На думку экспэртаў ISW, працяг таемных мабілізацыйных мерапрыемстваў і патэнцыйная падрыхтоўка да наступнай хвалі мабілізацыі ў тандэме зь бягучым восеньскім прызывам могуць стварыць значную нагрузку на і без таго перагружаны расейскі апарат фармаваньня Ўзброеных сіл.
Аналітыкі нагадваюць, што раней у Крамлі заяўлялі, што прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ня трэба падпісваць указ аб фармальным спыненьні тэрміну мабілізацыі. На думку ISW, Пуцін, імаверна, загадаў спыніць так званую частковую мабілізацыю, каб вызваліць бюракратычныя і адміністрацыйныя магчымасьці для прызыву.
«Аднак відавочна, што расейскія ўлады ніколі цалкам не спынялі мабілізацыйныя намаганьні, а гэта значыць, што абмежаваная колькасьць мабілізаваных прызыўнікоў па-ранейшаму праходзіць сыстэму падрыхтоўкі ў той жа час, калі прызыўнікі праходзяць свой уласны цыкль падрыхтоўкі», — адзначаюць аналітыкі.
Гэта, мяркуе ISW, верагодна, прывядзе да яшчэ больш нізкай якасьці падрыхтоўкі мабілізаваных.
«Наступная хваля мабілізацыі ў бліжэйшыя месяцы толькі пагоршыць сытуацыю і, магчыма, пагоршыць агульную якасьць расейскіх войскаў, якія будуць адпраўленыя на фронт ва Ўкраіне», — заключаюць аналітыкі.
27 кастрычніка Інстытут вывучэньня вайны заявіў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, працягваючы адмаўляць сувэрэнітэт Украіны падчас выступу ў дыскусійным клюбе «Валдай», фактычна засьведчыў, што сур’ёзныя перамовы з РФ немагчымыя. Падчас сваёй прамовы Пуцін заявіў, што Захад паўсюль бачыць «хітрыкі Крамля», і паўтарыў раней вядомыя наратывы пра «дапамогу Данбасу», Украіну і Расею «як адзіны народ» і «штучную» дзяржаву Ўкраіна.