Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Офісе Ціханоўскай патлумачылі, навошта з супрацоўнікамі падпісваюць пагадненьне аб неразгалошваньні


У Офісе лідэра дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай распавялі, навошта з супрацоўнікамі заключаюць пагадненьне аб неразгалошваньні (NDA — non-disclosure agreement).

Паводле Офісу Ціханоўскай, такое пагадненьне патрэбнае, «каб абараняць людзей у Беларусі, а не палітыкаў на эміграцыі». Яно зьявілася ў Офісе ў пачатку 2021 году, калі людзей у Беларусі пачалі зактрымліваць і арыштоўваць нават за зьмест іх перапісак у смартфонах.

«З 2020 году каманда Сьвятланы Ціханоўскай працуе з валянтэрамі, актывістамі, ініцыятывамі, якія знаходзяцца ў Беларусі ці чые блізкія знаходзяцца ўнутры краіны. Пагадненьне аб невыдаваньні зьявілася, каб абараніць дадзеныя гэтых людзей, а таксама інфармацыю аб непублічных супрацоўніках і партнэрах Офісу (гэта значыць тых людзей, якія паводле меркаваньняў бясьпекі не аб’яўляюць публічна аб сваёй працы ў Офісе або іншых структурах)», — паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Як сьцьвярджаюць у Офісе, ініцыятыва падпісваць NDA належыць людзям, якія ў займаюцца ў камандзе непублічнымі камунікацыямі зь беларусамі. Працэс разгляду парушэньня NDA пачынаецца толькі ў тым выпадку, калі ёсьць пацярпелы бок — гэта значыць чалавек ці людзі, дадзеныя якіх або аб якіх апынуліся разгалошанымі.

Паводле Офісу, пасьля таго, як пачалі заключаць пагадненьне аб неразгалошваньні, унутраная і канфідэнцыйная інфармацыя з Офісу, напрыклад, змест zoom-сустрэч з актывістамі, «перастала выходзіць за межы каманды і рэгулярна зьяўляцца, напрыклад, у прапагандысцкіх тэлеперадачах».

У Офісе адзначаюць, што NDA ніяк не абмяжоўвае свабоду выказваньня меркаваньняў, пагадненьне абмяжоўвае толькі распаўсюджваньне інфармацыі, атрыманай у Офісе. Пры гэтым супрацоўнікі і партнэры ў індывідуальным парадку прапрацоўваюць асобны дакумэнт з выключэньнямі з базавага NDA: напрыклад, публічныя сьпікеры адкрыта адказваюць на пытаньні журналістаў. Сам факт наяўнасьці NDA не хаваецца, многія супрацоўнікі публічна казалі аб дамове ў сваіх інтэрвію.

Падпісанае пагадненьне аб неразгалошваньні дзейнічае 10 гадоў пасьля заканчэньня супрацоўніцтва з Офісам.

Што да мэханізму прыцягненьня да адказнасьці за разгалошваньне, у базавым пагадненьні ўказана сума ў 30 000 эўра, прапанаваная юрыстамі, якія працуюць з падобнымі дакумэнтамі ў Літве, тлумачыць Офіс Ціханоўскай. Пры разглядзе канкрэтных выпадкаў штраф можа і не прымяняцца. Указаная сума служыць неабходным арыенцірам, але не абавязковым да выкананьня ў 100% выпадкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG