У Менску ў прысутнасьці навучэнцаў і бюджэтнікаў, якіх прывезьлі на плошчу Незалежнасьці, прайшло ўскладаньне кветак да помніка кіраўніку бальшавікоў Уладзіміру Леніну. У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму, Менскага гарадзкога савету, прадстаўнікі камуністычнай партыі і «працоўных калектываў».
Аляксандар Лукашэнка на дзяржаўнае сьвята паўдзельнічаў у нефармальным чэмпіянаце па калоньні дроваў, які аб’явілі праўладныя журналісты пасьля распаўсюджанага відэа з Лукашэнкам і дарагой фінскай сякерай.
Адзначылі 7 лістапада і на галоўнай плошчы Гомля.
«Творчыя гараджане даступна абазначылі для маладога пакаленьня асноўныя пасылы і ўклад гістарычных асобаў. Створаны яркія касьцюмаваныя вобразы, насычаныя гістарычнай праўдай дыялёгі», — напісала дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На плошчы, акрамя першага сакратара Гомельскай абласной арганізацыі КПБ Дзьмітрыя Мурашкі, выступіў старшыня Гомельскага гарадзкога савету дэпутатаў Мікалай Кавалевіч і першы сакратар гаркаму БРСМ Васіль Ляўкутнік.
У папярэднія гады адзначэньне 7 лістапада было прэрагатывай камуністычных арганізацыяў, якім улады не заміналі адзначаць гадавіну кастрычніцкага перавароту.
25 кастрычніка 1917 году (7 лістапада грыгарыянскага календара) у расейскім Петраградзе быў зрынуты Часовы ўрад і абвешчана савецкая ўлада. Да кіраваньня прыйшоў урад, сфармаваны II Усерасейскім зьездам Саветаў, абсалютную большасьць дэлегатаў якога склалі бальшавікі (РСДРП(б)) і іх хаўрусьнікі левыя эсэры. Пазьней бальшавікі ўсталявалі сваю дыктатуру і правялі маштабныя рэпрэсіі, у якіх загінулі ў тым ліку і многія з тых, хто ўдзельнічаў у перавароце.