Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шэсьць гадоў у турме, тры зь іх — у адзіночцы». Беларускі добраахвотнік «Маджахед» выйшаў на волю і ваюе за Ўкраіну


Данііл Ляшук, пазыўны «Маджахед»,
Данііл Ляшук, пазыўны «Маджахед»,

Грамадзянін Беларусі Данііл Ляшук, пазыўны «Маджахед», які быў асуджаны ва Ўкраіне на 10 гадоў пазбаўленьня волі за авалоданьне чужой маёмасьцю, пранікненьне ў памяшканьні і незаконнае ўтрыманьне асобаў пад вартай, выйшаў на волю і цяпер ваюе ў складзе Ўзброеных сіл Украіны.

У той жа час Данііл Ляшук не ўдакладніў, у якіх войсках служыць і на якіх кірунках знаходзіцца ягоная вайсковая частка.

У размове з украінскім блогерам Станіславам Дамброўскім ён абмяркоўваў сваіх былых пабрацімаў і валянтэраў, згадваў некаторыя сытуацыі ў Бахмуце Данецкай вобласьці, Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласьцях. Ляшук паведаміў, што пра гэтае інтэрвію дамаўляліся даўно, але толькі цяпер ён змог узяць адзін дзень адпачынку, каб удзельнічаць у гэтым запісе.

Данііл Ляшук быў асуджаны разам з 11 байцамі добраахвотніцкага батальёну «Тарнада», у якім ён ваяваў адразу пасьля таго, як у 2014 годзе пачаліся баявыя дзеяньні на ўкраінскім Данбасе.

«Я некалькі гадоў да вайны, да 2014 году, ужо пражываў у Севастопалі. Я, дарэчы, вучыўся ў Севастопальскім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце, па адукацыі — матрос, марак. Пачалася вайна, і я рашыў ісьці ваяваць. Прыехаў дадому, разьвітаўся з усімі, бо я ведаў, што гэта апошняя мая паездка дадому. Там пасьля гэтага мяне абвясьцілі ў вышук. Я прыехаў [ва Ўкраіну], стаў ваяваць. Мяне многія сярод моладзі ведаюць як „Маджахед“, але сам я сябе называю звычайным хлопцам з раёну, і ўсё», — сказаў Данііл Ляшук.

Данііл Ляшук паведаміў, што афіцыйна ён вайсковец Узброеных сіл Украіны, але дагэтуль застаецца грамадзянінам Беларусі. «На жаль, дагэтуль мне [украінскі] пашпарт не далі», — сказаў ён.

У той жа час на пытаньне, ці не татарын ён, беларускі добраахвотнік адказаў, што яму не падабаецца абмяркоўваць пытаньне аб нацыянальнасьці.

«Я не татарын. Я не люблю гаварыць пра нацыянальнасьць. Я заўсёды кажу — я мусульманін. Па крайняй меры, я лічу сябе мусульманінам, а там Усявышняму ведама, хто я насамрэч, таму што мы часта мяркуем аб людзях па іх вонкавым выглядзе, па іхных словах, і, на жаль, вельмі мала глядзім на іхныя ўчынкі. Таму шмат памылак. А трэба глядзець, што ў чалавека ў душы. Усявышні нашмат лепш ведае, што ў кожнага з нас там», — сказаў ён.

Данііл Ляшук паведаміў, што яго вызвалілі менш як за год да расейскага ўварваньня. «Я тры гады правёў на Лук’янаўскім цэнтрале (сьледчы ізалятар. — РС) у звычайным рэжыме. Тры гады мяне вазілі з 43-й Харкаўскай папраўчай калёніі ў 119-ы лягер, адзін год і восем месяцаў я праседзеў у карцары, мяне трымалі ў карцары. У адзіночцы я правёў тры гады», — кажа грамадзянін Беларусі.

«Ісьціна з турмы [палягае] у тым, што калі чалавек застаецца ў адзіночцы, сам-насам з сабой, толькі тады ён спазнае сябе сапраўдным — хто ён у гэтым жыцьці і хто ён насамрэч. Бяз масак і вобразаў. Тры гады аскетызму прынесьлі свой плён, і я лепш зразумеў сябе. А ісьціна з вайны ў тым... Я зразумеў, што любоў да простага народу нашмат большая, чым нянавісьць да акупантаў і расейцаў», — расказаў Данііл Ляшук.

Данііл Ляшук сказаў, што ён не задумваецца пра сваю будучыню.

«Будучыня вядомая толькі Алаху. А ў чалавека, калі разабрацца па сутнасьці, ёсьць толькі адзін дзень. Ён ня ведае, што будзе заўтра. А прадказаньні — гэта ад д’ябла, ад шайтана. Калі б чалавек ведаў сваю будучыню, то жыцьцё ня мела б сэнсу. Ну вось уяві сабе, ты жывеш і ведаеш, што заўтра ты будзеш рабіць тое і сёе, і тваё жыцьцё ператвараецца ў рутыну, а маё жыцьцё — гэта клясныя прыгоды. Я кожную раніцу прачынаюся, і ў мяне ёсьць адзін дзень. Я ня ведаю, што будзе заўтра. Я жыву адным днём, і я намагаюся адзін дзень пражыць як адно маленькае жыцьцё — змагацца са злом, рабіць дабро і намагацца дапускаць найменш памылак».

Ляшук таксама сказаў, што ён ня думае і пра сьмерць.

«Мы ўсе памром. Гэта непазьбежна. Калі прыйдзе час, Алах забярэ маю душу, і на гэтым усё: мой зямны шлях закончыцца. І перажываць праз гэта навошта? Алах ужо вызначыў лёс кожнага чалавека, і ўсьведамленьне гэтага вызначэньня дае свабоду і волю», — перакананы ён.

Данііл Ляшук дадаў, што заўсёды ставіўся да ісламу як да ладу жыцьця.

«Я веру ў тое, што Бог адзіны, і ён над усімі намі, у яго ўся ўлада над намі. Ён усёмагутны. Кожны чалавек шукае свой шлях да Бога, але іслам — гэта лад жыцьця. Стараюся яго прытрымлівацца, як магу, як атрымліваецца, як Алах дае сілы».

Гісторыя Данііла Ляшука

Праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі Данііла Ляшука ў верасьні 2015 году разам з 11 іншымі байцамі добраахвотніцкага батальёну «Тарнада». Іх абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні жорсткіх дзеяньняў супраць цывільнага насельніцтва, у прыватнасьці на тэрыторыі Луганскай вобласьці. Самі затрыманыя добраахвотнікі зьвязвалі гэтыя абвінавачаньні з тым, што яны блякавалі незаконны гандаль з Данбасам, які ажыцьцяўляўся чыгункаю.

Тагачасны галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Матыёс называў Ляшука «найбольш небясьпечным і жорсткім» байцом батальёну «Тарнада»:

«Менавіта Маджахед-Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасьцю, жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю найбольш жорстка катаваў мясцовае насельніцтва Луганскай вобласьці, арганізоўваў і браў непасрэдны ўдзел у гвалтаваньні затрыманых, якіх ён разам зь іншымі падазраванымі выкрадаў з карысьлівых меркаваньняў».

У сваю чаргу Руслан Сушко, адвакат беларуса, пасьля выраку заявіў, што цяжкія абвінавачаньні, якія на пачатку працэсу выстаўлялі байцам «Тарнада», у выраку першай судовай інстанцыі адсутнічаюць — у ім няма нічога ні пра забойства, ні пра згвалтаваньне. Але нават тыя артыкулы, паводле якіх байцоў прызналі вінаватымі (гаворка ідзе аб авалоданьні чужой маёмасьцю, пранікненьні ў памяшканьні і незаконным утрыманьні асобаў пад вартай), на думку адваката, былі недаказаныя і грунтаваліся толькі на паказаньнях некалькіх чалавек.

Пасьля адкрыцьця крымінальнай справы міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў падпісаў загад аб расфармаваньні роты патрульнай службы асаблівага прызначэньня МУС Украіны «Тарнада», але пазьней адзначыў, што сумленныя байцы будуць залічаныя ў іншыя падразьдзяленьні.

7 красавіка 2017 году Абалонскі раённы суд Кіева прысудзіў 12 былым удзельнікам спэцроты МУС «Тарнада» розныя тэрміны пазбаўленьня волі. Судовы працэс адбываўся ў закрытым рэжыме.

У верасьні 2018 году стала вядома, што Беларусь патрабавала ад Украіны выдаць Данііла Ляшука, але Генэральная пракуратура Ўкраіны адмовілася гэта зрабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG