Некалі ў мястэчку Крэва на Смаргоншчыне кожны трэці жыхар быў габрэем. Цяпер няма ніводнага, хто мог бы даглядаць магілы продкаў. За аднаўленьне занядбаных пахаваньняў узяліся валянтэры, якіх сабраў Сяргей Гапон. Рэпартаж Свабоды.
Габрэі складалі значную частку насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, ажно да Другой усясьветнай вайны іх было шмат у многіх беларускіх гарадах і мястэчках. Ня стала выключэньнем і Крэва: паводле перапісу 1895 году, на 2300 жыхароў налічвалася амаль 800 габрэяў. У ліку іншых тут зьявіўся на сьвет Натан Мілэйкаўскі, дзед цяперашняга прэмʼер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу.
Талака на лесапавале
Не адна сотня магілаў згубілася пасярод лесу: Гурвічы, Левіны, Ліпковічы, Рабіновічы, Цукерманы, Шнэйдэры, Якабсоны. Упарадкавана толькі некалькі на ўзгорку, дзе таксама захаваліся фрагмэнты масіўнага муру: гэта пахаваньні пазьнейшага часу, памерлых родзічаў цяпер туды вязуць пераважна са Смаргоняў — там габрэйскія могілкі за саветамі зраўнавалі бульдозэрам.
Чым ніжэй з узвышша да рэшткаў колішняй уязной брамы, тым больш паваленых, пахіленых ці парослых мохам старых надмагільляў. Дзесяцігодзьдзямі яны зьнікалі пасярод дрэў і кустоўя, рызыкуючы згінуць у непралазным гушчары.
Першым праявіў неабыякавасьць да занядбаньня ўраджэнец Крэва, фотакарэспандэнт агенцтва «Франс-Прэс» (AFP) Сяргей Гапон. Нядаўна ён вярнуўся зь Менску на радзіму і вырашыў дзейнічаць, не чакаючы, калі за добраўпарадкаваньне возьмуцца ўлады.
На ягоны заклік адгукнуліся больш за два дзясяткі валянтэраў — мясцовыя жыхары, а таксама паэты, музыкі, журналісты, блогеры-кулінары зь іншых гарадоў і вёсак. Узброеныя бэнзінавымі і ручнымі піламі, сякерамі і граблямі, упершыню за доўгі час зрабілі шырокую прасеку, адкрыўшы помнікі сонцу. Самая старая частка пахаваньняў яшчэ на чарзе — там камяні ледзь-ледзь відаць зь зямлі.
«Першы этап — расчыстка, — тлумачыць Сяргей. — Спадзяюся, улетку на тыдзень-два атрымаецца запрасіць валянтэраў, якія будуць працаваць непасрэдна з магільнымі плітамі. Тут папраўдзе цэлыя аповесьці: у габрэяў ёсьць традыцыя пісаць, чым чалавек займаўся ў жыцьці, якімі кіраваўся каштоўнасьцямі. Для мяне тыя тэксты абсалютна незразумелыя, трэба прыцягваць спэцыялістаў, якія зробяць інвэнтарызацыю, дапамогуць даведацца, што за людзі жылі ў Крэве. Гэта ўжо задача другога этапу. А найперш неабходна забясьпечыць доступ да помнікаў».
Кароткі адпачынак пасярод лесапавалу не абмежаваўся банальным перакурам: гурт Bareznburger kapelye проста пры ўваходзе на могілкі выканаў падборку мэлёдый беларускіх мястэчак, а кулінарныя Youtube-блогеркі Аляксандра Слуцкая і Алеся Ганевіч парадавалі стравамі габрэйскай кухні.
Стымул у прадпрымальніцтве
З архіўных матэрыялаў вядома, што найбольшы росквіт габрэйскае жыцьцё ў Крэве мела ў міжваенны час — паміж Першай усясьветнай і прыходам у 1939-м на заходнебеларускія землі бальшавікоў. Пасьля шматлікіх абмежаваньняў, якія існавалі ў Расейскай імпэрыі, пад польскай уладай габрэі атрымалі істотную прадпрымальніцкую палёгку.
Стаць на ногі дапамагалі чальцы дабрачынных арганізацый, якія выехалі за мяжу і фінансава падтрымлівалі разьвіцьцё бізнэсу. Напрыклад, амэрыканскі фонд «Джойнт» пастаўляў сюды харчы, адзеньне, лекі, будматэрыялы.
Дзякуючы гэтаму, да вайны ў мястэчку працавалі два дзясяткі прыватных крамаў, рэстараны, карчма. Прымалі замовы цесьляры і кавалі, гарбары і кушняры, шаўцы і краўцы, фатографы. Быў паравы млын, разьвіваўся традыцыйны ганчарны промысел, запачаткаваны яшчэ ў часы будаўніцтва сярэднявечнага замка.
Выключнае значэньне габрэйскага насельніцтва для разьвіцьця Крэва дэманстравала мураваная сынагога, якая ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя паўстала на галоўнай Замкавай вуліцы паміж старадаўняй фартэцыяй і шматлюдным рынкам. Гістарычны будынак цяпер можа ў любы момант разваліцца, толькі зорка Давіда нагадвае пра лепшыя часы для вернікаў-юдэяў.
Тры гады ў Першую ўсясьветную вайну праз Крэва праходзіў расейска-нямецкі фронт. У выніку масавых абстрэлаў была зьнішчана ўся гістарычная забудова — у рознай ступені ацалелі сем будынкаў, калі лічыць і замкавыя руіны. Да нашага часу дайшлі чатыры, уключна з сынагогай. За выняткам замка, яна зьяўляецца адным з найстарэйшых абʼектаў, якія захаваліся ў 700-гадовым мястэчку.
Пагарджаньне калгасным ладам
Габрэйскі антураж Крэва цудоўна памятае іншы ягоны ўраджэнец Уладзімер Някляеў. На талаку паэт прыйшоў адразу па прыезьдзе на вакацыі са Швэцыі, дзе мае магчымасьць засяродзіцца на творчасьці. Поруч зь ім працавалі жонка Вольга і дачка Ева.
«Маё жыцьцё застала Крэва клясычным габрэйскім мястэчкам, — успамінае літаратар. — У пачатковай школе настаўнікам быў Цукерман, я сябраваў зь ягоным малодшым сынам, потым яны ўсе зьехалі ў Ізраіль. Наогул тая аўра, якая панавала ў мястэчку, запомнілася размовамі, пахамі, непаўторным духам. Зразумела, маленства звычайна ўспамінаецца ў ружовых колерах, хоць было ўсялякае, але Крэва ўжо ніколі ня будзе такім, якім яго памятаю... А тое, што нарэшце ўзяліся за ўпарадкаваньне — ня ўлады, а самі людзі — справа, безумоўна, годная».
Паводле суразмоўцы, тут знайшлі апошні спачын мясцовыя знакамітасьці — камэрсанты, якія трымалі профільныя бізнэсы. Да сёньня ў яго перад вачыма, як зь сябрамі яшчэ малымі дзецьмі зараблялі на ласункі, зьбіраючы і здаючы Довіду Рабіновічу анучы, кару, косткі, дранкулькі ад снарадаў Першай усясьветнай вайны.
Уладзімер Някляеў дадае, што габрэі так і не дазволілі загнаць сябе ў калгас, лічачы гэта ніжэйшым за ўласны гонар. Ягоны бацька працаваў старшынёй сельсавету і пастаянна меў непрыемнасьці ад вышэйшага начальства — у раёне патрабавалі татальнай калектывізацыі. Толькі калі стала зразумела, што высілкі марныя, людзей пакінулі ў спакоі.
На талаку завітаў яшчэ адзін тутэйшы, Іван Магер. Ён стрыечны брат Уладзімера Някляева, цяпер выканаўчы дырэктар ЗАТ «БелКП-Прэс». Некалькі гадоў таму памерла ягоная маці, але роднай хаты не кідае, рэгулярна наведваецца на радзіму.
«Яшчэ на маёй памяці цэнтар Крэва займалі габрэйскія хаты — дыхтоўныя, з выхадам на вуліцу (потым у іх заехала мясцовае начальства), — кажа ён. — Галоўным для нас, тагачасных дзяцей, быў нарыхтоўшчык Рабіновіч, які за сымбалічную плату забіраў амаль усё. Са Шнэйдэрам разам хадзілі ў школу, дзе дырэктарстваваў Скварцоў — бадай, апошнім выехаў у Ізраіль. Ну і ня стала каму даглядаць магілы. А гэта ж гісторыя, яе неабходна зьберагчы! Добра, што знайшліся людзі, якія адгукнуліся, прыйшлі на талаку. І трэба парадак падтрымліваць: калі нічога не рабіць, зноў зарасьце хмызьняком».
Крэўскі сьлед прэмʼер-міністра
Нечаканую старонку аднаго з радаводаў адкрыў мясцовы краязнаўца Аляксандар Камінскі. Ён расказаў, як аднаго разу ў пошуках магілаў продкаў у Крэва завіталі два амэрыканцы. Зьбіралі зьвесткі пра род Мілэйкаўскіх — паводле дасьледчыка, прозьвішча магло пайсьці ад назвы суседняй вёскі Мілэйкава, дзе габрэі трымалі млын і краму.
У міжваенным мястэчку сапраўды пражывала некалькі семʼяў у двух варыянтах напісаньня — таксама і як Мілікоўскія. Гэта гаспадары крамаў прадуктаў, тканін, вырабаў з жалеза і г.д. Гасьцей цікавілі найперш тыя, хто быў у крэўных сувязях з Натанам Мілэйкаўскім (Nathan Mileikowsky) — дзедам цяперашняга прэмʼер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу.
Як вынікае зь біяграфічных зьвестак, ён нарадзіўся ў Крэве 15 жніўня 1879 году. У 10-гадовым узросце быў накіраваны на вучобу ў Валожынскі ешыбот і пасьля заканчэньня вышэйшай рэлігійнай школы пасьвячоны ў рабіна.
Спачатку Натан выправіўся з прапагандай ідэй сіянізму ў Сыбір, а ў 1908-м пераехаў у Польшчу, дзе быў прызначаны дырэктарам габрэйскай гімназіі ў Варшаве. У 1920 годзе Мілэйкаўскі зь сямʼёй пераехаў у Палестыну і стаў дырэктарам школы ў горадзе Рош-Пінэ. З мэтай збору сродкаў для Габрэйскага нацыянальнага фонду наведваў Англію і ЗША, паралельна публікаваў артыкулы на ідыш і іўрыце, падпісваючыся псэўданімам Нэтаньягу («Бог даў»). Пазьней гэта стала прозвішчам для ягоных сыноў, а потым і пасьпяховага ўнука-палітыка.
Мілэйкаўскі-Нэтаньягу працягваў рэлігійную і асьветніцкую дзейнасьць да самай сьмерці, якая здарылася 4 лютага 1935 году ў Ерусаліме. У гэтым горадзе ягоным імем названа адна з плошчаў.
Зорка Давіда як сьмяротны прысуд
Выглядае, на крэўскіх могілках ляжаць тыя, хто мог ведаць Натана яшчэ малым. У такім разе разгадка сямейнага радаводу зусім побач — на надмагільных камянях значацца прозьвішчы Мілэйкаўскіх, засталося толькі перачытаць, словамі Сяргея Гапона, «суправаджальныя аповесьці» на плітах. Вялікая імавернасьць, што гэта якраз тыя людзі, да сямʼі якіх належыць дзейны кіраўнік ізраільскага ўраду.
«Увесну Біньямін Нэтаньягу быў зь візытам у Літве і ў сваёй прамове згадваў, што ягоныя продкі зь Беларусі, — гаворыць Сяргей Гапон. — Госьці, якія прыяжджалі да спадара Камінскага, таксама казалі, што Мілэйкаўскія пахаваныя ў Крэве. Таму цікава знайсьці магілы, зразумець, чым людзі займаліся. Нягледзячы на вялікую колькасьць габрэяў у мястэчку, тая старонка зусім мала вывучаная. У тым ліку з моўнай прычыны. Хоць у жыцьці ўсе яны карысталіся трасянкай, помнікі падпісвалі на ідыш ці іўрыце. Патрэбен спэцыяліст, носьбітаў габрэйскіх моваў у Крэве больш не засталося».
Крытычным момантам для габрэйскага насельніцтва Крэва — як і для жыхароў іншых краін Эўропы — стала Другая ўсясьветная вайна. Яшчэ летам 1941 году нямецкія захопнікі пазначылі жоўтай фарбай габрэйскія хаты і сагналі жыхароў у гета, якое арганізавалі па пэрымэтры сынагогі.
Спачатку вязьняў з нашытымі зоркамі Давіда вадзілі канвоем у суседнія Шылавічы на будаўніцтва радыёстанцыі, а пасьля завяршэньня работ у сярэдзіне 1943-га перакінулі ў ашмянскае гета. Дзесьці за горадам неўзабаве і расстралялі. Крэўскіх ахвяраў было прыкладна 200 чалавек.
Ацалелі толькі тыя, каму падчас этапаваньня ўдалося ўцячы, або каго на пачатку карнай апэрацыі з рызыкай для ўласнага жыцьця схавалі беларусы. Ад некалі значнай этнічнай грамады засталіся лічаныя людзі. Габрэйская старонка шматнацыянальнага Крэва закрылася...