Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Севастопалі бесьпілётнікі атакавалі караблі Чарнаморскага флёту


Каля помніка Затопленым караблям на набярэжнай Карнілава ў Севастопалі
Каля помніка Затопленым караблям на набярэжнай Карнілава ў Севастопалі

Раніцай 29 кастрычніка ў Севастопальскай бухце анэксаванага Крыму гучалі выбухі.

Як паведаміў прызначаны Расеяй «губэрнатар» акупаванага крымскага горада Міхаіл Развазжаеў, у бухце караблі Чарнаморскага флёту «адбіваюць атаку бесьпілётнікаў».

Пазьней Разважаеў заявіў, што сёньняшняя атака бесьпілётнікаў у водах Севастопаля стала «самай маштабнай з пачатку вайны». Таксама ён паведаміў, што ў Севастопалі зачыняць усе даступныя для цывільных асобаў трансьляцыі з камэр відэаназіраньня, каб абцяжарыць выяўленьне сыстэм абароны горада.

Пераправу паміж паўночнай і паўднёвай часткамі Севастопаля перакрылі — ня ходзяць паромы і катэры, рух магчымы толькі на аўтобусах.

Мінабароны РФ распавяло сваю вэрсію наступстваў сёньняшняй атакі беспілётнікаў на караблі чарнаморскага флёту ў Севастопалі. Паводле ведамства, атаку зьдзейсьнілі Ўзброеныя сілы Ўкраіны, для гэтага задзейнічалі 9 паветраных бесьпілётнікаў і 7 аўтаномных марскіх бесьпілётных апаратаў. У выніку «нязначнае пашкоджаньне атрымалі марскі тральшчык „Іван Галубец“ і банасеткавая загарода ў Паўднёвай бухце», сьцьвярджае Мінабароны РФ. Марская авіяцыя Чарнаморскага флёту зьнішчыла ўсе сем марскіх бесьпілётнікаў, паведамляе ведамства.

Украінскія тэлеграм-каналы, а таксама намесьнік міністра ўнутраных спраў краіны Антон Герашчанка, пішуць, што ў выніку выбухаў у Севастопальскай бухце, магчыма, былі пашкоджаныя чатыры расейскія ваенныя караблі, сярод якіх — ваенны фрэгат «Адмірал Макараў», зь якога запускалі ракеты «Калібр» па Віньніцы летам 2022 году (тады загінулі 27 чалавек).

Прарасейскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што адзін зь бесьпілётнікаў атакаваў Балаклаўскую ТЭС у Севастопалі. У выніку здарэньня нібыта загарэўся адзін з трансфарматараў, які знаходзіўся на прафіляктыцы і не працаваў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Напярэдадні ў Севастопалі прадоўжылі высокі ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі, уведзены 31 ліпеня пасьля атакі бесьпілётніка на штаб Чарнаморскага флёту.

31 ліпеня будынак штабу Чарнаморскага флёту ў Севастопалі ўжо быў атакаваны дронам. Тады пацярпелі 6 чалавек, а ў горадзе адмянілі ўсе сьвяточныя мерапрыемствы. 20 жніўня яшчэ адзін бесьпілётнік зьбілі над штабам Чарнаморскага флёту ў Севастопалі.

1 кастрычніка на расейскім вайсковым аэрадроме Бельбек у Севастопалі адбыўся буйны пажар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG