На чатырох фатаздымках, якія суправаджаюць публікацыю, дзяўчынка школьнага ўзросту трымае Кім Чэн Ына за руку і разам зь ім абыходзіць вайсковую тэхніку. Яе статус у матэрыяле ЦТАК ніяк не камэнтуецца і не ўдакладняецца. Гэта першае зьяўленьне дачкі паўночнакарэйскага лідара на публіцы.
Падчас інспэкцыі выпрабаваньняў новай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын паабяцаў супрацьстаяць ядзерным пагрозам ЗША з дапамогай ядзернай зброі, паведамляе Reuters са спасылкай на ЦТАК.
КНДР правяла выпрабаваньні міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты «Хвасон-17» у пятніцу 18 лістапада, на наступны дзень пасьля папярэджаньня пра «больш жорсткі ваенны адказ» на ўзмацненьне Вашынгтонам сваёй рэгіянальнай прысутнасьці ў галіне бясьпекі, уключаючы ядзерныя сродкі.
«Кім Чэн Ын урачыста заявіў, што калі ворагі прадоўжаць ствараць пагрозы... наша партыя і ўрад рашуча адрэагуюць на ядзерныя ўдары ядзернай зброяй, а на татальную канфрантацыю — татальнай канфрантацыяй», — паведаміла агенцтва ЦТАК.
Запуск ракеты Hwasong-17 быў часткай «прыярытэтнай абароннай стратэгіі КНДР», накіраванай на стварэньне «самага магутнага і абсалютнага ядзернага стрымліваньня», заявіла ЦТАК.
Як паведамляе агенцтва, ракета праляцела амаль 1000 км на працягу прыкладна 69 хвілін і дасягнула максымальнай вышыні 6041 км. Міністар абароны Японіі Ясукадзу Хамада заявіў, што гэтая зброя можа праляцець да 15 000 км, што дастаткова для дасягненьня кантынэнтальнай часткі Злучаных Штатаў.
У 2022 годзе КНДР правяла ўжо рэкордную колькасьць выпрабаваньняў балістычных ракет.