Па дадзеных аўтара матэрыялу Ёсі Мелмана, Мінабароны Ізраіля пагадзілася з тым, што члены NATO, такія як Вялікабрытанія, могуць пастаўляць Украіне сыстэмы ўзбраеньняў, якія зьмяшчаюць, у прыватнасьці, электрааптычныя сыстэмы і сыстэмы кіраваньня агнём.
Такое рашэньне нэўтральны да гэтага часу Тэль-Авіў прыняў «пад ціскам адміністрацыі ЗША», адзначае журналіст. Па словах яго крыніц сярод эўрапейскіх афіцыйных асоб, амэрыканцы прасілі, каб Ізраіль паставіў Украіне зэнітныя батарэі. Аднак пасьля перамоваў паміж двума ўрадамі было вырашана замест гэтага фінансаваць стратэгічныя матэрыялы.
Спасылаючыся на ўласныя крыніцы, Мелман сьцьвярджае, што Ізраіль сам прафінансуе частку такіх паставак праз пасярэднікаў і мае намер выдаткаваць на гэта «мільёны долараў» з нацыянальнага бюджэту.
У публікацыі таксама адзначаецца, што Ізраіль папрасіў усе бакі, якія ўдзельнічаюць у пагадненьні са стратэгічнымі матэрыяламі, не раскрываць яе публічна, «каб не раззлаваць Пуціна».
Украіна даўно настойліва заклікае Ізраіль пачаць супрацоўніцтва ў сфэры супрацьпаветранай абароны. Просьбы Кіева даць сыстэмы СПА актывізаваліся пасьля масіраваных нападаў дронов-камікадзэ, якія Іран пастаўляе Расеі.
«Іран — гэта чырвоная лінія для Ізраіля. І пасьля таго, як Іран, па сутнасьці, наўпрост стаў саўдзельнікам злачынства агрэсіі супраць Украіны, я думаю, калі ў кагосьці ў Ізраілі яшчэ ёсьць нейкія сумневы наконт таго, дапамагаць Украіне ці не дапамагаць, — гэтыя ваганьні, па ідэі, павінны разьвеяцца. І мы будзем працаваць над гэтым з нашымі ізраільскімі партнэрамі», — падкрэсьліў Кулеба.
Аднак у адказ на гэта кіраўнік Мінабароны Ізраіля Бені Ганц заявіў, што яго краіна не перадасьць Украіне СПА і іншую зброю, але прапануе іншую дапамогу.
«Ізраіль падтрымлівае і стаіць на баку Украіны, NATO і Захаду — мы гэта ўжо заяўлялі ў мінулым і падкрэсьлім яшчэ раз. Ізраіль дапамагае Украіне гуманітарнай дапамогай, сыстэмамі выратаваньня жыцьцяў і ахоўным абсталяваньнем. У гэтыя дні я ўхвалю новыя пастаўкі дапамогі Ўкраіне. Але разам з тым я падкрэсьлю, што Ізраіль не перадасьць зброю Ўкраіне з апэратыўных меркаваньняў. Мы працягнем, як і раней, падтрымліваць Украіну і дапамагаць ёй, нават нягледзячы на нашы складанасьці і абмежаваньні», — сказаў Ганц.