Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка абвергла паведамленьні пра падрыхтоўку нападу з тэрыторыі Беларусі ў канцы лістапада


Зьнішчаны расейскі такнк ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота
Зьнішчаны расейскі такнк ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абвяргае інфармацыю аб плянах Расеі атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі ў канцы лістапада, якія апошнія дні пашыраюцца ва ўкраінскай інфармацыйнай прасторы.

«Мэта такой інфармацыйнай спэцапэрацыі — справакаваць Украіну перакінуць значную частку войскаў да мяжы зь Беларусьсю, каб аслабіць наступальны патэнцыял Узброеных сіл на ўсходзе і поўдні Ўкраіны, а заадно паказаць беларусам нібыта намеры нашай дзяржавы атакаваць тэрыторыю Беларусі, тым самым правакуючы беларусаў уступіць у вайну», — гаворыцца ў заяве ведамства.

На думку ваеннай выведкі, такія паведамленьні маюць на мэце «пасеяць паніку ва ўкраінскім грамадзтве» і зьяўляюцца «часткай варожых інфармацыйна-псыхалягічных спэцапэрацый». На гэта, паводле выведкі, «ўказвае і той факт, што спачатку ў падобных паведамленьнях адзначалася дата магчымага „ўварваньня“ 25-28 лістапада, а празь некалькі гадзін дата „ўварваньня“ зрушылася на 28-29 лістапада».

Ведамства заклікала грамадзян Украіны «не паддавацца на варожыя правакацыі».

«Сілы абароны Ўкраіны забясьпечваюць надзейную абарону нашых паўночных межаў і гатовыя ў любы момант адбіць атаку ворага. Акрамя таго, (...) паводле зьвестак выведкі, зараз на тэрыторыі Беларусі адсутнічае ўдарная групоўка, якая можа выканаць падобныя задачы», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, імкнучыся прадухіліць магчымы паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі. Войска Расеі ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага з тэрыторыю Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG