Пра гэта РБК распавёў адвакат музыкі Аляксандар Перадрук.
«Замежнага фінансаваньня не знайшлі, але, паколькі ён даваў інтэрвію замежным журналістам, гэта палічылі замежным уплывам. Нібыта яны далі яму пляцоўку для распаўсюджваньня меркаваньня», — сказаў Перадрук.
Макарэвіч стаў першым, каго ўключылі ў Расеі ў сьпіс замежных агентаў не за фінансаваньне, а з прычыны «замежнага ўплыву», зазначае юрыст Павел Чыкаў. Расейскі закон, паводле якога замежным агентам змогуць аб’явіць любога, хто знаходзіцца пад «замежным уплывам», набывае сілу 1 сьнежня.
У выпадку Макарэвіча «замежным уплывам» Міністэрства юстыцыі РФ палічыла яго сакавіцкае інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону і тэлеканалу «Дождь», дзе ён у прыватнасьці выказваўся аб вайне ва Ўкраіне. Таксама Мінюст РФ заявіў, што Макарэвіч у сваім тэлеграм-канале сыстэматычна распаўсюджвае нэгатыўныя камэнтары аб рашэньнях расейскіх уладаў, абвінавачвае іх у ваенных злачынствах і атаясамлівае сучасную Расею і нацысцкую Нямеччыну.
Па стане на 26 лістапада ва ўсе 5 сьпісаў замежных агентаў, якія фармуе Міністэрства юстыцыі РФ, уключаныя больш за 340 грамадзян, СМІ, некамэрцыйных арганізацый і грамадзкіх абʼяднаньняў. Статус замежнага агента абавязвае сярод іншага штоквартальна даваць справаздачу аб руху сродкаў на асабістых рахунках і маркіраваць усе публічныя паведамленьні. За памылкі ў справаздачы ці адсутнасьць маркіроўкі пагражае пакараньне ажно да пазбаўленьня волі.
Нядаўна расейскае заканадаўства ў дачыненьні «замежных агентаў» узмацнілі. У прыватнасьці ім будзе забаронена выкладаць непаўналетнім, быць арганізатарамі публічных мерапрыемстваў, служыць у войску па кантракце і быць сябрамі выбарчых камісій. Любая інфармацыя, зробленая «замежнымі агентамі», будзе забаронена да распаўсюджваньня сярод дзяцей.