«Гарантамі выкананьня ініцыятывы засталіся ААН і Турэччына. Украінскі аграэкспарт застаецца дзейным інструмэнтам супрацьдзеяньня ўсясьветнаму харчоваму крызісу», — заявіў Аляксандар Кубракоў.
Паводле ўкраінскага міністра, з 1 жніўня Ўкраіна экспартавала больш як 11 мільёнаў тон аграпрадукцыі ў 38 краін сьвету. «Гэта значны аб’ём, але недастатковы», — падкрэсьліў ён.
Аляксандар Кубракоў паведаміў, што ўкраінскі бок афіцыйна зьвярнуўся да партнэраў з прапановай падоўжыць «збожжавую ініцыятыву» на адзін год і далучыць да яе рэалізацыі порт Мікалаева.
«Мусім выкарыстаць увесь наяўны экспартны патэнцыял нашых партоў, каб сьвет хутка атрымаў неабходныя аб’ёмы харчаваньня», — перакананы міністар інфраструктуры Ўкраіны.
Калі ў Стамбуле абвяшчалі аб падаўжэньні збожжавай ініцыятывы, Расея нанесла чарговы ракетны ўдар па Ўкраіне, у тым ліку па Адэсе.
Што папярэднічала
29 кастрычніка Расея прыпыніла ўдзел у пагадненьні аб вывазе з Украіны збожжа праз украінскія чарнаморскія парты. Рашэньне абгрунтавалі атакай бесьпілётнікаў на караблі ў Севастопалі. Паводле Міністэрства абароны Расеі, пад ударам апынуліся караблі, залучаныя ў гарантаваньне бясьпекі «збожжавага калідор». МЗС Расеі абвінаваціла ў атацы Ўкраіну, якой, паводле расейскай вэрсіі, дапамагалі брытанскія спэцыялісты. У Лёндане гэтыя заявы зьняпраўдзілі, а ў Кіеве заявілі, што Масква толькі шукала нагоды, каб перастаць выконваць свае абавязаньні.
На 31 кастрычніка ААН, Турэччына і Ўкраіна ўзгаднілі рух 16 караблёў па Чорным моры, дамоўленасьці дасягнутыя без удзелу Расеі. Бакі таксама дамовіліся аб інспэкцыях на 40 вадаплавах, што выходзяць з партоў Украіны. У супольным каардынацыйным цэнтры дадалі, што расейскую дэлегацыю апавясьцілі пра гэтыя пляны.
У гэты ж дзень Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб прыпыненьні руху гуманітарным калідорам «да высьвятленьня абставінаў украінскай атакі супраць караблёў у Севастопалі». У ведамстве дадалі, што рух вадаплаваў па калідоры «недапушчальны, бо Ўкраіна выкарыстоўвае яго для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць Расеі».
Збожжавая ўгода заключана паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны 22 ліпеня. Першы карабель з харчаваньнем выйшаў з Адэсы 1 жніўня.
Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспартэраў збожжа. З прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякаваных чарнаморскіх партах назапасіліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што вадаплавы са збожжам ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мінаў у акваторыі. ААН папярэджвала пра рызыку голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.