У сярэдзіне кастрычніка на асноўныя беларускія палігоны пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі, паўстаюць новыя аб’екты вайсковай інфраструктуры. Некаторыя зь іх падобныя да тых, што існавалі ў Беларусі перад расейскім уварваньнем ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Свабода з дапамогай спадарожнікавага сэрвісу Planet Labs спрабавала разабрацца, што там адбываецца.
Паведамленьні пра актыўнае прыбыцьцё расейскіх вайскоўцаў у Беларусь зьявіліся ў сярэдзіне кастрычніка. 10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў «у сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах „саюзнай дзяржавы“». Таксама ён чарговы раз паўтарыў, што Ўкраіна плянуе нанясеньне ўдараў па тэрыторыі Беларусі — пра гэта Менск нібыта папярэдзілі «празь неафіцыйныя каналы».
15 кастрычніка Міністэрства абароны паведаміла аб прыбыцьці першых эшалёнаў з расейскімі вайскоўцамі, якія «ўваходзяць у склад сумеснай з Расеяй рэгіянальнай групоўкі войскаў».
Дакладная колькасьць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі да гэтай пары невядомая. Аляксандар Лукашэнка назваў лічбу 9 тысяч, украінскія выведка гаворыць пра магчымыя 20 тысяч расейскіх мабілізаваных. Мяркуючы па паведамленьнях у сеціве, у Беларусь збольшага прыяжджае «жывая сіла», людзі, а тэхнікі менш.
31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў праект пагадненьня з Расеяй аб утварэньні расейска-беларускіх вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў узброеных сілаў.
Радыё Свабода паспрабавала разабрацца, што адбываецца на беларускіх вайсковых палігонах. Распазнаць зафіксаваную з дапамогай спадарожніка Planet Labs тэхніку нам дапамог украінскі вайсковы аналітык Міхайла Жырохаў.
230-ты агульнавайсковы палігон «Обуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі (Берасьцейская вобласьць)
На здымках за 31 кастрычніка 2022 году відаць, што на тэрыторыі палігону зьявілася вялікая колькасьць вайсковых намётаў і тэхнікі. Прыбываць яна пачала пасьля 16 кастрычніка.
Уся гэтая вайсковая інфраструктура зьявілася ў пэрыяд ад жніўня да канца кастрычніка.
«Беларускі Гаюн» неаднойчы паведамляў пра прыбыцьцё эшалёнаў з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай на чыгуначныя станцыі ў Баранавічах, а таксама на станцыю «Палонка», што непадалёк ад палігону «Обуз-Лясноўскі».
На здымку вышэй бачым два намётавыя лягеры. Памеры большага — 150×220 мэтраў, гэта больш за два футбольныя палі. Побач зь ім яшчэ адзін намётавы лягер, 90×90 мэтраў. Усяго пастаўлена ня менш за 150 намётаў. Каля іх сама меней 200 адзінак вайсковай тэхнікі, у асноўным гэта грузавыя машыны.
Перад пачаткам вайны ва Ўкраіне на палігоне «Обуз-Лясноўскі» можна было назіраць вельмі падобны да цяперашняга лягер. На здымку ніжэй бачым, што намётаў тады было менш, а тэхнікі больш.
На поўнач ад лягера знаходзіцца аб’ект, падобны да палявога шпіталя памерам 100 на 80 мэтраў, гэта як футбольнае поле.
У самай паўночнай частцы палігону на тэрыторыі вучэбнага цэнтру відаць ня менш як 40 намётаў на агульнай плошчы 100 на 60 мэтраў.
Вайсковы палігон «Рэпішча» пад Асіповічамі (Магілёўская вобласьць)
На спадарожнікавым здымку за 31 кастрычніка на палігоне «Рэпішча» знаходзіцца лягер 50 на 160 мэтраў і ня менш як 35 вайсковых намётаў. Побач стаянка тэхнікі (150 на 150 мэтраў). На ёй відаць грузавікі і некалькі падобных да гаўбіц машын. Яны толькі заяжджаюць на стаянку.
На здымку, зьнятым на дзень раней, відаць, што тэхнікі на траціну менш.
На поўнач ад палігону — станцыя Верайцы. Там стаіць чыгуначны састаў, зь якога згружаюць тэхніку. Частка чыгуначных плятформаў пустая, частка — яшчэ з тэхнікай. На дарозе ў кірунку палігону стаіць калёна вайсковай тэхнікі.
Па ранейшых спадарожнікавых здымках можна заўважыць, што лягер пачынае актыўна расьці, а тэхніка прыбываць пасьля 17 кастрычніка. На здымку за гэты дзень яе яшчэ не відаць.
Вайсковы палігон «Ласьвіда» каля Віцебску
На спадарожнікавых здымках палігону «Ласьвіда» відаць, што намёты там пачынаюць зьяўляцца пасьля 11 кастрычніка. На здымку за 14 кастрычніка яны ўжо ёсьць, зьяўляецца першая тэхніка. Далей лягер толькі павялічваецца.
Вайсковы аэрадром Мачулішчы пад Менскам
Аэрадром «Мачулішчы» апошнім часам часта трапляе ў навіны і паведамленьні людзей у першую чаргу з прычыны разьмешчаных там трох самалётаў-зьнішчальнікаў МІГ-31К Вайскова-касьмічных сілаў Расеі. Яны здольныя несьці гіпэргукавыя ракеты «Кінжал», якія могуць паражаць цэлі ва Ўкраіне, а таксама на адлегласьці 2000 км. Згодна з паведамленьнямі ў тэлеграм-канале «Беларускі Гаюн», гэтыя самалёты нясуць пастаяннае дзяжурства ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Амаль кожны раз пры гэтым у шматлікіх абласьцях Украіны ўводзяць рэжым паветранай трывогі.
На спадарожнікавым фатаздымку за 30 кастрычніка добра відаць гэтыя тры зьнішчальнікі. Побач з адным зь іх якраз стаіць аб’ект, які даўжынёй (7–8 мэтраў) і формай падобны да ракеты «Кінжал». Аб прысутнасьці гэтых расейскіх зьнішчальнікаў і наяўнасьці на аэрадроме аб’ектаў, падобных да кантэйнэраў для захоўваньня ракет «Кінжал», гаворыць і брытанская выведка.
Пра што сьведчыць пабачанае на спадарожнікавых здымках?
Вайсковы аналітык Міхайла Жырохаў падсумоўвае, што фармаваньне групоўкі, пра якую казаў Аляксандар Лукашэнка, «фактычна ўжо пачалося і ідзе даволі хуткімі тэмпамі».
«У Расеі цяпер праблема з палігонамі (у 1990-х большую частку распрадалі), таму яны могуць выкарыстоўваць палігоны Беларусі для трэнаваньня мабілізаваных. Перанавучаньне і фармаваньне новых частак будзе праходзіць у зімовы пэрыяд, а ўвесну 2023 году Расея можа атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі», — лічыць Міхайла Жырохаў.
Паводле вайсковага экспэрта, для наступу на Ўкраіну расейцам патрэбна каля 70 тысяч людзей з танкамі, тэхнікай, боепрыпасамі і гаруча-змазачнымі матэрыяламі. «Таму цяпер мы назіраем толькі пачатак працэсу, далей расейская прысутнасьць у Беларусі будзе павялічвацца».
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах. Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.
- Наш тэлеграм-бот @SvabodaBelarus_bot
- Наш нумар у Signal +380502605369
За дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула ўдзячныя сэрвісу Planet Labs, а таксама праекту «Схемы».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.