Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біньямін Нэтаньягу сфармуе новы ўрад Ізраілю


Біньямін Нэтаньягу
Біньямін Нэтаньягу

Па выніках датэрміновых выбараў і кансультацый зь лідэрамі партый прэзыдэнт Ізраілю Герцаг даручыў фармаваньне новага ўраду экс-прэм’еру Нэтаньягу.

Па выніках датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у Ізраілі прэзыдэнт гэтай краіны Іцхак Герцаг даручыў лідэру права-кансэрватыўнага лягеру і былому прэм’ер-міністру Біньяміну Нэтаньягу сфарміраваць новы кабінэт міністраў. «Я даю вам мандат на фармаваньне ўраду», — заявіў Герцаг у нядзелю, 13 лістапада, на супольнай прэс-канфэрэнцыі ў Ерусаліме.

Два тыдні таму на пятых за апошнія 3,5 гады выбарах у кнэсэт Біньямін Нэтаньягу здабыў перамогу і мае намер зараз вярнуцца ва ўладу, сфармаваўшы з патэнцыйнымі партнэрамі самы правы ўрад у гісторыі Ізраілю.

У выніку галасаваньня 1 лістапада партыя «Лікуд», а таксама патэнцыйныя партнэры па кааліцыі — дзьве ультраартадаксальныя партыі і праварадыкальная партыя «Рэлігійны сіянізм» атрымалі ў суме 64 месцы ў парлямэнце з 120, што дае Нэтаньягу магчымасьць сфарміраваць стабільную кіруючую кааліцыю. Для гэтага ў яго ёсьць чатыры тыдні, гэты тэрмін можа быць працягнуты яшчэ на два тыдні. Тым самым новы ўрад Нэтаньягу прыйдзе на зьмену кабінэту лібэральнага прэм’ер-міністра Яіра Лапіда.

Біньямін Нэтаньягу, які заставаўся на пасадзе прэм’ер-міністра Ізраілю ў 1996-1999 гадах і з 2009 па 2021 гады, абвінавачваецца ў махлярстве, карупцыі і дзяржаўнай здрадзе. Ён адкідае ўсе абвінавачаньні. Калі суд прызнае палітыка вінаватым у карупцыі, яму пагражае да 10 год пазбаўленьня волі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Максымальнае пакараньне па астатніх пунктах абвінавачаньня складае 3 гады пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG