Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы падатак на «дармаедаў»? Падатковай плянуюць дазволіць правяраць памер «падораных сродкаў»


Антыдармаедзкі пратэст, 5 сакавіка 2017 год
Антыдармаедзкі пратэст, 5 сакавіка 2017 год

Падаткавікі хочуць па-новаму правяраць даходы і выдаткі працаздольнага насельніцтва, не занятага ў эканоміцы. Гэта прадугледжана праектам зьмен у Падатковы кодэкс на 2023 год.

Падатковыя службы хочуць па-новаму праводзіць камэральныя праверкі адпаведнасьці выдаткаў даходам фізычных асоб, якія як мінімум пяць гадоў бесьперапынна лічацца незанятымі ў эканоміцы, а таксама ўключаны ў базу «дармаедаў», піша Zerkalo, адзначаючы, што атрымала праект новых зьменаў.

У студзені ва ўрадзе мелі намер абмеркаваць сытуацыю на рынку працы, а таксама тое, як ідзе работа па пошуку тых, хто «ўтойвае даходы ад падаткаабкладаньня». Гэтыя пытаньні плянуюць абмеркаваць на адным з пасяджэньняў прэзыдыюму Савету Міністраў. Для гэтага прыцягвалі спэцыялістаў міністэрстваў працы, унутраных спраў, надзвычайных сытуацый, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, эканомікі, будаўніцтва і архітэктуры, аховы здароўя, інфармацыі, а таксама аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму.

Зь ліпеня 2017 году падаткавікі могуць супастаўляць сумы расходаў і даходаў фізычнай асобы як за 10 апошніх поўных каляндарных гадоў, так і за мінулы пэрыяд гэтага году. Пры гэтым у іх павінна быць інфармацыя аб перавышэньні кошту маёмасьці і расходаў над даходамі, якія паступілі з законных крыніц, на суму, ня меншую за 500 базавых велічынь (цяпер гэта 16 000 рублёў). Такое перавышэньне можа «набегчы» за некалькі гадоў у суме, і гэта можа стаць падставай для праверкі ад падатковай.

Што новага могуць увесьці?

Для такіх «дармаедаў» чыноўнікі хочуць пры праверцы іхных даходаў і расходаў не ўключаць у грашовыя паступленьні падораныя сродкі, атрыманыя пазыкі, а таксама перададзеныя на захоўваньне грошы. Выключэньне плянуюць зрабіць для такіх даходаў, якія былі атрыманы ад сваякоў, у тым ліку бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясьцёр, бабуль і дзядуляў. Але такія прыбыткі не павінныя быць зьвязаныя з прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

Але і тут жадаюць прапісаць абмежаваньне. Агульная сума такіх грашовых паступленьняў ад сваякоў не павінна перавышаць 100 базавых велічынь (на сёньня гэта 3200 рублёў) на працягу году, у адваротным выпадку давядзецца заплаціць падаходны падатак у 10%. Гэты збор будуць браць з сумы перавышэньня, а заплаціць падатак трэба будзе на працягу 30 дзён пасьля атрыманьня апавяшчэньня аб ім.

З праекту зьменаў у Падатковы кодэкс застаецца незразумелым, ці будуць вяртаць выплачаны падатак пры вяртаньні грошай сваякам. Калі так, то тут у падаткавікоў можа ўзьнікнуць новае пытаньне — адкуль зьявіліся грошы на вяртаньне.

У Беларусі ёсьць так званы «падатак на даўгі». Па ім падаходным падаткам абкладаюцца пазыкі, крэдыты ад іншых фізычных асоб, якія не зьяўляюцца ІП, а таксама ад замежных арганізацый (якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва), замежных ІП. Падатак — 13%. Пры поўным вяртаньні доўгу выплачаны раней падаходны падатак вяртаюць. Калі ж грошы на пакупкі пазычылі блізкія сваякі і гэта адлюстравана ў дэклярацыі аб даходах і маёмасьці, то плаціць падатак ня трэба, незалежна ад сумы пазыкі. Але з «дармаедаў» цяпер жадаюць спаганяць такі падатак.

Падатак на «дармаедзтва»

У 2015 годзе ў Беларусі ўвялі падатак на «дармаедзтва». Тым, хто на працягу каляндарнага году працаваў менш за 183 дні, трэба было заплаціць фіксаваны збор у памеры 20 базавых (на той момант гэта было 360 рублёў у пераводзе на дэнамінаваныя рублі). Некаторых ад гэтага збору вызвалілі, напрыклад студэнтаў дзённых аддзяленьняў, салдатаў тэрміновай службы, маці дзяцей да 7 гадоў; тых, хто жыве за мяжой, і гэтак далей.

За два гады дзеяньня дэкрэту падаткавікі разаслалі 470 000 «лістоў шчасьця», многім паведамленьні прыходзілі памылкова, а заплаціў збор толькі кожны дзясяты адрасат (пасьля выплачаныя сумы сталі вяртаць). У пачатку 2017 году па ўсёй Беларусі праходзілі масавыя «маршы недармаедаў», іх удзельнікаў затрымлівалі і судзілі. Аднак гэта прынесла эфэкт — у сакавіку 2017 спагнаньне збору спынілі на год, а Аляксандар Лукашэнка даручыў дапрацаваць дэкрэт.

Аднак улады толькі прыпынілі ціск на некаторы час. Ужо ў пачатку 2018-га зьявіўся ўказ «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». У ім для «дармаедаў» выставілі новы «штраф» — аплату ў 100% на некаторыя камунальныя паслугі тым, хто мае ва ўласнасьці кватэру. З 1 студзеня 2019 году «дармаеды» пачалі аплачваць па поўным кошце гарачую ваду, пазьней да яе далучыліся таксама ацяпленьне і газ.

Сёлета ў Беларусі паднялі падаходны падатак для тых, хто жыве не па сродках, і зрабілі новаўвядзеньні па дэклярацыях.

З 1 студзеня чыноўнікі адмовіліся ад абавязковага запытваньня дэклярацыі аб даходах і маёмасьці. Раней падаткавікі запытвалі такую інфармацыю ва ўсіх, у каго правяралі выдаткі і прыбыткі. Таксама павялічылі ўдвая суму перавышэньня выдаткаў над даходамі, пры якой падаткавікі запытваюць тлумачэньні, дзе чалавек узяў «лішнія» грошы. Яе паднялі да 500 базавых велічыняў (цяпер гэта 16 тысяч рублёў).

Таксама ўлады павялічылі падаходны падатак з сумы перавышэньня расходаў над даходамі да 20% (раней ён складаў 16%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG