Прызначылі дату суду над журналістам Пачобутам
Справу горадзенскага журналіста і аднаго зь лідэраў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута пачнуць разглядаць у Горадзенскім абласным судзе 28 лістапада, піша «Вясна».
Судзьдзя — Дзьмітры Бубенчык. Андрэя абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці, і зьдзяйсьненьня наўмысных дзеяньняў па рэабілітацыі нацызму) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).
Палітвязьня затрымалі 25 сакавіка 2021 году ў Горадні. Увосень 2021 году Анджэй Пачобут адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. 4 кастрычніка КДБ дадаў журналіста ў сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці.
Адрас палітвязьня: Турма № 1. 230023, г. Горадня, вул. Кірава, 1, Андрэй Станіслававіч Пачобут.
Мікіту Емяльянаву пасадзілі ў памяшканьне камэрнага тыпу
Тэлеграм-канал «Разрушим тюрьмы» апублікаваў навіны ад анархіста Мікіты Емяльянава.
«Ён зараз у ПКТ знаходзіцца з 25 кастрычніка, далі 1 месяц. З 26 кастрычніка 10 содняў сядзеў у ШЫЗА. Тэрмін у ШЫЗА не залічваецца ў той месяц у ПКТ. Такім чынам, знаходжаньне ў ПКТ скончыцца 5 сьнежня. Мікіта атрымаў адказ на надзорную скаргу ў кастрычніку — прысуд старшыня суду Ленінскага раёну Магілёву пакінуў бязь зьменаў».
Мікіта піша таксама, што зараз адчувае «абыякавасьць да палітычных падзеяў». Пакуль засяродзіўся на сабе, на сваім самаразьвіцьці.
ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу.
У адным зь лістоў на волю Мікіта напісаў:
««Стараюся бавіць час прадуктыўна: займаюся спортам, чытаю, займаюся самаразьвіцьцём. Больш тут нічога і не зробіш. Марнуючы такім чынам час за калючым дротам, набліжаесься да дня Х. Не зразумела толькі, калі прыйдзе гэты дзень, што гэта будзе за дзень і чым ён будзе адрозьнівацца ад іншых?
У мяне няма адказу на гэтыя пытаньні. Ёсьць толькі розныя здагадкі, як аптымістычныя, так і не. Таму, з улікам тых жорсткіх абмежаваньняў, якія на сёньня маю, лепей не цешыць сябе надзеяй, а прадуктыўна бавіць час у чаканьні пераломнага моманту».
11 сакавіка Емяльянава асудзілі на 2 гады калёніі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы за парушэньне правілаў унутранага распарадку). Агульны тэрмін ягонага зьняволеньня — 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Пачаткова яго затрымалі яшчэ 20 кастрычніка 2019 году. Паводле сьледзтва, у канцы верасьня 2019 году Емяльянаў з таварышам закідалі лямпачкамі, запоўненымі фарбай, будынак Менскага гарадзкога суду, дзе ў тыя дні праходзіў суд над анархістам Зьмітром Паліенкам, а таксама спрабавалі падпаліць уваходныя дзьверы ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Тэрмін пакараньня Мікіта адбывае ў ваўкавыскай калёніі.