Калектыў аўтараў з РНПЦ атрымаў летась дзяржаўную прэмію за цыкль работ «Новыя мэтады дыягностыкі і лячэньня анкалягічных хваробаў у дарослых і дзяцей». Лукашэнка ў сваім рашэньні спаслаўся на высновы камісіі камітэту аб дзяржаўных прэміях.
Свабода патэлефанавала Вользе Алейнікавай і Алегу Суконку і папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю. Абое ня сталі гэтага рабіць.
Разьбіраемся, чаму было прынятае такое рашэньне, што думаюць калегі Алега Суконкі і Вольгі Алейнікавай, і што гэтыя дактары-анколягі зрабілі для разьвіцьця беларускай анкалёгіі.
Алег Суконка. Высокакваліфікаваны хірург-анкаўроляг, дасьведчаны мэнэджар
Алег Суконка, 69 гадоў. Доктар мэдычных навук, прафэсар, заслужаны лекар Беларусі. Скончыў Віцебскі дзяржаўны мэдычны інстытут. Высокакваліфікаваны спэцыяліст у галіне ўралёгіі і анкалёгіі. Быў дырэктарам РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава. Цяпер галоўны пазаштатны анколяг Міністэрства аховы здароўя. Сябра Савету Рэспублікі.
Алег Суконка распрацаваў новыя хірургічныя падыходы да лячэньня ныркава-клеткавага раку, быў першым у Беларусі лекарам, які пасьпяхова правёў экстракарпаральную рэзэкцыю адзінай ныркі, а таксама ўкараніў у практыку некалькі відаў пашыраных і ашчадных для органаў апэрацый пры пухлінах нырак. За пэрыяд працы ў РНПЦ выканаў больш за 3000 апэрацый па анкаўралёгіі, у тым ліку з падвышанай катэгорыяй складанасьці. У часы яго кіраўніцтва РНПЦ анкалёгіі быў абсталяваны найсучаснай апаратурай, тэхнікай і лябараторыямі для лячэньня і дыягностыкі раку.
Увосень 2020 году ў інтэрвію «Народнай Волі» Алег Суконка наступным чынам выказаўся пра былога міністра аховы здароўя, а цяпер старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Караніка:
«З Каранікам у нас асабістая непрыязнасьць. Прычым сур’ёзная. Я лічу, што ён рэдкі, першаступенны дэмагог. Гэта Качанава яго ўвяла... Калі мяне прасілі даць яму характарыстыку, я сказаў: магу напісаць вялікімі літарамі на аркушы, але гэта будзе нядобрае слова. А калі ён прыйшоў у міністэрства, мяне выкінулі бяз права працаўладкаваньня».
Анколяг: «Адной з прычын агіднай помсты заслужанаму лекару магла быць цьвёрдая і справядлівая крытыка Мінздароўя і міністра за ўтойваньне статысткі па COVID-19»
Камэнтуючы цяперашнюю сытуацыю для Свабоды, анколяг, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі Надзея Пятроўская адзначыла найперш, што сапраўдных прычын пазбаўленьня прэміяў яна ня ведае, але можа выказаць здагадку, што «адной з прычын такой агіднай помсты заслужанаму лекару магла быць цьвёрдая і справядлівая крытыка Міністэрства аховы здароўя і канкрэтна міністра за ўтойваньне статыстыкі па ковіду, якую агучыў Алег Суконка».
Што да стаўленьня да пратэстаў мэдыкаў, то, паводле Пятроўскай, адрозна ад акадэміка Мрочака, Алег Рыгоравіч пазначыў у СМІ сваю пазыцыю хутчэй як нэгатыўную.
«Пакінуў сваю пасаду дырэктара РНПЦ ён яшчэ да выбараў, таму малаверагодна, што пратэсты мэдыкаў сталі прычынай пазбаўленьня дзяржпрэміі», — лічыць анколяг.
Пятроўская ня можа згадаць падобнага прэцэдэнту з пазбаўленьнем дзяржаўных прэмій: «Не было такога, каб падобным чынам улада прыніжала паважаных і значных людзей, ні ў савецкі пэрыяд, ні ў пэрыяд перабудовы, ні пазьней», — кажа доктарка.
Надзея Пятроўская адзначае, што анкалёгія і дзіцячая, і дарослая, — вельмі рэсурсазатратныя сфэры мэдыцыны, і посьпехі ў гэтай галіне наўпрост залежаць ад укладаньняў у навучаньне супрацоўнікаў, куплю новага абсталяваньня і прэпаратаў, арганізацыі і камунікацыі ў калектыве.
— Фінансаваньне анкалёгіі было значнае, і арганізацыя была эфэктыўная. Цяпер не магу камэнтаваць стан спраў у РНПЦ, але чэргі на шпіталізацыі, апэрацыі і абсьледаваньні былі і да жніўня 2020-га. Звальненьне мэдыкаў калі ня масавае, то вельмі пераканаўчае, што, безумоўна, адбіваецца на якасьці працы.
Анколяг Надзея Пятроўская адзначае, што Алег Рыгоравіч Суконка быў выдатным хірургам і кіраўніком аддзелу анкаўралёгіі.
— У якасьці дырэктара ён хутчэй быў функцыянэрам, цалкам адпаведным маштабам пастаўленых задач. Даволі жорсткі кіраўнік, які не шкадаваў ні сябе, ні падначаленых. Якім бы ні было маё асабістае стаўленьне да Алега Суконкі, я лічу непрымальным і абуральным падобнае дзеяньне з боку ўлады, якая ня грэбуе ніякімі мэтадамі, каб прадэманстраваць сваю нібыта перавагу. Такі паварот, які б балючы ён ні быў для Вольгі Віталеўны і Алега Рыгоравіча, усё ж сьведчыць аб маштабнасьці гэтых асобаў і іх прынцыповасьці.
Вольга Алейнікава. Заснавальніца дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі ў Беларусі
Вольга Алейнікава, 69 гадоў. Доктар мэдычных навук, прафэсар, навуковец, пэдыятар-анколяг. Былая дырэктарка РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, цяпер — галоўны навуковы супрацоўнік РНПЦ. Скончыла пэдыятрычны факультэт Менскага мэдынстытуту.
Вольга Алейнікава — заснавальніца дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі ў Беларусі. Найбольш значны вынік прафэсійнай дзейнасьці — стварэньне беларускай школы дзіцячай анкалёгіі/гематалёгіі і інтэграванай у міжнародную сетку сыстэмы папуляцыйнай рэгістрацыі дзіцячага раку, а таксама арганізацыя высокаэфэктыўнай службы дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі, якая дазволіла дасягнуць вынікаў сусьветнага ўзроўню ў лячэньні злаякасных новаўтварэньняў у дзяцей.
У 2009 была абраная членам-карэспандэнтам НАН Беларусі — адзіная ў краіне жанчына-мэдык. Мае больш за 500 друкаваных працаў. У 2006 годзе пра яе зьнялі фільм «Рыфмуецца зь любоўю».
Анколяг: «І Алег Суконка, і Вольга Алейнікава не баяліся ўголас гаварыць аб праблемах аховы здароўя»
Пра Вольгу Алейнікаву расказвае анколяг, якая працуе ў РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі. Суразмоўніца пажадала захаваць ананімнасьць (рэдакцыі імя вядомае).
Дакладных прычынаў пазбаўленьня дзяржаўнай прэміі доктарка ня ведае. Паводле яе, гэта можа быць нейкім чынам зьвязана з пратэстамі мэдыкаў, але суразмоўца ня стала б гаварыць пра беспасярэднюю сувязь.
— Вольга Віталеўна — жанчына-лідэр, дама з мужчынскім характарам. Граматная, строгая, прынцыповая кіраўніца. Яна ніколі не была кабінэтным дырэктарам. У складаных выпадках (а іх у дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі досыць шмат) заўсёды брала адказнасьць за рашэньні, за ёй было апошняе слова ў любым кансыліюме. Яна дала шмат інтэрвію ў розныя гады, але «прарывам» стала яе інтэрвію праграме «Взгляд» у эпоху перабудовы, і гэта можна лічыць пунктам адліку ў айчыннай дзіцячай анкагематалёгіі.
Вольга Алейнікава — наватар зь вялікай літары. Нягледзячы на паважны ўзрост, яна адкрытая любым ноў-хаў у навуцы. Асаблівая любоў Вольгі Віталеўны — навуковы аддзел цэнтру. Яе ўменьне вылучаць і браць у цэнтар самую таленавітую моладзь заўсёды ўражвала.
Доктарка расказвае, што два гады таму з уласнага жаданьня Вольга Алейнікава пакінула пасаду дырэктара цэнтру і перайшла ў навуковы аддзел. Паводле анколяга, гэта было ўзважаным і сьпелым рашэньнем чалавека з крытычным мысьленьнем.
— Кажуць, шчасьце — пабачыць плён сваіх шматгадовых намаганьняў. Для Вольгі Алейнікавай галоўнай справай стаў РНПЦ. І для яе было вельмі балючым, калі ў лістападзе 2020 году на пасаду дырэктара быў прызначаны чалавек, які ня мае дачыненьня да дзіцячай анкагематалёгіі. З таго часу з цэнтру сышло 6–7 спэцыялістаў.
Вольга Алейнікава — гэта «олд-скул», чалавек старога гарту, які ведае і разумее пра жыцьцё, пра людзей, многае. Хрушчоўская адліга і брэжнеўскі застой, перабудова, якая падняла жалезную заслону, і 90-я. Вольга Віталеўна — чалавек з абсалютна выразнымі маральнымі прынцыпамі, якая ставіць у разьдзел прыярытэтаў чалавечае жыцьцё. Абое яны, і Алег Суконка, і Вольга Алейнікава характэрныя тым, што не баяліся ні ў якія часы ўголас гаварыць аб праблемах айчыннай аховы здароўя.