Кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская звольнілася пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі. Надзея Пятроўская прыехала ў Чэхію ў межах урадавай праграмы дапамогі Medevac для беларускіх дактароў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў. Па заканчэньні праграмы яна пераехала з Прагі ў Чэскі Крумлаў, дзе працуе анколягам у мясцовым шпіталі.
Сьцісла
- У сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі і адтокам кваліфікаваных кадраў, пераразьмеркаваньнем нагрузкі на пэрсанал, ковіднымі абмежаваньнямі якасьць дапамогі анкапацыентам зьнізілася, а праграмы раньняга выяўленьня анкапаталёгіі працуюць хутчэй фармальна.
- Рак лёгкага, рак кішэчніка і рак малочнай залозы займаюць вядучыя пазыцыі ва ўсім сьвеце. Гэта «хваробы ладу жыцьця», як і сардэчна-сасудзістыя захворваньні.
- Заключэньне пад варту з палітычных матываў анкапацыента і абмежаваньне доступу да спэцыялізаванай дапамогі — вельмі вытанчанае катаваньне.
- Вакцынавацца варта ўсім, а асабліва пацыентам з анказахворваньнем. Ёсьць нешматлікая група пацыентаў, у якіх карысьць ад вакцынацыі не даказаная. Гэта пацыенты пасьля трансплянтацыі касьцявога мозгу і пацыенты, якія атрымліваюць імунатэрапію.
«У пэрыяд палітычнага крызісу энтузіязму аказалася недастаткова для падтрыманьня наладжанай працы»
— Кожны можа захварэць на рак. Гэта зьвязана з паляпшэньнем узроўню дыягностыкі і павелічэньнем працягласьці жыцьця. Апошнім часам да гэтых двух фактараў дадаліся пандэмія і татальныя рэпрэсіі ў Беларусі. Давайце пачнём з рэпрэсій. Якая тут сувязь з анкалягічнымі хваробамі?
— Безумоўна, службай анкалягічнай дапамогі ў Беларусі можна было ганарыцца. Выбудоўвалася яна доўга і старанна з прымяненьнем досьведу заходніх і расейскіх калегаў на падставе сумленнай і адкрытай статыстыкі анказахворваньняў у краіне. У сыстэму анкалягічнай дапамогі актыўна «ўкладалася» дзяржава, і функцыянавала яна ня толькі на энтузіязьме асобных кіраўнікоў і камандаў, але і на прадуманым мэнэджмэнце.
У пэрыяд палітычнага крызісу, калі кардынальна зьмяніліся прыярытэты кіраваньня, энтузіязму аказалася недастаткова для падтрыманьня наладжанай працы. У сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі і ўсё большым адтокам кваліфікаваных кадраў з мэдычнай галіны, пераразьмеркаваньнем нагрузкі на пэрсанал, абмежаваньнямі, абумоўленымі пандэміяй COVID-19, якасьць аказаньня дапамогі анкапацыентам зьнізілася, а праграмы раньняга выяўленьня анкапаталёгіі працуюць хутчэй фармальна.
— Якая ў такіх умовах павінна быць прафіляктыка? Якія дзеяньні, дасьледаваньні магчыма рабіць нават у такіх умовах?
— Роля грамадзкай сыстэмы аховы здароўя ў папярэджаньні анкалягічных захворваньняў далёка ня самая галоўная. Лад жыцьця дарослых і фармаваньне звычак, накіраваных на здаровы лад жыцьця ў дзяцей, — гэта адказнасьць саміх людзей. Вядома, для раньняга выяўленьня анкапаталёгіі і якаснага лячэньня важна зладжаная супраца розных зьвёнаў сыстэмы аховы здароўя і пацыентаў. Для разьвіцьця неабходныя навуковыя дасьледаваньні, а для творчасьці важная свабода і сумленнасьць. Цяпер, у існуючых умовах, гэта як «прайсьці праз вушка іголкі». Тымі, у каго атрымліваецца прасоўваць навуку і разьвіваць ахову здароўя, я не стамляюся захапляцца.
— Як выглядае Беларусь у сьвеце паводле ўзроўню разьвіцьця анкалёгіі, што ў нас нароўні з разьвітымі краінамі, у чым адстаём?
— На прыкладзе Чэхіі, дзе я цяпер працую, магу сказаць, што тут даступныя самыя перадавыя тэхналёгіі ў дыягностыцы і лячэньні анказахворваньняў на ўзроўні абласных цэнтраў, а ў Беларусі такія магчымасьці ёсьць толькі ў галаўных установах і навукова-практычных цэнтрах.
«На сёньняшні дзень слабое месца — адсутнасьць выбару вакцынаў»
— Якія анкахваробы тыповыя для беларусаў?
— Статыстыкай анказахворваньняў у Беларусі за апошнія пару гадоў я не валодаю, але ня думаю, што яна істотна адрозьніваецца ад сусьветнай. Рак лёгкага, рак кішэчніка і рак малочнай залозы займаюць лідзіруючыя пазыцыі ва ўсім сьвеце. Гэта «хваробы ладу жыцьця», роўна як і сардэчна-сасудзістыя захворваньні. Таму яшчэ раз падкрэсьлю важнасьць сьвядомага стаўленьня да свайго здароўя.
— Як пандэмія паўплывала на анкадапамогу ў Беларусі?
— На сёньняшні дзень слабыя месцы — адсутнасьць выбару вакцынаў, дэфіцыт супрацьвірусных прэпаратаў (Ремдэсівір / Веклуры), інгібітараў JAK-кіназ (Барыцыцініб) і монакланальных антыцелаў, якія выкарыстоўваюцца ў пацыентаў з высокай рызыкай цяжкага цячэньня каранавіруснай інфэкцыі. Анкапацыенты адносяцца якраз да гэтай катэгорыі.
«Работнікам пэнітэнцыярных устаноў трэба памятаць, што катаваньне — гэта злачынства супраць чалавечнасьці, у якога няма тэрміну даўнасьці»
— Вельмі важная тэма — анкалягічная дапамога за кратамі, яе даступнасьць, своечасовая дыягностыка. Ёсьць дзясяткі выпадкаў хворых за кратамі, якія ня могуць атрымаць найперш дыягностыку і, адпаведна, дапамогу... Як гэта адбывалася раней і як можна кваліфікаваць неаказаньне анкалягічнай дапамогі зьняволеным?
— Захаваньне мінімальных стандартаў утрыманьня зьняволеных — гэта гуманітарная канцэпцыя, прапісаная ў Правілах Нэльсана Мандэлы (паводле іх дзяржава мае абавязак прадстаўляць зьняволеным мэдыка-санітарнае абслугоўваньне, а адносіны паміж мэдычнымі спэцыялістамі і зьняволенымі павінны рэгулявацца тымі ж этычнымі і прафэсійнымі стандартамі, якія прымяняюцца да пацыентаў у грамадзтве) і ў Хэльсынскай Дэклярацыі. Усё, што тычыцца правоў чалавека, цяпер трактуецца дзейнай уладай як экстрэмізм. Заключэньне пад варту з палітычных матываў онкапацыента і абмежаваньне доступу да спэцыялізаванай дапамогі — гэта вельмі вытанчанае катаваньне. Работнікам пэнітэнцыярных устаноў трэба памятаць, што катаваньне — гэта злачынства супраць чалавечнасьці, у якога няма тэрміну даўнасьці.
«Першае, чаго б я пажадала б дзеля папярэджаньня сур’ёзных захворваньняў, у тым ліку анкалягічных, — гэта перастаць баяцца»
— У Беларусі новая хваля каранавірусу. Чаму анкахворым варта рабіць прышчэпку ад ковіду найперш? Як пераносяць анкахворыя каранавірус?
— Вакцынавацца варта ўсім, а асабліва пацыентам з анказахворваньнем. Ёсьць нешматлікая група пацыентаў, для якіх карысьць ад вакцынацыі не даказаная. Гэта пацыенты пасьля трансплянтацыі касьцявога мозгу і пацыенты, якія атрымліваюць імунатэрапію. Тым ня менш рызыкі непажаданых наступстваў ад вакцынацыі нашмат меншыя, чым рызыка цяжкага цячэньня інфэкцыі і верагоднасьць сьмерці ад ковіднай пнэўманіі.
— Якія парады анколяга Надзеі Пятроўскай у справе прафіляктыкі анкахваробы?
— Першае, чаго б я пажадала суайчыньнікам дзеля папярэджаньня сурʼёзных захворваньняў, у тым ліку анкалягічных, — гэта перастаць баяцца. Страх — гэта моцная дэструктыўная эмоцыя, якую можна і трэба кантраляваць. Нельга дазваляць страху кіраваць вашым жыцьцём.
Далей, больш мець стасункаў і абдымацца кожны раз, калі ёсьць такая магчымасьць. Сацыяльная актыўнасьць — важны фактар якасьці і працягласьці жыцьця.
Атрымлівайце задавальненьне ад магчымасьці рухацца. Танцуйце, бегайце, хадзіце са скандынаўскімі палачкамі, і зноў жа — лепей з аднадумцамі.
Пазьбягайце курэньня і пераяданьня, нават калі вельмі хочацца.
Ня грэбуйце штогадовымі прафіляктычнымі аглядамі. Гэта, да таго ж, магчымасьць пагутарыць з разумным чалавекам, няхай і стомленым, які, хутчэй за ўсё, на вашым баку.