Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У тэлефоне знайшлі стары здымак аэрапорту ў Зябраўцы». За што затрымалі Яўгена Глушкова, якому пагражае да 15 гадоў калёніі


Спадарожнікавы здымак вайсковага аэрадрома «Зябраўка» 16 кастрычніка 2022. Фота: Planet Labs Inc
Спадарожнікавы здымак вайсковага аэрадрома «Зябраўка» 16 кастрычніка 2022. Фота: Planet Labs Inc

Як даведалася Свабода, Яўген Глушкоў быў затрыманы яшчэ ў жніўні, з таго часу жыхара Гомельскага раёну трымаюць у СІЗА-3 Гомля.

Яўген Глушкоў жыве ў вёсцы Зябраўка Гомельскага раёну. Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны разьмяшчаюцца расейскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.

Крыніца, блізкая да падзеяў, расказала Свабодзе падрабязнасьці пра затрыманага.

Яўген Глушкоў скончыў вэтэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у беларускім войску — у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спэцназе памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падразьдзяленьняў беларускага войска. Пасьля службы Глушкоў пэўны час жыў ва Ўкраіне (ягоныя бацькі — этнічныя ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі. — РС), граў там у музычным гурце. Акрамя гэтага, Глушкоў таксама жыў у Кітаі — у тым ліку падчас пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 году.

«Ён разарыўся ў Кітаі праз каранавірус, таму вярнуўся ў Беларусь. У яго нават нявеста была ў Кітаі, але нешта ў іх не сышлося. У Гомлі ён уладкаваўся на працу паводле спэцыяльнасьці, на вэтэрынарную станцыю. Працаваў сумленна, меў толькі падзякі ад гаспадароў хатніх гадаванцаў. Пра яго калегі і кліенты адзываліся выключна добра», — распавяла крыніца.

Яшчэ з часоў побыту ва Ўкраіне і Кітаі Яўген, з словаў суразмоўцы, меў шмат кантактаў з украінцамі.

«Калі ў ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі СМІ, то пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрону. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць. Наколькі я ведаю, „шыюць“ шпіянаж, а гэта — да 15 гадоў. Сваякі і знаёмыя Яўгена ў шоку ад сытуацыі», — дадала крыніца.

Пра інцыдэнт, які здарыўся на ў ноч з 10 на 11 жніўня 2022 году на аэрадроме ў Зябраўцы, падрабязна пісала Свабода. Тады жыхары паўднёвых раёнаў Гомля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі сполахі на небе. Міністэрства абароны супакойвала беларусаў паведамленьнем пра тое, што «10 жніўня каля 23 гадзін у часе кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасьля праведзенай замены рухавіка адбылося загараньне».

Пазьней былі апублікаваныя спадарожнікавыя здымкі інцыдэнту, на якіх бачныя сьляды выбуху на ўзьлётнай паласе вайсковага аэрадрому.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG