўляе, што падобныя інцыдэнты могуць адбыцца на тэрыторыях, якія мяжуюць з краінамі Эўразьвязу і Ўкраінай. Пры гэтым сьцьвярджаецца, што адна з галоўных мэт — Беларуская АЭС у Астравецкім раёне Горадзенскай вобласьці, разьмешчаная непадалёк ад мяжы з Літвой.

«Распрацоўкай і рэалізацыяй „праекта“ займаюцца расейскія спэцслужбы, — гаворыцца ў паведамленьні ГУВ Мінабароны. — У той жа час беларускі КДБ проста пастаўлены ў вядомасьць. Адказнымі за тэракты традыцыйна прызначаць грамадзян краін NATO і Ўкраіны, якія будуць пераапранутыя ў беларускую ваенную форму. Цяпер падразьдзяленьні беларускіх КДБ, МУС і пагранічных войскаў ужо прыведзены ў стан павышанай баявой гатоўнасьці».

«На думку распрацоўшчыкаў „праекта“, усё гэта павінна паскорыць уцягваньне беларускай арміі ў вайну ва Ўкраіне на баку акупантаў. А таксама стварыць неабходную для Крамля грамадзкую думку ў беларускім грамадзтве», — заявілі ва ўкраінскай ваеннай выведцы.

Літва, якая пасьлядоўна крытыкавала будаўніцтва атамнай станцыі пад Астраўцом, перакананая, што БелАЭС небясьпечная, а сам праект зьяўляецца «геапалітычнай зброяй». Беларусь усе прэтэнзіі абвяргае.

  • 21 кастрычніка Ўзброеныя сілы Ўкраіны папярэдзілі, што калі беларуская армія «падтрымае расейскую агрэсію», ёй «адкажуць гэтак жа жорстка, як адказваюць усім акупантам на тэрыторыі Ўкраіны з выкарыстаньнем усяго арсэнала ўзбраеньняў, з нанясеньнем удараў па ваенных абʼектах на тэрыторыі Беларусі».
  • Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG