Макарэвіч у апошнія гады займаў рэзка антыпуцінскую пазыцыю, за што яго крытыкавалі шмат якія расейскія палітыкі і некаторыя калегі. Яго канцэрты адмянялі ў Расеі, а праўладныя СМІ рабілі яго героем сваіх выкрывальніцкіх прапагандысцкіх кампаній.
У пачатку траўня Макарэвіч паведамляў, што працягвае працаваць над новым музычным матэрыялам, а ў інтэрвію «Настоящему времени» распавёў, што ня хоча «псаваць рэшту свайго жыцьця» чытаньнем навінаў з Расеі і імкнучыся пераканаць тых, хто выступае за вайну з Украінай. «Хто піша літару Z — ды пайшоў ён у дупу», — заўважыў ён. Але, паводле Макарэвіча, ён «працягвае верыць у разумны чалавечы пачатак».
— Я ўсё ж неяк працягваю верыць у разумны чалавечы пачатак. У тое, што наогул прырода імкнецца да гармоніі, мір імкнецца да раўнавагі. Калі гэта парушаецца, у мяне няма слоў, у мяне няма гэтаму тлумачэньня. Я не хачу ў гэта занурвацца.
— І што вы цяпер адчуваеце, калі чытаеце гэтыя навіны пра вайну?
— Мне гэтак жа, як і ў першы дзень, гэта агідна — усё, што магу сказаць.
— А калі вы з Расеі навіны чытаеце?
— Я не чытаю навінаў з Расеі. Колькасьць хлусьні, якая там нясецца, я не хачу нават дакранацца да гэтага.
— Я пад фатаграфіяй, дзе вы з Алай Пугачовай і Барысам Грабеншчыковым, пачытаў камэнтар, у якім напісана, што «гэта людзі, якія заходняй культурай жылі ў Расеі». Гэты камэнтар сабраў шмат лайкаў.
— Я дзесьці месяцы два таму ў сябе ў фэйсбуку адключыў камэнтары, таму што карміць ботаў у мяне няма найменшага жаданьня, а сьвет моцна палярызаваўся. Тыя, хто мяне падтрымліваюць у маіх поглядах і ў маіх пачуцьцях, яны мяне і так падтрымліваюць — я гэта ведаю. А тыя, хто са мной ня згодныя, мне малацікавыя. Я зусім ня маю жаданьня ўступаць зь імі ў дыскусію. Вось і ўсё. Мяне менш за ўсё на сьвеце цікавіць чалавек, які нешта там напісаў пад фатаграфіяй. Хто гэта?
— Вы кажаце, што вас не цікавіць меркаваньне тых, хто ня згодны. Я чытаў у адным з вашых інтэрвію, якое вы далі ўжо тут, у Ізраілі, што вы зь сябрам дзяцінства перасталі размаўляць пасьля пачатку вайны...
— Мабыць, гэта адзіны такі чалавек зь вялікай колькасьці маіх сяброў і знаёмых.
— А неяк можна гэтага пазьбягаць? Гэта пытаньне, якое хвалюе многіх, калі такая палярызацыя грамадзтва.
— Пазьбягаць чаго?
— Адносіны альбо праўда — што выбіраць?
— Пакуль не было ваенных дзеяньняў, пакуль ня гінулі людзі, я цалкам дапускаў, што могуць быць розныя погляды на адны і тыя ж рэчы. Але калі гэта ўсё раптам перарасло ў вайну, а нехта крычыць: «Так і трэба!» — гэтага чалавека я проста закрэсьліваю.
— Але вайна некалі скончыцца...
— Вось калі скончыцца — будзем глядзець, як яна скончыцца і як павядуць сябе тыя, хто сёньня крычаў, што так і трэба.
— А як вы ставіцеся да тых, хто такое крычыць?
— Ніяк. Я стараюся іх не заўважаць. Жыцьцё і так кароткае і сумнае. Я не хачу псаваць рэшту свайго жыцьця, праўда.
— У чым вы цяпер для сябе знаходзіце цікавае?
— Вось адбываецца фэстываль («СловаНова» — НВ). Ён сёлета тут незвычайна прэзэнтабэльны, бо прыехалі цудоўныя паэты, пісьменьнікі, мастакі. Я атрымліваю калясальную асалоду ад таго, што я іх слухаю. Вось яны мне цікавыя. І ўсё жыцьцё былі цікавыя. Я рады, што ёсьць такая магчымасьць і паразмаўляць зь імі, і паслухаць, што яны думаюць наогул пра сьвет.
А хтосьці піша літару Z — ды пайшоў ён у дупу.
— Вы не сутыкаліся на асабістым прыкладзе з тым, што называецца так званай адменай расейскай культуры за межамі Расеі?
— Я не сутыкаўся. Я не магу сказаць, што я шмат цяпер ежджу па сьвеце, але вось мяне запрашаюць з канцэртамі: я зараз паеду на Кіпр, клічуць у Грузію. Напэўна, мяне не запрашалі б, калі б гаворка ішла пра нейкую «адмену» рускай культуры.
— Вы нейкі аналягічны пэрыяд бачыце, кажучы пра расейскую культуру, можа быць, у позьняй савецкай гісторыі краіны? Нешта падобнае, калі быў такі ж раскол і такі ж градус?
— Такога маштабу не было. Але калі ў Прагу савецкія танкі ўваходзілі — была падобная сытуацыя.
Я быў тады, праўда, яшчэ малады і ня мог усебакова ўсё ацаніць. Але думаю, што было шмат падобнага. Але сёньня значна горш. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне, — гэта значна горш па маштабах бедзтва, чым тое, што адбывалася тады ў Празе.
— А з гэтым можна нешта рабіць, каб гэтага расколу і гэтай напругі ў расейскім грамадзтве не было?
— ...Не магу на гэтае пытаньне адказаць. Калі ўлада, якая валодае наймагутнай машынай прапаганды, некалькі гадоў старанна і прафэсійна дамагаецца таго, каб гэты раскол быў. Ці можна неяк гэтаму супрацьстаяць? Я не гляджу тэлевізар, а нехта глядзіць. Я не магу яму забараніць глядзець тэлевізар. Вось і ўсё.
— Вы павесілі ў сябе ў сацсетках песьню пра салдата, якога падманулі. А што рабіць гэтым салдатам, якіх падманулі?
— Я не гатовы даваць парады. Мне падаецца, што ў такіх рэчах кожны чалавек свой выбар робіць сам.
— Мы на канале рабілі такія сюжэты, і там бацька салдата кажа: «Ну а што ён мог зрабіць?» [Мы спыталі:] «А салдат, якога цяпер судзяць ва Ўкраіне, — першы вайсковец расейскай арміі?» І ён кажа: «Ну, ён салдат».
— Я не магу сказаць за яго. З аднаго боку, ён даваў прысягу — я разумею гэта. З іншага боку, выконваць злачынныя загады салдат не павінен. І гэта я разумею. Таму гэта ўсё на сумленьні гэтых людзей. Гэта іх рашэньне.
— Вы разглядаеце такі варыянт, пры якім вы ня вернецеся ў Расею?
— Я наогул пра гэта ня думаю. Я чакаю разьвіцьця падзей, на якія я, на жаль, не магу паўплываць.
— Па чым сумуеце тут больш за ўсё? Чаго вам не стае?
— Я не магу сказаць, што сумую. Я сумую па нейкіх людзях, але многія зь іх зьехалі. Многія, праўда, засталіся. Я сумую па сваіх музыках, я сумую, натуральна, па працы, таму што тут я калі працую, то працую не адзін. Я ўсё ж прызвычаіўся і вельмі люблю працаваць са сваімі камандамі. Таму я проста цешу сябе надзеяй, што хутка мы ўбачымся і будзем сьпяваць разам.