Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мужчыны таксама хварэюць на рак малочнай залозы». Што важна ведаць пра небясьпечную хваробу і як засьцерагчыся


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паразмаўлялі з хірургам-анколягам, мамолягам Дзьмітрыем Мікулічам пра ўплыў стрэсу на разьвіцьцё пухліны, ад’езд спэцыялістаў-анколягаў за мяжу і спробы беларусак лячыцца народнымі мэтадамі.

За 2020 год у сьвеце было выяўлена 2,2 мільёна выпадкаў раку малочнай залозы, 685 тысяч чалавек за год памерлі ад гэтай хваробы. Гэта азначае, што такі від раку — самае распаўсюджанае анкалягічнае захворваньне ў сьвеце, кажа хірург-анколяг, мамоляг Дзьмітры Мікуліч. Доктар раней працаваў у Беларускім рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Цяпер Дзьмітры працуе ў Кіеве, у Verum Expert Clinic.

Дзьмітры Мікуліч
Дзьмітры Мікуліч

У Беларусі за той жа 2020 год выявілі 4150 новых выпадкаў раку малочнай залозы, ад яго загінулі 1296 чалавек. Захворваньне часьцей за ўсё сустракаецца ў беларусак узростам 45–55 гадоў.

«Паводле зьвестак Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, на рак малочнай залозы будзе хварэць кожная 12-я жанчына, ён служыць галоўнай прычынай сьмерці жанчын ад анкалягічных захворваньняў, — кажа спэцыяліст. — На жаль, даволі часта хварэюць жанчыны працаздольнага ўзросту. Вядома, паляпшэньне ўсіх гэтых паказьнікаў магчымае толькі ў выпадку пасьпяховага раньняга выяўленьня хваробы».

«Прыкладна ў палове выпадкаў на рак малочнай залозы хварэюць жанчыны, якія ня мелі нейкага фактару рызыкі»

Доктар адзначае, што рак малочнай залозы ня ёсьць нейкім інфэкцыйным ці бактэрыяльным захворваньнем, ён не перадаецца ад пацыента да пацыента.

«Некаторыя анкалягічныя захворваньні могуць паўстаць з прычынаў, зьвязаных з інфэкцыямі. Напрыклад, рак шыйкі маткі выкліканы папілёмавірусам. Прыкладна ў палове выпадкаў на рак малочнай залозы хварэюць жанчыны, якія ня мелі нейкага фактару рызыкі, з выняткам полавай прыналежнасьці і ўзросту (старэйшыя за 40 гадоў. — РС)».

Чым большы ўзрост жанчыны, тым вышэйшая рызыка захварэць на рак малочных залозаў, кажа доктар. Вось некаторыя фактары, якія таксама павялічваюць рызыку разьвіцьця хваробы.

  • старэйшы ўзрост;
  • залішняя маса цела;
  • шкодныя звычкі (ужываньне алькаголю, курэньне);
  • узьдзеяньне радыяцыі ў мінулым (знаходжаньне на неспрыяльных, забруджаных тэрыторыях, ранейшае лячэньне з прамянёвай тэрапіяй);
  • рэпрадукцыйная гісторыя (раньні пачатак месячных, позьняя мэнапаўза), узрост першай цяжарнасьці (пасьля 30 гадоў);
  • гарманальная тэрапія ў пэрыяд постмэнапаўзы;
  • сямейная гісторыя (наяўнасьць такой хваробы ў сваякоў першай і другой лініі).

«У мужчыны ў норме не павінна быць залозістай тканкі, але калі нешта зьяўляецца, ён гэта выразна адчувае і бачыць»

Мужычыны таксама хварэюць на рак малочных залозаў. Дзьмітры Мікуліч з такімі выпадкамі сутыкаўся.

«На мужчын прыпадае прыкладна 0,5–1% ад усіх выпадкаў раку малочнай залозы, — расказвае лекар. — Дыягностыка і лячэньне ў іх праводзіцца адпаведна тым жа прыкметам вядзеньня захворваньня, што ў выпадку раку ў жанчын. З майго досьведу, мужчыны ня вельмі дысцыплінаваныя пацыенты. Вельмі часта за імі назіраюць іхныя жонкі, самі яны часам саромеюцца расказаць, што ў іх нешта ў грудзях, пайсьці да лекара. Ці проста занятыя працай і свайму здароўю надаюць мала ўвагі».

Але ў выпадку хваробы мужчына выразна адчувае, што нешта ня так, кажа доктар.

«У мужчыны ў норме не павінна быць залозістай тканкі, але калі нешта зьяўляецца, ён гэта выразна адчувае і бачыць, калі надзявае майку ці кашулю. Калі ў жанчыны шмат тлушчавай і залозістай тканкі, то ёй вельмі складана прапальпаваць (выявіць уручную. — РС) нейкае ўтварэньне. У мужчыны ж, калі нават нейкі шарык у 1 сантымэтар зьявіцца, ён ужо лёгка яго намацае. Але зноў жа, мужчынам трэба ведаць сваю спадчыннасьць. Калі сваякі хварэлі, то ёсьць пэўныя аналізы на мутацыю генаў, якія можна здаць і назіраць, рукамі аглядаць сябе».

Мэханізм разьвіцьця раку малочных залозаў дарэшты не вядомы, заўважае доктар.

«На жаль, нават калі б можна было кантраляваць усе фактары рызыкі, якія патэнцыйна нам паддаюцца, — не курыць, ня піць, нарадзіць дзіця да 25 гадоў, не бываць на нейкай забруджанай тэрыторыі, кантраляваць сваю вагу, — то ўсё роўна гэта паменшыла б рызыку разьвіцьця хваробы ня больш чым на 30%, хаця і гэта сур’ёзны паказьнік. Увогуле ніводзін доктар не можа сказаць з дакладнасьцю 100%: «Выконвай то і тое, не рабі гэтага, і ты не захварэеш на рак малочнай залозы».

Прыкметы разьвіцьця раку малочнай залозы

«Часьцей за ўсё самая першая і відавочная прыкмета — калі зьяўляецца вузельчык або шарык у грудзях, нейкае кругленькае ўшчыльненьне, але яно абсалютна не баліць. Калі вы такое знайшлі, трэба тэрмінова зьвярнуцца па кансультацыю да мамоляга, анколяга ці хаця б гінэколяга (калі няма мамоляга ў горадзе), а ён адправіць на дадатковыя дасьледаваньні».

Вельмі важны момант, заўважае доктар, што гэтае ўшчыльненьне ці вузельчык у залозах не баліць.

«Важна зьвяртаць увагу, што калі яно на паверхні, то пачынае дзесьці падцягваць скуру ў сябе, фармуючы на скуры такую ямачку, „пляцоўку“, — гаворыць лекар. — Таксама пры падняцьці рук угару можа мяняцца форма малочнай залозы. Калі ўтварэньне будзе расьці, то малочныя залозы будуць асымэтрычнымі: дзесьці ўшчыльненьне выбухае альбо падцягвае скуру, можа мяняцца форма і выгляд сыска, могуць быць крывяністыя выдзеліны з сыска. У запушчаных стадыях зьяўляецца ацёк скуры, так званы сымптом „цытрынавай скуркі“. Скура грудзей можа пачырванець, стаць цёплай навобмацак, на сысках могуць зьявіцца язвачкі».

«Пачынаючы з 18 гадоў, трэба раз на год рабіць УГД малочных залозаў»

Дзьмітры рэкамэндуе раз на год праходзіць абавязковую кансультацыю ў мамоляга.

«Да гінэколяга жанчыны ходзяць раз на год, тое ж варта рабіць з мамолягам, — раіць экспэрт. — Я таксама рэкамэндую падзяліць гэта на паўгодзьдзі. Напрыклад, у студзені ідзем да гінэколяга, а ў ліпені да мамоляга. Як правіла, гінэколяг глядзіць і малочную залозу таксама, так будзе падвойны кантроль нейкіх ушчыльненняў у залозе».

Доктар адзначае, што варта рабіць усе дасьледаваньні ня там, дзе блізка да дому, а там, дзе прафэсійна займаюцца гэтай праблемай.

«Пачынаючы з 50 гадоў раз на два гады выконваем мамаграфію і УГД малочных залозаў, бо падчас мамаграфіі ў нас не трапляюць у зону сканаваньня падпахавыя лімфавузлы».

«Нейкія травы, грыбы, якія пацыенткі закладваюць сабе ў станік, могуць толькі нанесьці шкоду»

Дзьмітры Мікуліч заўважае, што за час працы даволі часта сутыкаўся з спробамі пацыентаў лекавацца самастойна з дапамогаю народнае мэдыцыны.

«Я ўвесь час сутыкаўся з такім: „Доктар, ці можна мне зрабіць апэрацыю вось у такую дату, бо будзе нейкая квадра месяца“... Пацыенты безупынна спрабавалі падладзіцца пад гэтыя даты, езьдзілі да прадстаўнікоў нетрадыцыйнай мэдыцыны, нейкае яйка качалі па сабе, — расказвае лекар. — З аднаго боку, я людзей разумею: калі яны сутыкаюцца з такой сытуацыяй, яны спрабуюць усімі магчымымі спосабамі дапамагчы сабе. Вельмі часта, на жаль, дзесьці ў рэгіёнах не хапае абсталяваньня, недастатковая кампэтэнцыя лекара, каб ён растлумачыў, чаму гэтага рабіць ня трэба».

Дзьмітры кажа, што падчас працы ў РНПЦ дактары заўсёды доўга расказвалі пацыентам, што можна рабіць, а чаго нельга.

«Мы тлумачылі, што мае пад сабою здаровы сэнс, навуковае абгрунтаваньне, а што, на жаль, можа зрабіць горш. Нейкія травы, грыбы, якія яны закладваюць сабе ў станік, могуць толькі нанесьці шкоду, гэта можа ўскладніць або адтэрмінаваць спэцыяльнае лячэньне, і мы страцім час».

«Рак малочнай залозы зьяўляўся ў жанчын, якія цягам апошніх 5 гадоў былі ў стане стрэсу»

Апошнім часам зьяўленьне раку малочных залозаў у жанчын тлумачаць павышаным стрэсам. Вось што пра гэта думае доктар.

«Ёсьць шмат тэорыяў пра тое, што ня сам стрэс уплывае, а стан, калі ты „загнаны ў кут“, — гаворыць Дзьмітры. — Часта я ў сваёй практыцы сустракаў выпадкі, калі рак малочнай залозы зьяўляўся ў жанчын, якія цягам 10-15 гадоў або апошніх 5 гадоў былі ў стане пастаяннага стрэсу і ня ведалі, як даць яму рады. Напрыклад, хварэе дзіця, памірае каханы, і жанчына гэта ўсё цяжка пераносіць. Мы часта адзначаем, зьбіраючы анамнэз, што захворваньне паўстала на фоне стрэсу».

Але, дадае доктар, гэтая думка цяпер ня мае пад сабой такой моцнай доказнай базы, як сытуацыі з ужываньнем алькаголю, тытуню, прыманьнем замяшчальнікаў падчас гарманальнай тэрапіі ў постмэнапаўзе.

«Нашыя жанчыны як атрымлівалі досыць сучаснае лячэньне, так і будуць атрымліваць»

Дзьмітры Мікуліч кажа, што, нягледзячы на рэпрэсіі, празь якія шмат дактароў былі звольненыя ці вымушаныя зьехаць за мяжу, у РНПЦ ніколі ня будзе дэфіцыту супрацоўнікаў.

«Гэта вельмі прэстыжная, найлепшая ўстанова краіны, там вельмі магутная доктарская і прафэсарская база, там пастаянна праводзяцца нейкія выпрабаваньні, навуковая дзейнасьць, туды імкнуцца трапіць лекары, — кажа экспэрт. — Там праблемаў ня будзе. Як там лячылі, так і будуць лячыць. Зь іншага боку, у рэгіёнах заўсёды былі праблемы, асабліва з вузкімі спэцыялістамі. Але незаменных людзей няма. Хтосьці зьяжджае, на іхнае месца заўсёды прыйдуць маладыя, якія імкнуцца да новых ведаў. Я думаю, што нашыя жанчыны, як атрымлівалі досыць сучаснае лячэньне, так і будуць атрымліваць. Вельмі на гэта спадзяюся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG