Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пракурор Талерчык патлумачыў, чаму пакінуў BYPOL


Алег Талерчык
Алег Талерчык

Экс-супрацоўнік Генэральнай пракуратуры Алег Талерчык абвясьціў, што пакідае аб’яднаньне былых сілавікоў, адным з заснавальнікаў якога быў.

У інтэрвію парталу «Зеркало» ён распавёў пра прычыны свайго рашэньня.

— Пачну з таго, што я прызвычаіўся заўсёды адказваць за тое, што раблю. І дзеля гэтага я павінен ведаць, чым займаюся. Калі быў 2020 год, калі стала зразумела, што Генэральная пракуратура, дзе я праходзіў службу, не будзе ніяк рэагаваць у адпаведнасьці з законам на тыя злачынствы, якія былі ўчыненыя ў дачыненьні да беларусаў супрацоўнікамі так званых праваахоўных органаў, я прыняў для сябе рашэньне, што не змагу зьмірыцца з гэтым ні як чалавек, ні як юрыст, у мяне няма магчымасьці працягваць службу. Я зрабіў публічную заяву — і сышоў. Якраз пад народны ўльтыматум.

За два гады працы ў BYPOL здарылася так, што нейкім чынам згубіўся давер паміж мной і астатнімі чальцамі каманды.

У свой час мне падалося, што BYPOL робіцца больш мэдыйнай арганізацыяй. Мэдыйнай і мэдыйна-палітычнай. Ад імя арганізацыі заяўляюцца палітычныя амбіцыі. Робяцца заявы аб тым, што, магчыма, створым партыю з 200 чальцоў нашай каманды. Публічна заяўляем, што ўжо падрыхтавана каля 1000 беларусаў, якія прайшлі стралковую і ваенную падрыхтоўку. Робім іншыя заявы аб тым, што плян «Перамога» гатовы і мы гатовыя дзейнічаць.

Каб падпісвацца пад гэтымі заявамі, я павінен ведаць абстаноўку. Але так сталася, што мне невядома пра тое, ці ёсьць падставы рабіць такія заявы. Я, як і вы, даведаюся пра такія сурʼёзныя рэчы, за якія трэба несьці палітычную адказнасьць, са СМІ. Са свайго боку спрабаваў неяк скарэктаваць, пазначыць, што для мяне такая пазыцыя і такія паводзіны непрымальныя. Але іншыя члены каманды лічаць, што ў прынцыпе магчыма паводзіць сябе такім чынам у палітычным полі.

На мой погляд, апошнім часам мы надта захапіліся мэдыя-праектамі. Тая самая спэцыяльная падрыхтоўка, якую мы вядзём, павінная праходзіць у цішыні. Хаця, зь іншага боку, калі ты яе праводзіш у цішыні, складана прыцягваць данаты, якія выкарыстоўваюцца на такую дзейнасьць.

Паколькі я ў тым ліку зьяўляюся заснавальнікам гэтай «фундацыі», сябрам праўленьня і нясу адказнасьць, у мяне былі пытаньні, як мы існуем, на якія сродкі, якім чынам яны да нас паступаюць. Прапанаваў правесьці нейкую фінансавую справаздачнасьць, але не сустрэў разуменьня ў гэтым пытаньні.

У выніку такія дробныя рознагалосьсі выліліся ў прапанову падпісаць дамову аб неразгалошваньні. Нармальная практыка, але гэтая дамова ўсёабдымная, яна датычыцца не проста сакрэтных дадзеных і асабістых дадзеных трэціх асобаў. Яна тычыцца і немагчымасьці самакрытыкі, немагчымасьці крытыкі як самой арганізацыі, так і яе чальцоў, немагчымасьці наогул паведамляць пра што-небудзь, нават калі нешта ідзе не так. Забарона на 10 гадоў пад пагрозай сурʼёзнага штрафу.

Я адмовіўся ад такой дамовы, якая робіць з мяне маўклівага згодніка з усім, што б ні рабіла мая каманда.

Пасьля такой пазыцыі была рэакцыя ў адказ, што ў такім выпадку мы ня можам табе да канца давяраць і пасьвячаць у справы арганізацыі. Такім чынам, атрымаўся інфармацыйны вакуўм. Гэта значыць арганізацыя дзейнічае і працуе, але я ня ў курсе, чым яна займаецца, якімі мэтадамі яна апэруе і да якіх канчатковых мэтаў ідзе. Даведаюся пра гэта як і любы іншы беларус з таго, што публікуецца. Для мяне гэта непрымальна, таму я прыняў рашэньне пакінуць BYPOL.

— Шмат каго з беларусаў бянтэжыць таямнічасьць з плянам «Перамога». Можаце патлумачыць, ці ёсьць варыянты, акрамя таго, што Лукашэнка пойдзе на Кіеў, а далей «будзем вырашаць пытаньні па меры паступленьня»?

— Я не зьяўляюся распрацоўнікам пляну. У той частцы, у якой я быў знаёмы з плянам у даваеннай сытуацыі, мне ён здаваўся лягічным і рэальным. Але са зьменай абстаноўкі ў сьвеце вайна мае рызыкі перакінуцца і далей і ператварыцца ў Трэцюю сусьветную. Мы бачым, што адбываецца ў Іране, калі супраць пратэстоўцаў выкарыстоўваецца вайсковая тэхніка. Таму плян патрабаваў мадэрнізацыі і дапрацоўкі з улікам сёлетніх рэалій ваеннага часу. Як ён дапрацаваны і як адаптаваны, я сказаць не магу, бо ня маю доступу да інфармацыі па ім. Што, у тым ліку, стала адной з прычын майго сыходу. То бок, я сам ня ведаю, як гэта можа рэалізоўвацца. Рэжым сакрэтнасьці — зразумела. Ён і мусіць быць. Але заклікаць беларусаў ці каго яшчэ верыць у гэты плян, калі я сам ня ведаю яго сутнасьці, я не магу.

— А чаму вас не паінфармавалі? Незразумела.

— Чаму незразумела? Зразумела. Бо, у прынцыпе, ведаеце, я такі чалавек даволі пэсымістычны. У мяне вельмі высокія патрабаваньні да самога сябе і ў тым ліку да тых праектаў, якія нібыта могуць быць рэалізаваныя. Таму нейкія крытычныя заўвагі ў мяне былі да гэтага пляну. Да даваеннага. Магчыма, праз мой пэсымістычны настрой далей вырашылі, каб я сам не хваляваўся і іншых не хваляваў. На сёньня, паўтаруся, заявы аб тым, што мы гатовы... Магчыма гэта так, я ня ведаю. Калі заўтра давядзецца рэалізоўваць плян і мы гатовыя — выдатна. Калі не, гэтую адказнасьць нясуць людзі, якія робяць такія заявы. Я не магу адказваць за тое, чаго я ня ведаю, але пры гэтым маё імя ўпісана ў BYPOL і гэтую гісторыю.

Як бы так сказаць, каб беларусаў не расчараваць... Але беларусы мусяць разумець (як я і казаў у сваім відэазвароце), што нельга чакаць, нельга перакладаць адказнасць на кагосьці і разьлічваць на тое, што прыйдуць вызваліць.

Так, добра, што ёсьць людзі за мяжой, якія спрабуюць нешта зьмяніць: полк Каліноўскага, у нейкай ступені эмігранты, якія праходзяць падрыхтоўку. Але ўсё роўна галоўная і асноўная вырашальная сіла — гэта людзі ўнутры Беларусі. Гэта тыя вайскоўцы, якія засталіся ў Беларусі. Безь пераходу вайскоўцаў або сілавых падразьдзяленьняў МУС на бок народу цяжка будзе нешта зрабіць. Сусьветная гісторыя, наколькі мне вядома, ня ведае такіх фактаў, калі народ змог зьмяніць рэжым улады без падтрымкі вайскоўцаў.

— Што вы скажаце беларусам, якія давяраюць BYPOL і ўступілі ў план «Перамога»? Сыход чалавека, які стаяў каля вытокаў, давер усё ж падточвае.

— Я не магу гарантаваць, але ў мяне ёсьць упэўненасьць, што гэты рэсурс бясьпечны, што калі чалавек зарэгістраваўся, то гэтыя дадзеныя і зьвесткі недаступныя рэжыму. Я не кажу, што плян «Перамога» просты. Проста я яго да канца ня ведаю. Магчыма, атрыманыя прадпісаньні ўдзельнікам пляну сапраўды змогуць нешта перавярнуць. Кожны ўбачыць у той момант, калі гэта адбудзецца. Але проста чакаць, нічым не займацца, супакойваючы сябе тым, што зарэгістраваўся і прыйдзе той момант, калі паклічуць — гэта наіўна. Усё ж такі трэба самаарганізоўвацца. З элемэнтамі бясьпекі — ня больш за два-тры чалавек... Цяжка параіць, што рабіць. Ва ўсякім разе, мець зносіны, каб уяўляць, што ты не адзін, каб у цябе быў дух і рашучасьць. Каб ты ведаў, што калі мы выйдзем, дык хаця б утрох. І нешта зможам зрабіць.

— Вы будзеце выходзіць са складу заснавальнікаў BYPOL?

— Не, з заснавальнікаў тут выйсьці немагчыма. Па польскім заканадаўстве заснавальнік — гэта чалавек, які заклаў «фундацыю», а далей ён на тых жа правах, што і астатнія. Ён ня мае прывілеяў.

— Чым будзеце займацца далей?

— Сёньня першы дзень, калі я нічым не займаюся. Зьбіраюся застацца ў нацыянальна-вызвольным руху. Асэнсаваць трэба і зразумець, як рухацца далей. На жаль, у нас, як заўсёды, плыняў шмат у гэтым руху. Спрабуем абʼяднацца, але перашкаджае праца спэцслужбаў. Калі спачатку крычаць, што ўсюды агенты, а потым даваць кліч «абʼядноўвайцеся». Як «агенты» могуць абʼяднацца?

З аднаго боку кажуць, што гэта праца на руку рэжыму, разьяднаньне, маўляў, мы зноў паказваем, што ня можам па нейкіх пытаньнях дамовіцца. А зь іншага боку (чаму я і даю гэты камэнтар), трэба, каб усе зьнялі ружовыя акуляры. У мяне ёсьць зносіны з Беларусьсю. У цябе пытаюцца: «Ну калі вы прыйдзеце нас вызваляць?» Або кажуць: «Вы ўжо падрыхтавалі столькі байцоў, што давайце, запускайцеся, мы чакаем вас, вызваляйце нас».

Час усім нам сталець, браць адказнасьць за сябе кожнаму і разумець, што трэба рабіць выбар: альбо ты згаджаесься з нечалавечымі ўмовамі жыцьця альбо спрабуеш іх зьмяніць пад страхам. Я разумею, што ўсе запалоханыя, і немагчыма зараз зьдзяйсьняць нейкія актыўныя дзеяньні, але трэба быць гатовым, спрабаваць ствараць нейкія падпольныя арганізацыі. Або нават калі зусім неўмагату, як многія кажуць, то атрымліваць баявы вопыт і змагацца за вызваленьне Ўкраіны. У тым ліку, якое зьвязанае і з вызваленьнем Беларусі.

Складаны выбар. Сам я тут, а ўсё там. Таму будзем рабіць тое, што можам, а там як будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG