«Раней мы апублікавалі лічбу, разьлічаную сумесна з Эўрапейскай камісіяй і ўкраінскім урадам. Колькі трэба грошай, каб адбудаваць Украіну, а таксама прывесцы яе да эўрапейскіх стандартаў, напрыклад, у пляне энэргаэфэктыўнасьці? На пачатак чэрвеня гэта было каля 350 млрд эўра», — заявіла Бʼерда.
Яна дадала, што цяпер гэтая лічба значна павялічылася: «Гэта дакладна рост да 500-600 млрд эўра».
Па словах віцэ-прэзыдэнта Сусьветнага банка, для аднаўленьня Ўкраіны патрэбен вялікі плян тыпу «пляну Маршала», і гэта павінна быць «спалучэньне дзяржаўных і прыватных грошай».
Камэнтуючы наступствы расейскіх ракетных абстрэлаў для функцыянаваньня ўкраінскай прамысловасьці, віцэ-прэзыдэнт заявіла, што «ўкраінцы праводзяць выдатную працу, аднаўляючы разбуранае». Аднак, калі так будзе працягвацца, Украіна можа сутыкнуцца з недахопам запчастак.
«Таму мы працуем з іншымі партнэрамі над экстранай дапамогай, каб прадставіць як абсталяваньне, так і ліквіднасьць для прадаўжэньня рамонтных работ», — канстатавала яна.
Бʼерда расказала, што да пачатку нападаў на грамадзянскую інфраструктуру ў Сусьветным банку прагназавалі падзеньне ВУП Украіны ў 2022 годзе на 35%, аднак зараз гэты паказчык можа быць большым.
«Напэўна, гэта будзе бліжэй да 40%. Без інфраструктуры няма эканомікі, а значыць няма падатковых паступленьняў для ўкраінскай дзяржавы. Гэта вельмі трывожная сытуацыя», — адзначыла віцэ-прэзыдэнт СБ.
Яна таксама зьвярнула ўвагу на катастрафічныя гуманітарныя наступствы расейскай вайны супраць Украіны: "Да канца 2022 года ва Ўкраіне восем мільёнаў чалавек будуць жыць за рысай беднасьці. Узровень беднасьці вырасьце з двух да 25%.
Эўразьвяз абʼявіў аб плянах выдзеліць Украіне 18 мільярдаў эўра ў 2023 годзе.
Прэмʼер-міністар Дзяніс Шмыгаль на пасяджэньні ўрада 18 лістапада паведаміў, што Ўкраіна з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі атрымала больш за 23 мільярды даляраў міжнароднай фінансавай дапамогі.