Што здарылася на вайсковым аэрадроме ў Зябраўцы, дзе ад пачатку вайны стаіць расейская вайсковая тэхніка?
Што вядома?
Што бачылі і чулі жыхары Гомля
«Я прачнуўся ад моцных гукаў і спачатку падумаў, што гэта гром. Але зразумеў, што не. Былі чуваць выбухі, гэта было ад 00:25-00:30 ночы, дакладна не ў 23:00, як піша Міністэрства абароны. Каля другой гадзіны ночы былі іншыя гукі — падобна на тое, што узьлятаюць верталёты», — расказаў жыхар Гомля.
«Я падумала, што гэта гром. Нават праверыла ў сэрвісе надвор’я. Але ніякага грому не было, былі гукі менавіта выбухаў», — распавяла жыхарка гомельскага прадмесьця.
Жыхары Навабеліцкага раёну Гомля пішуць у сацыяльных сетках, што ня вераць у вэрсію загараньня тэхнікі.
«У хаце шыбы дрыжэлі, якое загараньне?», — напісала жыхарка Навабеліцы.
Людзі пішуць, што ўначы чулі да васьмі выбухаў.
Хто і як адрэагаваў на выбухі
- Міністэрства абароны Беларусі напісала ў сваім telegram-канале, што 10 жніўня а 23:00 «на ўчастку мясцовасьці Зябраўка» быў кантрольны прабег тэхнікі. «Пасьля праведзенай замены рухавіка адзінкі тэхнікі адбылося яе загараньне, пацярпелых няма»
- Сьпікер паветраных сілаў Узброеных сілаў Украіны Юрый Ігнат ў камэнтары «Белсату» выказаўся наконт здарэньня ў Зябраўцы: «Беларускія партызаны надзвычай добра дапамагаюць Украіне».
«Мы ведаем, што яны надзвычай добрыя, разумныя і кемлівыя людзі, якія ўжо надзвычай добра дапамагаюць нашай дзяржаве, Узброеным сілам Украіны. І мы толькі дзякуем братняму беларускаму народу, які дапаможа Ўкраіне перамагчы акупантаў і выгнаць іх з нашай зямлі. І з вашай таксама», — адзначыў Юрый Ігнат.
- Telegram-канал «Беларускі Гаюн» разьмясціў відэа, на якім відаць сполах за Гомлем у раёне аэрадрому «Зябраўка».
«Усяго было не менш за 8 выбліскаў. Высьветліць сувязь выбліскаў/выбухаў з нейкімі вучэньнямі ВС Рэспублікі Беларусі таксама пакуль не ўдалося», — піша «Беларускі Гаюн».
- Дарадца кіраўніка Міністэрства абароны Ўкраіны Аляксей Капыцька напісаў у сваім telegram-канале: «На аэрадроме „Зябраўка“ праходзяць раней неаднаразова анансаваныя „пюрэрам“ вучэньні супрацьпаветранай абароны і вайскова-паветраных сілаў. Любыя пляскі і так далей — выключна ў рамках гэтых вучэньняў».
Сёньня дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк напісаў у twitter: «Эпідэмію тэхнічных аварый на вайсковых аэрадромах у Крыме і Беларусі ru-вайскоўцам варта разглядаць як папярэджаньне: Забудзьце пра Ўкраіну, зьніміце форму і ідзіце. Ані ў акупаваным Крыме, ані ў акупаванай Беларусі вы ня зможаце пачувацца ў бясьпецы. Карма знойдзе вас ўсюды»
На аэрадроме ў Зябраўцы ад пачатку вайны ва Ўкраіне фіксуецца прысутнасьць расейскіх войскаў, супрацьпаветранай абароны, зэнітна-ракетных комплексаў. Адтуль фіксаваліся і вылеты ракет у бок Украіны.
«Я хутчэй паверу ў вэрсію Міністэрства абароны»
Інцыдэнт у Зябраўцы на просьбу Свабоды пракамэнтаваў удзельнік баявых дзеяньняў Раман (імя зьмененае. — РС). Ён сумняецца, што ў ноч з 10 на 11 жніўня на вайсковым аэрадроме было сур’ёзнае надзвычайнае здарэньне. Раман скептычна ставіцца да паведамленьняў мясцовых пра гучныя выбухі і сполахі на небе.
«Калі нехта жыве каля, скажам, прамысловай зоны ў горадзе, то „нешта грамыхала“, „гукі, падобныя да выбухаў“ можна чуць часта. І сполахі на небе людзі бачылі, але там ня так каб шугала ўсё. Каб там узарваўся ці склад гаруча-змазачных матэрыялаў, ці боепрыпасаў, там бы доўга ўсё шугала, боепрыпасы дэтанавалі б, і спыніць гэта хутка было б нерэальна. Там бы шугала некалькі гадзін ці сутак. Туды б ляцелі аўтамабілі МНС, „хуткія“, ужо б які штаб там разгарнулі. З гораду і прыгараду пацягнулася б інфармацыя больш трывожная», — кажа Раман.
Карыстальнікі сацыяльных сетак скептычна паставіліся да вэрсіі Міністэрства абароны пра тое, што ў 23.00 быў «кантрольны прабег тэхнікі». Маўляў, у вайскоўцаў адбой у 22.00, і ніякая тэхніка так позна ня езьдзіць.
«Там даволі шмат тэхнікі, якая і лятае, і вяртушкі там пасуцца. Ратацыя тэхнікі вялікая і, хутчэй за ўсё, круглыя суткі. Маглі і ў 23.00 нейкія працы праводзіцца. Тым больш Міністэрства абароны пісала, што будуць якраз у гэтыя дні чарговыя вучэньні. Паверу, што яны, вайскоўцы, нешта там самі ня тое зрабілі. Можа, і адзінка тэхнікі ў іх узарвалася ці загарэлася. У вэрсію, што бамбіла Ўкраіна, — ня веру. І што дывэрсія — таксама», — дадаў былы ўдзельнік баявых дзеяньняў.
Ён патлумачыў, што Ўкраіне цяпер «зусім нявыгадна» наносіць удары па Беларусі.
«Хіба ўкраінцам трэба, каб тут быў разгорнуты паўнавартасны пляцдарм для нанясеньня ўдараў? Бо нашы туды хай ня пойдуць, але калі разгарнуць на лініі мяжы ўдарныя падразьдзяленьні і лупіць нават „старызнаю“ тры разы на суткі — ім мала не падасца. То бок проста ўкраінцам цяпер зусім не з рукі нечым ударыць па Беларусі. Калі ўкраінцы кажуць, што Расея не пацягне другі фронт, то і сама Ўкраіна таксама наўрад ці пацягне яго», — кажа Раман.