Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване раскрытыкавалі заявы Лукашэнкі пра канфлікт у Карабаху. У Менску параілі армянам «чытаць і перачытваць» Лукашэнку


Будынак Міністэрства замежных спраў Армэніі
Будынак Міністэрства замежных спраў Армэніі

Рэзкія заявы Аляксандра Лукашэнкі ў адрас Нікола Пашыньяна на саміце АДКБ выклікалі вострую крытыку ў Ерэване.

Зварот Аляксандра Лукашэнкі на павышаных танах да прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна на апошнім саміце АДКБ аб сытуацыі вакол Нагорнага Карабаху выклікаў нэгатыўную рэакцыю ў Ерэване.

«Ня лічым дарэчным камэнтаваць бязладныя, неабгрунтаваныя заявы прэзыдэнта Беларусі, якія ня маюць нічога агульнага зь лёгікай перамоў, а таксама не зьяўляюцца саюзьніцкімі і партнэрскімі, ставяць пад сумнеў абавязаньні дзяржавы-ўдзельніцы, падпісаныя ёй у рамках АДКБ», — заявіў прэс-сакратар МЗС Армэніі Ваан Унаньян у камэнтары расейскаму інфармагенцтву ТАСС 2 лістапада.

На словы Унаньяна адрэагаваў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.

«МЗС Армэніі заняў вельмі арыгінальную пазыцыю. Вернасьць сваім саюзьніцкім абавязаньням Беларусь не на словах, а на справе пацьвярджае на працягу ўсёй сваёй гісторыі. У тым ліку і ў цяперашні няпросты момант. Непрафэсійна ставіць пад сумнеў гэты відавочны факт. Калі б іншыя краіны паводзілі сябе гэтак сама, то многіх праблем удалося б пазьбегнуць».

Ацэнку, якую МЗС Армэніі дало выказваньням Лукашэнкі, Глаз назваў запозьненай, падкрэсьліўшы, што беларускі бок «пасьлядоўна выступаў за мірнае ўрэгуляваньне карабаскага канфлікту». Ён рэкамэндаваў сябрам і партнэрам Рэспублікі Беларусь «уважліва чытаць і перачытваць шматлікія выступы» Лукашэнкі аб гэтым «няпростым, але цалкам вырашальным пытаньні».

На пазачарговым саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), што прайшоў 28 кастрычніка з ініцыятывы Армэніі, якая старшынюе ў блёку цяпер, Лукашэнка абвінаваціў прэм’ер-міністра гэтай краіны Нікола Пашыньяна ў нежаданьні дамаўляцца аб мірным урэгуляваньні карабаскага канфлікту. Пры гэтым прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева ён назваў «цалкам нашым чалавекам».

Эмоцыі Лукашэнкі пракамэнтаваў і кіраўнік МЗС Армэніі ў 2018-2020 гадах Заграб Мнацаканьян. Ён назваў заявы Лукашэнкі аб армяна-азэрбайджанскім канфлікце «тупагаловымі меркаваньнямі» і «эмацыйнымі ўсплёскамі беларускага дэспата».

«АДКБ — гэта што заўгодна, толькі не бясьпека яе чальцоў. Беларусь адкрыта ператварае яе ў Арганізацыю калектыўнай бясьпекі для Азэрбайджану», — заявіў Мнацаканьян, які раней быў таксама пастаянным прадстаўніком сваёй краіны пры Радзе Эўропы (2008–2011) і ААН (2014–2018).

«Тупагаловыя меркаваньні і эмацыйныя ўсплёскі беларускага дэспата небясьпечныя тым, што ён імкнецца падцягнуць астатніх да свайго ўзроўню і перадаць ім досьвед. Вядома, у сваім коле ён аддае перавагу „нашаму чалавеку“ з Азэрбайджану. Дыктатары сьвету, яднайцеся!» — напісаў Мнацаканьян у Twitter.

Мнацаканьян бачыць іронію ў тым, што Беларусь, зьяўляючыся чальцом АДКБ, знаходзіцца ў Руху недалучэньня. Паводле яго, любыя мірныя перамовы без вырашэньня пытаньня аб неадкладнай і поўнай дэакупацыі Армэніі — гэта зьдзек зь міру.

«Факт застаецца фактам — сувэрэнная тэрыторыя чальца АДКБ Армэніі застаецца акупаванай Азэрбайджанам», — адзначыў экс-міністар.

Ён падкрэсьліў, што абмеркаваньне Карабаху без уліку рэальнай, адчувальнай, экзістэнцыйнай пагрозы яго народу зьяўляецца «прэлюдыяй да акту дапаможніцтва і падбухторваньня да масавых злачынстваў, якія Азэрбайджан гатовы ўчыніць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG