Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадказаньні міністра Макея. Як былі пахаваны рэшткі рэпутацыі чалавека, зь якім многія зьвязвалі надзею на лібэральныя рэформы


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Той Уладзімер Макей, якога лічылі лібэралам, застаўся ў мінулым. Хоць і раней пад ягоным добра скроеным цывільным гарнітурам пры ўважлівым позірку заўжды можна было разгледзець пагоны палкоўніка спэцслужбаў.

Уладзімер Макей — чалавек праніклівы і інфармаваны. Напрыклад, тое, што ў Беларусі цалкам зьнішчаць грамадзянскую супольнасьць, «пра якую так клапоцяцца эўрапейскія партнэры», ён дакладна спрагназаваў роўна год таму, 11 красавіка 2021 года, за некалькі месяцаў да масавых пагромаў і арыштаў.

Яшчэ існавалі ў Менску офісы «Вясны» і Радыё Свабода, яшчэ працавалі на вуліцах беларускіх гарадоў рэпартэры «Нашай нівы» і «Tut.by», яшчэ дзейнічалі Таварыства беларускай мовы і Беларуская асацыяцыя журналістаў... І вонкава нібыта нішто не паказвала на тое, што махавік рэпрэсій амаль праз год пасьля ўзрушэньняў 2020-га ня толькі не замарудзіцца, а наадварот, набярэ вялізныя абароты. А Макей ужо тады пра гэта ведаў. І не сумняваўся, што пазыцыі Лукашэнкі застануцца непахіснымі:

«Давайце не паўтараць памылак мінулага. Рэжым моцны, дужы, і ён выстаіць. Таму трэба выстройваць зь ім адносіны, зыходзячы з гэтага фактару. І ня трэба імкнуцца арганізоўваць тут нейкія рэвалюцыі. Ні да чога добрага гэта не прывядзе. Больш за тое, гэта прывядзе адназначна, калі далей будзе нагнятацца сытуацыя, да таго, што ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы эўрапейскія партнэры».

Міністар з чалавечым абліччам

За тыя дзесяць гадоў, што Макей узначальвае беларускае МЗС, мы бачылі яго розным. Адзін час нават здавалася, што ён заставаўся адзіным прабеларускім і празаходнім дзеячам зь яўнай сымпатыяй да дэмакратычных каштоўнасьцяў у тым шэрым безаблічным шэрагу бязмоўных істотаў, якія ўвасаблялі сабой лукашэнкаўскі рэжым. Згадваецца, як пасьлядоўна ён абараняў нацыянальныя інтарэсы і незалежнасьць Беларусі падчас вострага сутыкненьня з нахрапістымі атакамі расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча ўвесну 2019 года (і перамог у тым клінчы). Як не бяз посьпеху шукаў і знаходзіў альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты ў адказ на шантаж Масквы. Як філігранна выстройваў адносіны з Украінай і Захадам у той двухсэнсоўнай сытуацыі, у якой Беларусь апынулася пасьля 2014 года. І ўдала, вынікова выстройваў. Цяпер у гэта зь цяжкасьцю верыцца, але быў час, калі публічным выступам Макея, прамоўленым на выдатнай беларускай мове, мог бы пляскаць у ладкі нават самы заўзяты прыхільнік БНФ — настолькі прабеларускімі, прадэмакратычнымі яны былі.

Уладзімер Макей і кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў. Масква, чэрвень 2021 году
Уладзімер Макей і кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў. Масква, чэрвень 2021 году

Але той Уладзімір Макей, выглядае, застаўся ў мінулым. Цяпер мы бачым зусім іншага Макея. Зрэшты, ён заўсёды заставаўся на баку таго, за кім сіла. А пад ягоным добра скроеным цывільным гарнітурам пры ўважлівым позірку заўжды можна было разгледзець пагоны палкоўніка спэцслужбаў.

Яшчэ год таму ён у гэтай сіле рэжыму, ягонай непатапляльнасьці і здольнасьці выжываць у любых умовах ні кроплі не сумняваўся. На працягу двух дзесяцігодзьдзяў ён сам быў сьведкам і ўдзельнікам таго, як гэтая тактыка не давала збою.

Лукашэнка ніколі не зважаў на тое, што падумаюць ці скажуць пра зробленае ім на Захадзе. Ён быў перакананы, што рэакцыя заўсёды будзе асьцярожная, абачлівая, памяркоўная. Што абыходзіцца зь ім будуць паводле тых жа лібэральных чалавечных законаў, паводле якіх яны жывуць самі. Лібэральны «гнілы» Захад для яго заўсёды заставаўся зборышчам аморфных і нерашучых палітыкаў «безь яец», якіх у любы момант можна паставіць перад фактам, нахрапам дасягаючы любых сваіх мэтаў.

Сутыкнуўшыся зь «пякельнымі» санкцыямі

І раптам усё зьмянілася. Захад нібы ўпершыню даведаўся пра тое, што ў барацьбе з дыктатарскімі рэжымамі можна і трэба выкарыстоўваць іхныя ж мэтады. Што яны разумеюць і паважаюць толькі сілу.

Забаўна назіраць, як, сутыкнуўшыся зь «пякельнымі» санкцыямі, Макей і Лукашэнка з абурэньнем і зьдзіўленьнем спрабуюць апэляваць да законнасьці і прынцыпаў дэмакратыі. Макей у інтэрвію Цэнтральнай тэлевізіі Кітая 14 сакавіка 2022 года: «Яны (санкцыі) супярэчаць здароваму сэнсу і ўсім дэмакратычным каштоўнасьцям, якія заходнія краіны спрабавалі навязаць нам, ды і ўсёй плянэце, на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў, а можа, нават і стагодзьдзяў».

«Як толькі ўзьнікла неабходнасьць, гэты прынцып (вяршэнства права) топчацца нагамі. І імгненна мяняюцца законы толькі для таго, каб пакараць тую ці іншую краіну, а ў гэтай сытуацыі Беларусь і Расею. Усе законы падладжваюцца пад сытуацыю. Хіба гэта прымальна? Абсалютна непрымальна».

«Пра якую свабоду слова і свабоду выказваньня думак можна гаварыць, калі ў заходніх краінах закрываюцца сродкі масавай інфармацыі, якія спрабуюць данесьці хоць нейкую аб’ектыўную карціну сьвету?»

І гэта гаворыць адзін з кіраўнікоў дзяржавы, пры ўдзеле ці маўклівай згодзе якога катаваньні мірных дэманстрантаў сталі нормай, любая праява іншадумства караецца турмой, а недзяржаўныя СМІ вынішчаныя без суду і сьледзтва. «Дзе ж ваша вяршэнства закону?», — цынічна ўсклікае той самы Макей, пры якім ад правасудзьдзя засталася пустэльня, а адзіным крытэрам законнасьці для любога прадстаўніка ўлады стала паслушэнства перад дыктатарам.

Ужо і Лукашэнка раптам заклапаціўся аб’ектыўнасьцю і дакладнасьцю заходніх мэдыя, якія пішуць пра яго: «Забытыя ўсе прыстойнасьці. Пра нормы журналістыкі, прафэсійную адказнасьць увогуле ніхто не ўспамінае», — заклапочана наракаў ён падчас нарады аб СМІ 25 сакавіка. І пра санкцыі ён ужо загаварыў ня так, як раней, са сьмяшком і паблажліва, а як пра «незаконныя», «несправядлівыя», «сьвінства».

А ўсяго і адбылося, што Захад упершыню за доўгія дзесяцігодзьдзі ў супрацьстаяньні з дыктатарскімі рэжымамі паспрабаваў адказаць на сілу сілай. І гэта вельмі абурыла і зьбянтэжыла іх, бо яны ж даўно лічылі, што сіла — гэта толькі іхны брэнд, іхная манаполія. А доля Захаду — рэагаваць «выказваньнем глыбокай заклапочанасьці». У адказ на што яны толькі глумліва пасьмейваліся.

Ганьба міністра Макея

16 лютага, за тыдзень да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, Уладзімер Макей нечакана склікаў прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой заявіў, што «ніхто на Ўкраіну не зьбіраецца нападаць», што «пасьля манэўраў у Беларусі не застанецца ніводнага расейскага вайскоўца і ніводнай адзінкі баявой тэхнікі Расеі» і абверг усе чуткі пра магчымы напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Ці то ён выконваў спэцзаданьне Масквы, каб увесьці ў зман украінскае кіраўніцтва і зрабіць атаку ў кірунку Кіева нечаканай. Ці ўвогуле паняцьця ня меў, што рэальна адбываецца, і яго не лічылі патрэбным інфармаваць пра тое, што з краіны, за замежную палітыку якой ён адказвае, зьбіраюцца распачаць агрэсію. У любым выпадку, роля, якую яго прымусілі выконваць, ганебная і прыніжальная. І тая прэсавая канфэрэнцыя ў пэўным сэнсе пахавала рэшткі ягонай рэпутацыі — пасьля таго, як на досьвітку 24 лютага расейскія танкавыя калёны пад Гомлем і Нароўляй зламалі ўкраінскія памежныя слупы і пачалі рух на Кіеў і Чарнігаў.

....Сёньня Макей больш не паўтарае, што «рэжым моцны і дужы, ён выстаіць». Ён са скрухай прызнае, што «сёньня Эўропа, у цэлым калектыўны Захад выглядаюць больш моцнымі». І праз год пасьля свайго дакладнага прагнозу пра долю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі робіць іншы прагноз (цытата з выступу Макея 1 красавіка на імпрэзе ў МЗС): «Сёньня зразумела, што сьвет стаіць на парозе вялікіх пераўтварэньняў і магчымых узрушэньняў... Калі табе не пакідаюць іншага выбару, акрамя як існаваць пад чыімсьці дыктатам ці скакаць пад чыюсьці дудку, то, вядома, неабходна абараняцца ўсімі магчымымі сродкамі».

Вельмі двухсэнсоўнае выказваньне міністра — калі ўлічыць тое, чые войскі рэальна кантралююць сёньня беларускую тэрыторыю, пад чыю дудку скача афіцыйны Менск і ў якой кампаніі ён застаўся на міжнароднай арэне, стаўшы саўдзельнікам расейскай агрэсіі.

Зрэшты, на чыім баку ён сам застаецца ў гэтай сытуацыі, Макей палічыў патрэбным удакладніць — з сумным патасам, у якім прадбачацца хуткія ўзрушэньні: «Ведаеце, калі ўжо быць пакараным (у арыгінале па-расейску — „казнённым“. — В.Б.)», ня памятаю, хто гэта сказаў, то лепш быць пакараным за вернасьць, чым за здраду».

Год таму ён прадказваў толькі пакараньне іншых — ніколькі не сумняваючыся, што выносіць прысуды і караць будуць толькі яны самі. Цяпер, выглядае, прыйшло асэнсаваньне таго, што настае іншы час.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG