Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў хворых на рак дзяцей возяць на апраменьваньне ў дарослыя анкацэнтры. Чаму так адбылося і што можна зьмяніць


Свабода расказвае пра складаную сытуацыю зь лячэньнем дзіцячых анкалягічных пацыентаў у Беларусі.

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя М. М. Аляксандрава (РНПЦ АМР) прамянёвую тэрапію атрымліваюць ня толькі дарослыя пацыэнты з анкалягічнымі захворваньнямі, але і дзеці і падлеткі.

Іх прывозяць з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі. Апошнім часам сытуацыя ўскладнілася тым, што ў РНПЦ АМР частка апаратаў для дыстанцыйнай прамянёвай тэрапіі (ДПТ) не працуе.

Да Свабоды зьвярнуліся сваякі пацыентаў. Яны дэталёва апісалі сытуацыю. Мы паспрабавалі разабрацца ў праблеме і папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю былых супрацоўнікаў анкалягічных установаў.

Што такое прамянёвая тэрапія і наколькі яна распаўсюджаная пры лячэньні анкалягічных хваробаў

Прамянёвая тэрапія (радыялёгія) — адзін з самых распаўсюджаных мэтадаў лячэньня анкалягічных захворваньняў. У аснове гэтага мэтаду ляжыць выкарыстаньне высокіх доз выпраменьваньня, каб забіць клеткі пухліны і зьменшыць яе ў аб’ёме. Прамянёвая тэрапія выкарыстоўваецца для лячэньня больш як паловы ўсіх анкапацыентаў.

Прамянёвая тэрапія — гэта працяглае лячэньне. Прызначаны курс — працэдуры пяць разоў на тыдзень на працягу некалькіх тыдняў, а часам і месяцаў. Спыненьне такой тэрапіі альбо яе адтэрміноўка можа адбіцца на выніку лячэньня.

РНПЦ АМР імя М. М. Аляксандрава, куды возяць малых пацыентаў на апраменьваньне, меў наступныя апараты для дыстанцыйнай прамянёвай тэрапіі:

  • чатыры лінейныя паскаральнікі Clinac 2300C/D, Trilogy, Unique, TrueBeam;
  • гама-тэрапэўтычны апарат Theratron;
  • радыётэрапэўтычны комплекс «Гама-нож» (выкарыстоўваецца для лякальнай хірургіі пры пухлінах галавы і чэрапа).

Пацыентаў у асноўным лечаць на чатырох лінейных паскаральніках і гама-тэрапэўтычным апараце.

Акрамя дзяцей і падлеткаў зь дзіцячага анкалягічнага цэнтру, «дарослы» РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі робіць прамянёвую тэрапію для пацыентаў усёй Менскай вобласьці, там таксама лечацца хворыя зь іншых абласьцей Беларусі і зь Менску.

На гэты момант два лінейныя паскаральнікі ў «дарослым» анкацэнтры дэмантаваныя, паколькі іх месца павінны заняць новыя апараты, а ў памяшканьні ідзе рамонт. Адпаведна, ад лета 2022 году там працавалі толькі адзін гама-тэрапэўтычны апарат і два лінейныя паскаральнікі, адзін зь якіх зламаўся ў канцы верасьня.

Чакаецца, што неўзабаве павінны паставіць дэталі для яго рамонту. А пакуль атрымліваецца, што ёсьць толькі адзін лінейны паскаральнік і адзін гама-тэрапэўтычны апарат.

Чаму ў РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі няма апаратаў прамянёвай тэрапіі

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі быў пабудаваны ў 1997 годзе. Калі цэнтар плянаваўся, у ім не было закладзена базы для прамянёвай тэрапіі. Была дамова з «дарослым» РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя М. М. Аляксандрава (які знаходзіцца непадалёку) пра тое, што пацыенты будуць езьдзіць туды на перадпрамянёвую падрыхтоўку і прамянёвую тэрапію разам з радыяцыйнымі анколягамі зь дзіцячага цэнтру. Астатні мэдычны пэрсанал у прамянёвай тэрапіі — тэхнікі, мэдсёстры, дактары сымулятара (прылада, на якой праводзіцца праверка выбраных лячэбных плянаў і разьметка палёў перад апрамяненьнем), рэнтгеналябаранты, спэцыялісты, якія праводзяць фізычныя разьлікі — гэта ўсё супрацоўнікі аддзяленьня «дарослага» РНПЦ АМР.

На працягу 25 гадоў пацыенты цэнтру дзіцячай анкалёгіі атрымліваюць прамянёвую тэрапію ў анкалягічным цэнтры імя М. М. Аляксандрава. Ня так даўно зьявілася інфармацыя, што мае адбыцца рэканструкцыя дзіцячай анкалёгіі і што будуць будавацца новыя карпусы.

Але ці будзе арганізавана ўласная база прамянёвай тэрапіі, як гэта прадугледжваецца пры будаўніцтве падобных мэдычных установаў у суседніх краінах? Паводле досьведу спэцыялістаў у галіне прамянёвай тэрапіі, для якаснай падрыхтоўкі і прамянёвага лячэньня павінна быць сама меней два апараты ДПТ (калі стаіць толькі адзін апарат і ён ламаецца, прамянёвая тэрапія спыняецца), сымулятар, кампутарны тамограф з пэўнымі характарыстыкамі, iншае абсталяваньне і праграмнае забесьпячэньне, навучаны кваліфікаваны мэдыцынскі і інжынэрна-тэхнічны пэрсанал, што дазваляе рэалізаваць сучасныя мэтодыкі апраменьваньня.

Чаму цяпер стала больш складана арганізаваць прамянёвую тэрапію для дзяцей

Каб вырашыць праблему, частку пацыентаў з РНПЦ АМР, якім патрэбна дыстанцыйная прамянёвая тэрапія, адпраўляюць на лячэньне ў Менскі гарадзкі анкалягічны цэнтар (МГАЦ) па дамоўленасьці паміж адміністрацыямі анкалягічных цэнтраў.

І тут праблема яшчэ і ў тым, што ў менскім цэнтры працуюць апараты апраменьваньня ад іншага вытворцы. Справа ў тым, што вырашальную ролю пры прамянёвай тэрапіі займаюць фізычныя разьлікі пры плянаваньні лячэньня канкрэтнаму пацыенту. Калі з аднаго тыпу апарата пераходзіць на іншы, то трэба рабіць новыя разьлікі.

Праблема яшчэ і ў колькасьці апаратаў. Калі ў РНПЦ анкалёгіі, які зьяўляецца вядучай анкалягічнай установай і аказвае спэцыялізаваную дапамогу ня толькі жыхарам Менскай вобласьці, але і ўсёй краіны, было 4 лінейныя паскаральнікі на Менскую вобласьць, то ў Менскім гарадзкім анкалягічным цэнтры — 6 лінейных паскаральнікаў на амаль двухмільённы горад. Суадносіны колькасьці пацыентаў і апаратаў дастаткова розьняцца.

Простая арытмэтыка. Ці хопіць наяўных апаратаў для ўсіх пацыентаў

Сваякі пацыентаў расказваюць, што празь нястачу апаратаў даводзілася затрымліваць лячэньне.

«Ёсьць вялікая колькасьць пацыентаў, але спэцыялісты ня могуць працаваць 24 гадзіны на дзень. Таму апараты працуюць з 8 раніцы да 8 вечара. Пасьпелі ўсіх палячыць — добра. Не пасьпелі — нічога ня зробіш», — расказалі суразмоўцы Свабоды.

Але ж людзі хварэюць, а машыны ламаюцца. Апарат ня можа працаваць бездакорна ўвесь час бяз збояў. Калі цягам дня ёсьць збоі, іх трэба ліквідоўваць.

Што з апаратамі прамянёвай тэрапіі ў іншых гарадах Беларусі

Апараты (лінейныя паскаральнікі) для дыстанцыйнай прамянёвай тэрапіі цяпер ёсьць у кожным абласным цэнтры. У Горадні — два, але пакуль яшчэ яны не працуюць. У Магілёве, Берасьці, Гомлі і Віцебску ёсьць па два-тры лінейныя паскаральнікі ў кожным. Фірмы-вытворцы розныя. У асноўным Elekta (Швэцыя) і Varian (ЗША). У РНПЦ анкалёгіі Varian, а ў МГАЦ — Elekta.

Паводле сусьветнай практыкі, на 1 мільён жыхароў павінна быць прыкладна 5 паскаральнікаў для прамянёвай тэрапіі. Адпаведна, для Беларусі, дзе, паводле апошніх дадзеных, насельніцтва складае 9 255 524 чалавекі , неабходна 45 паскаральнікаў для правядзеньня якаснага і своечасовага лячэньня.

Лягістыка

У РНПЦ дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі і імуналёгіі, які знаходзіцца ў Бараўлянах у Менскім раёне, ёсьць некалькі аддзяленьняў кругласутачнага стацыянару і дзённага знаходжаньня. Для пацыентаў і іх бацькоў зь іншых гарадоў ёсьць дамкі для пражываньня на тэрыторыі клінікі.

На працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў выпрацавалася сыстэма, калі дзяцей лечаць на апаратах дыстанцыйнай прамянёвай тэрапіі ў «дарослым» РНПЦ анкалёгіі. І таму кожны будны дзень аўтамабіль цэнтру робіць некалькі рэйсаў у суседні РНПЦ анкалёгіі — едуць пацыент з адным з бацькоў і дактары.

Колькі дзяцей у сярэднім маюць патрэбу ў прамянёвай тэрапіі штодня

Калі працавалі ўсе апараты, штодня каля 15 пацыентаў з цэнтру дзіцячай анкалёгіі маглі атрымліваць дыстанцыйную прамянёвую тэрапію на лінейных паскаральніках. Цяпер, калі колькасьць апаратаў абмежаваная, сытуацыя ўскладнілася. У выпадку, калі хворыя атрымліваюць лячэньне праз хіміятэрапію, то можна чакаць, пакуль вызваліцца месца на лінейным паскаральніку. Калі лячэньне адбываецца без хіміятэрапіі, пацыентаў (падлеткаў і маладых дарослых) уладкоўваюць у розныя анкадыспансэры краіны для прамянёвай тэрапіі.

Як уплывае чалавечы фактар

Пасьля 2020 году практычна ва ўсіх мэдычных установах Беларусі дактароў звальнялі з палітычных матываў, многія мэдыкі звальняліся самі і зьяжджалі ў іншыя краіны. Гэта працэс працягваецца.

У РНПЦ дзіцячай анкалёгіі насуперак жаданьню калектыву мэдычныя ўлады зьмянілі кіраўніцтва, пасьля чаго на знак пратэсту частка лекараў звольнілася. Мы паглядзелі вакансіі на сайце цэнтру дзіцячай анкалёгіі — там шукаюць лекара-мэтадыста, оталярыгноляга, радыяцыйнага анколяга, рэнтгеноляга, інжынэра, сьлесара, мэдычных сёстраў (начную, дзённую і апэрацыйную) і санітарак.

Брак спэцыялістаў адчуваецца і ў «дарослым» анкалягічным цэнтры. Моцна аголеная служба падрыхтоўкі да прамянёвай тэрапіі (гэта тычыцца вельмі важнай часткі лячэньня — яго дакладнага плянаваньня). Шмат людзей, якія працавалі ў гэтай сфэры, выехалі.

Што адбываецца, калі прамянёвая тэрапія не была зроблена своечасова

Па некаторых лячэбных пратаколах прамянёвая тэрапія пачынаецца пасьля апэрацыі або пэўнай колькасьці блёкаў хіміятэрапіі. Калі даводзіцца чакаць чаргі на апарат апраменьваньня, часам тэрапію пачынаюць пасьля наступных блёкаў хіміятэрапіі. А калі прамянёвая тэрапія ідзе першым этапам лячэньня, то можа быць затрымка. Часам даводзіцца чакаць, пакуль скончыць тэрапію іншы пацыент. Сваякі пацыентаў сьведчаць, што дактары стараюцца круціцца, як могуць, каб прамянёвая тэрапія была пачатая без працяглай затрымкі.

Якая абстаноўка ў РНПЦ дзіцячай анкалёгіі пасьля зьмены кіраўніцтва ў 2020 годзе

Цяпер там шмат маладых супрацоўнікаў, многія зь якіх таксама хутка звальняюцца з розных прычынаў. Назіраецца тэндэнцыя на эканомію.

Ці ёсьць у кіраўніцтва разуменьне, што цэнтру дзіцячай анкалёгіі патрэбны ўласныя апараты прамянёвай тэрапіі?

Суразмоўцы Свабоды спадзяюцца, што такое разуменьне ёсьць і ў найбліжэйшыя тэрміны будзе арганізаваная ўласная база прамянёвай тэрапіі: «Дактары з пацыентамі і іх сваякамі не павінны матацца туды-сюды».

У пляне рэканструкцыі неабходны корпус з памяшканьнямі на апараты ДПТ, перадпрамянёвай падрыхтоўкі; трэба, каб было абсталяваньне і адпаведная арганізацыя ўсяго працэсу, што дазволіць рэалізаваць сучасныя мэтодыкі апраменьваньня. Гэта пытаньне дзяржаўных прыярытэтаў, на што найперш варта накіроўваць сродкі.

Мы паспрабавалі ацаніць, колькі каштуе абсталяваньне для прамянёвай тэрапіі. Гэта даволі складана зрабіць. Цана вагаецца ад 1,5 да 6 мільёнаў даляраў у залежнасьці ад фірмы-вытворцы, камплектацыі і рэалізацыі лячэбных мэтодык.

Людзі, якія даўно працуюць у анкалягічнай сфэры і добра ведаюць службу прамянёвай тэрапіі, кажуць, што на Менскую вобласьць павінна быць больш за чатыры лінейныя паскаральнікі. Калі абапірацца на сусьветны досьвед, то іх павінна быць 7-8, каб адэкватна ўсё працавала. Па магчымасьці паскаральнікі павінны быць ідэнтычныя па сваіх характарыстыках і вытворцы. І нават калі ў клініцы апараты розных вытворцаў (на прыкладзе Берасьцейскага анкадыспансэра з паскаральнікамі Elekta і Varian), то неабходна адзіная сыстэма плянаваньня, якая дазваляе рабіць разьлікі для ўсіх апаратаў без падвойнай працы для лекара і мэдыцынскага фізыка. Бо апараты могуць ламацца, а пацыентаў трэба лячыць, і рэжымы не павінны парушацца, інакш эфэкт апраменьваньня зьніжаецца.

«Выпадзеньне нават малога зьвяна з ланцуга высокатэхналягічнага працэсу цягне за сабой страчаныя месяцы і гады жыцьця пацыента»

Сытуацыю камэнтуе былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі Надзея Пятроўская.

— Прамянёвая тэрапія — гэта адзін з трох асноўных мэтадаў лячэньня анказахворваньняў. Выкарыстоўваецца ён для лячэньня як раньніх, так і прасунутых стадый раку або ў якасьці паліятыву, гэта значыць палягчэньня сымптомаў. Напрыклад, для пацыентак з пачатковай стадыяй раку малочнай залозы прамянёвая тэрапія — гэта магчымасьць вылечыцца пасьля органазахавальнай апэрацыі па выдаленьні пухліны. У гэтым выпадку апраменьваньне зьмяншае рызыку рэцыдыву да мінімуму.

Для жанчын з пухлінамі цела або шыйкі маткі апраменьваньне выкарыстоўваецца з мэтай прадухіленьня цяжкага крывацёку, які можа пагражаць жыцьцю. Для пацыентаў з мэтастатычнай паразай касьцей шкілета — гэта эфэктыўны абязбольвальны сродак. У лячэньні дзіцячых ракаў апраменьваньне ў шэрагу выпадкаў зьяўляецца «краевугольным каменем», які забясьпечваюць посьпех або паразу. Гэты мэтад нельга замяніць ані хірургічнымі, ані іншымі опцыямі.

Варта адзначыць, што прамянёвая тэрапія — гэта ня толькі і ня столькі апаратура, колькі вельмі складаная навукаёмістая тэхналёгія, якая ўключае і навучаньне спэцыялістаў, і тэхнічнае абслугоўваньне, і пастаянны маніторынг бясьпекі, і кантроль якасьці. Гэта даволі спрошчанае апісаньне, а ў рэальнасьці ўсё нашмат складаней. Выпадзеньне нават малога зьвяна з ланцуга высокатэхналягічнага працэсу цягне за сабой страчаныя месяцы і гады жыцьця пацыента, якія можна было выратаваць.

Ва ўмовах сыстэмнага крызісу ў ахове здароўя Беларусі ў першую чаргу цярпяць пацыенты, якім неабходны складаныя высокатэхналягічныя мэтады лячэньня. Я ня вельмі веру, што пабудова новага корпуса і закупка апаратуры для прамянёвай тэрапіі вырашыць праблему ў дзіцячым цэнтры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG