Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выдзеляць Украіне $53 млн на электраабсталяваньне


ЗША абвясьцілі аб выдзяленьні $53 млн на куплю электрасеткавага абсталяваньня для Ўкраіны, каб дапамагчы Кіеву аднавіць энэргетычную інфраструктуру краіны пасьля расейскіх ракетных удараў.

«Гэты рыштунак будзе апэратыўна дастаўлены ва Ўкраіну ў экстраным парадку, каб дапамагчы ўкраінцам перажыць зіму», — цытуе заяву Дзярждэпартамэнту «Голас Амэрыкі». У пакет для Ўкраіны будуць уваходзіць разьмеркавальныя трансфарматары, аўтаматычныя выключальнікі, разраднікі для абароны ад перанапружаньня і іншы рыштунак.

Гэтая дапамога зьяўляецца дадаткам да ўжо выдзеленых ЗША $55 млн на экстраную падтрымку энэргетычнага сэктару Ўкраіны, каб дапамагчы аднавіць аварыйнае электразабесьпячэньне і цеплазабесьпячэньне мясцовых муніцыпалітэтаў, якія пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў.

З моманту пачатку расейскага ўварваньня ЗША далі Ўкраіне каля 32 мільярдаў даляраў дапамогі, у тым ліку 145 мільёнаў даляраў на рамонт, тэхнічнае абслугоўваньне і ўмацаваньне ўкраінскага энэргетычнага сэктару.

Тым часам міністры замежных спраў краін NATO, якія 29 лістапада сабраліся ў Румыніі на двухдзённы саміт, выступілі з заявай, у якой гаворыцца, што пастаянныя атакі Расіі на ўкраінскія цывільную інфраструктуру і энэргетычныя сеткі «пазбаўляюць мільёны людзей элемэнтарных паслуг». Яны паабяцалі ў заяве, што краіны NATO дапамогуць Украіне ў аднаўленьні яе энэргетычнай інфраструктуры і абароне людзей ад ракетных атакаў.

Паводле ацэнак «Укренерго», пасьля інтэнсіўнага ракетнага ўдару, нанесенага 15 лістапада, ва Ўкраіне «практычна не засталося непашкоджаных цеплавых і гідраэлектрастанцый, а таксама вузлавых падстанцый».

Пачынаючы з кастрычніка, Расея наносіць буйнамаштабныя ўдары па ўкраінскай інфраструктуры электраперадач і цеплазабесьпячэньня. На думку Вашынгтону, гэта наўмысная кампанія, каб прычыніць шкоду цывільнаму насельніцтву і, такім чынам, гэта ваеннае злачынства, адзначае «Голас Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG