У студзені 2018 году культарганізатар інтэрнатаў студэнцкага гарадку БДУ Вольга Цесакова стала наймаладзейшай дэпутаткай Менгарсавету, ёй тады было 23 гады. У жніўні 2020 году дзяўчына ўжо выходзіла на акцыі пратэсту з плякатам «Дэпутаты супраць гвалту». Яна спрабавала скласьці зь сябе паўнамоцтвы дэпутата, але зрабіць гэта ёй так і не далі.
Свабода пацікавілася ў Вольгі Цесаковай, як склалася яе жыцьцё ў апошнія гады.
«Мая актыўнасьць скончылася летам 2021 году»
У лютым 2021 году дэпутатка прымала ўдзел у працы Ўсебеларускага народнага сходу. Яна мяркуе, што тая падзея стала вызначальнай для далейшага жыцьця краіны. Бо менавіта на УНС прагучалі такія праграмныя моманты, як узмацненьне сілавога блёку, разьвіцьцё адносін з Расеяй, а таксама зьніжэньне супрацоўніцтва з краінамі Захаду.
«Магчыма, мы тады гэтаму не надалі шмат увагі, хаця нас паставілі перад фактам, што будзе адбывацца далей», — кажа Вольга.
На Сходзе быў агучаны намер працягнуць дэпутатам мясцовых саветаў паўнамоцтвы на паўтара года, каб выбары адбыліся адначасова з парлямэнцкімі. Увосень гэтае рашэньне юрыдычна аформілі. Сама Вольга кажа, што плянавала ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасьці памочніцы аднаго з кандыдатаў.
«Я лічыла, што магу быць карыснай сваім досьведам і працягваць заставацца ў тэме мясцовага самакіраваньня. Летам 2021 году грамадзкая актыўнасьць для мяне фактычна скончылася, калі зьліквідавалі НДА, зь якімі я супрацоўнічала. Быў выпадак, што мы арганізавалі лекцыю ў бібліятэцы аб разьдзельным зборы сьмецьця. Ніякай пратэставай актыўнасьці. Але як толькі я дала абвестку ў тэлеграм-канале, то сустрэчу скасавалі цягам гадзіны, а ў бібліятэцы сказалі, што ў іх усё расьпісана на некалькі месяцаў. У нейкі момант я стамілася біцца ў сьценку», — кажа Вольга.
«Цягам году тройчы мяняла месца жыхарства»
На сэсіі Менскага гарсавету Цесакова перастала хадзіць яшчэ ўвесну 2021 году, але дагэтуль яе не пазбавілі мандату.
«Усіх, мабыць, усё задавальняе. Я хацела, каб у маёй акрузе прайшлі перавыбары, але адказвалі, што гэта немэтазгодна. Такая вось кліентаарыентаваная ў нас сыстэма», — кажа дэпутатка.
Зь Беларусі Вольга выехала пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, а таксама рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыі. Спачатку ў Грузію, хоць разглядала гэта хутчэй як адпачынак. Апошнія чатыры месяцы яна жыве ў Варшаве. Ці адчувала дэпутатка небясьпеку ў Беларусі?
«Да ўсяго прывыкаеш. Я ня ведаю нават, як адказаць на гэтае пытаньне. Жыцьцё ж працягвалася, ніхто не адмяняў маю працу, нейкія сямейныя справы. Натуральна, цалкам адчуваць бясьпеку немагчыма. Цягам году я тройчы мяняла месца жыхарства, бачыла ля пад’езду нейкіх „ціхароў“ пасьля рэфэрэндуму. Магчыма, гэта мая параноя, але я ведаю, што за мной прыглядалі. І цяпер ад розных людзей перадаюць „прывет“, кажуць, што памятаюць».
«На Усебеларускім народным сходзе мяне пасадзілі побач з Барсуковым»
Вольга расказвае, што падчас УНС яе пасадзілі побач з памочнікам Лукашэнкі ў Менску, былым намесьнікам міністра ўнутраных справаў Аляксандрам Барсуковым.
«Магчыма, хацелі мяне перавыхаваць. Ён мне паабяцаў паказаць відэа з Акрэсьціна, калі ён там быў у жніўні, маўляў, там нікога ня білі. Гэта былі такія размовы не пра палітычныя тэмы. Былі жартачкі, што я гэтым займаюся, бо асабістае жыцьцё сумнае, трэба мне мужа тэрмінова знайсьці».
Вольга кажа, што нэгатыў у яе адрас ішоў і ад калегаў па гарадзкім савеце, якія напружваліся ад таго, што ім неабходна адказваць на шматлікія запыты, неяк варушыцца. Яна была на сустрэчы з старшынёй сьпікеркай Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай, дзе падняла тэму слабай інфармаванасьці дэпутатаў пра падзеі і захады.
«Калі абмяркоўваўся праект Канстытуцыі, то праходзілі дыскусійныя панэлі ў пытаньнях моладзевай палітыкі. Трапіць з вуліцы туды было немагчыма, але і дэпутату таксама нельга было. Сярэдні ўзрост людзей, што абмяркоўвалі тэму, быў 55+ гадоў. Але маё кіраўніцтва сказала, што такога няма. Калі штораз цябе прылюдна выстаўляюць дурніцай, то маральна гэта няпроста».
У Польшчы Цесакова спачатку разьвязала самыя асноўныя бытавыя пытаньні. Цяпер ужо паціху вяртаецца да грамадзкай дзейнасьці, вядзе ананімна невялікі тэлеграм-канал, у якой аналізуюцца дзейнасьць чыноўнікаў і дзяржаўных СМІ. Таксама Вольга ўваходзіць у рабочую групу праекту «Новай Канстытуцыі», якую ўзначальвае Анатоль Лябедзька.
На думку Цесаковай, апазыцыя сёньня ня так шмат увагі надае непасрэдным праблемам людзей, што знаходзяцца ў Беларусі. Яна кажа, што самі людзі ўсё часьцей пераходзяць на дзяржаўныя СМІ як асноўны сродак атрыманьня інфармацыі.