Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна будзе расьсьледаваць відэа зь меркаваным расстрэлам расейскіх палонных


Віцэ-прэм’ер Украіны Вольга Стэфанішына
Віцэ-прэм’ер Украіны Вольга Стэфанішына

Украіна ўпершыню адрэагавала на відэа, якое распаўсюдзілася ў інтэрнэце, зь меркаваным расстрэлам расейскіх ваеннапалонных. На форуме па бясьпецы ў канадзкім Галіфаксе віцэ-прэм’ер Украіны Вольга Стэфанішына заявіла, што ўлады краіны будуць расьсьледаваць падзею, якая трапіла на відэазапісы.

Яна дадала, што з настолькі кароткіх відэаролікаў (адзін з іх доўжыцца 36 сэкунд і мае сьляды мантажных зьлепак, працягласьць другога — 8 сэкунд. — РС) цяжка адразу зрабіць тыя высновы, да якіх прыйшоў расейскі бок.

Два відэаролікі зьявіліся ў сацыяльных сетках 18 лістапада. На першым з іх бачна, як каля 10 расейскіх салдат выходзяць з дому і з паднятымі рукамі здаюцца ў палон ваеннаслужачым УСУ ў камуфляжнай форме з жоўтымі павязкамі. Па загадзе яны кладуцца на зямлю. На апошніх кадрах з дому выходзіць яшчэ адзін чалавек са зброяй, пачынаецца страляніна, запіс абрываецца. На другім відэа паказаны целы салдат у такой жа форме, побач з некаторымі з іх бачныя сьляды крыві.

Міністэрства абароны Расеі выступіла з заявай, у якой назвала падзеі на відэа наўмысным і мэтадычным забойствам бяззбройных палонных. Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу па факце масавага расстрэлу ваеннапалонных.

Ва Упраўленьні вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) паведамілі, што ўжо ведаюць пра відэаролікі з меркаваным расстрэлам і будуць іх вывучаць. Раней экспэрты ААН апублікавалі даклад аб выпадках жорсткага абыходжаньня з палоннымі абодвух бакоў канфлікту.

Да заявы Стэфанішынай украінскі бок не камэнтаваў відэазапісы. Паабяцаўшы расьсьледаваць інцыдэнт, віцэ-прэмʼер дадала, што Ўкраіна не зацікаўлена ў якіх-небудзь пакараньнях: у яе інтарэсах захоўваць жыцьцё як мага большай колькасьці расейскіх ваеннапалонных, каб абменьваць іх на ўкраінскіх.

Украінскі ўпаўнаважаны па правах чалавека Дзьмітрый Лубінец заявіў, што калі расейскія ваеннапалонныя, як можна заключыць з відэа, заявілі аб намеры здацца ў палон, але потым нехта зь іх адкрыў агонь, то агонь у адказ ня можа лічыцца ваенным злачынствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG