Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ленін мог нарадзіцца ў Віцебску. 10 малавядомых фактаў пра заснавальніка савецкай дзяржавы


Уладзімір Ленін
Уладзімір Ленін

22 красавіка камуністы адзначаюць гадавіну нараджэньня Ўладзіміра Ўльянава (Леніна) (1870–1924).

Нягледзячы на тое, што ў СССР дзесяцігодзьдзямі падтрымліваўся культ Леніна як заснавальніка савецкай дзяржавы і «правадыра сусьветнага пралетарыяту», многія факты, зьвязаныя зь ягонай асобай, былі і застаюцца малавядомымі.

Мог быць віцяблянінам

Сярод продкаў Ўладзіміра Ўльянава (Леніна), паводле апошніх дасьледаваньняў, былі расейцы, калмыкі, габрэі, немцы і швэды. Дзед Леніна па маці, Аляксандар Бланк, паходзіў зь беднай габрэйскай сям’і, якая, як і ўсе юдэі ў Расейскай імпэрыі, цярпела ад жорсткай дыскрымінацыі. Ён быў вымушаны прыняць праваслаўе, скончыў Мэдычна-хірургічную акадэмію і даслужыўся да інспэктара лекарскай управы Пермскай губэрні. Аднак на пачатку кар’еры зазнаў перасьлед з прычыны свайго паходжаньня. Так, не была задаволеная просьба накіраваць яго ў Віцебск.

«У студзені 1839 г. ... А.Д. Бланку спрабуе дапамагчы граф Ю.П. Літа. Ён зьвяртаецца да міністра ўнутраных справаў Д.М. Блудава з просьбай даць А.Д. Бланку вакантнае месца інспэктара лекарскай управы ў Віцебскай губэрні. Просьба адхіляецца. Складаецца ўражаньне, што А.Д. Бланку наўмысна адмаўлялі ў месцах ва ўнутраных і заходніх губэрнях Расеі» (М. Штейн, «Ульяновы и Ленины. Семейные тайны». — СПб., Издательский Дом «Нева», 2004, с. 104–105).

Дзед Леніна Аляксандар Бланк пакінуў па сабе добрую памяць. На пасадзе інспэктара лекарскай управы Пермскай губэрні Бланк як мэдык дапамагаў тым, хто ня мог дазволіць сабе прыватнага лекара і, паводле ўспамінаў, ніколі ня браў грошай зь беднякоў.

Меў спадчыннае дваранства

Ленін паходзіў зь сям’і чыноўніка, высокапастаўленага нават па імпэрскіх мерках. Бацька, Ільля Мікалаевіч Ульянаў, меў чын правадзейнага стацкага саветніка (IV кляса табэлі аб рангах). Чын надаваўся асабістым указам імпэратара, яго мелі ня ўсе кіраўнікі дэпартамэнтаў і губэрнатары. Сярод іншага, чын даваў права на спадчыннае дваранства, якое і атрымаў будучы барацьбіт за сацыяльную роўнасьць.

Быў «эксплюататарам народных масаў»

Сям’я Ўльянавых, акрамя дому ў Сімбірску (дзе пазьней быў зроблены музэй), мела і вялікі ўчастак зямлі, які здавала ў арэнду сялянам. Даход ад арэнды быў салідны, у некалькі акладаў сярэдняга чыноўніка. Частку гэтага даходу ад «эксплюатацыі працы сялянаў», як называў Ленін такую форму «прыгнёту», у эміграцыі ён рэгулярна атрымліваў ад маці. Гэта дазваляла яму лячыцца на модных эўрапейскіх курортах.

Бязьлітасна забіваў жывёлаў

Падчас высылкі, паводле ўспамінаў, Ленін любіў хадзіць на паляваньне і часам забіваў мноства трусоў і качак (зьвернем увагу, што асуджанаму да ссылкі за рэвалюцыйную дзейнасьць, брату пакаранага сьмерцю за замах на цара, дазвалялася мець стрэльбу). У такой бязьлітаснасьці да жывёльнага сьвету яго можна параўнаць з аўстрыйскім эрцгерцагам Францам-Фэрдынандам, у якога колькасьць забітых дзікоў, казуляў ды іншых жывёлаў вымяралася сотнямі тысячаў. Прырода па-свойму адплаціла роду чалавечаму: забойства эрцгерцага ў Сараеве справакавала Першую сусьветную вайну, Ленін жа зрабіў рэвалюцыю — і тое, і другое забрала мільёны чалавечых жыцьцяў.

Перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй пагаліўся

Візуальны вобраз Леніна, які на II зьезьдзе Саветаў 25 кастрычніка (7 лістапада паводле новага стылю) 1917 году абвяшчае падзеньне Часовага ўраду, добра вядомы з жывапісных палотнаў ды фільмаў. Там Ленін у сваім хрэстаматыйным абліччы — з вусамі і барадой. У рэальнасьці ў тыя дні Ленін быў бяз вусаў і барады, бо хаваўся і жыў на кансьпірацыйных кватэрах. Ленін не адыграў асаблівай ролі ў тэхнічнай арганізацыі захопу Зімняга палаца і ўвогуле таго, што пазьней назвалі «Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй» — штаб узначальваў Леў Троцкі, захопам Часовага ўраду кіраваў Антонаў-Аўсеенка. Але Ленін дамогся, каб пераварот адбыўся менавіта ў той дзень, калі ён і адбыўся («Учора было рана, заўтра будзе позна», — пісаў ён чальцам ЦК партыі з кансьпірацыйнай кватэры).

Уладзімір Ленін увосень 1917 г.
Уладзімір Ленін увосень 1917 г.

Толькі адны содні быў прадстаўніком легітымнай улады

Ленін толькі аднойчы быў абраны ў легітымны, як бы цяпер сказалі, орган улады: на выбарах у лістападзе 1917-га ў склад Устаноўчага сходу па сьпісе РСДРП, якому бальшавікі абяцалі перадаць уладу. Сход, у сутнасьці, меўся выканаць функцыі адначасова парлямэнту і канстытуцыйнай асамблеі. Аднак на выбарах бальшавікі не атрымалі большасьці галасоў, і ў студзені 1918-га, папрацаваўшы менш як содні, Сход быў разагнаны. Была ўсталяваная нікім і ніколі не абраная «савецкая» ўлада, якая сваёй ідэалёгіяй абвяшчала «дыктатуру пралетарыяту».

Заля паседжаньняў у Таўрыйскім палацы ў Санкт-Пецярбургу, дзе адбылося паседжаньне Ўстаноўчага сходу.
Заля паседжаньняў у Таўрыйскім палацы ў Санкт-Пецярбургу, дзе адбылося паседжаньне Ўстаноўчага сходу.

Патрабаваў расстраляць за сьнег

Леніна можна сьмела аднесьці да самых крывавых тыранаў у гісторыі чалавецтва. Слова «расстраляць» сустракаецца ў дзясятках рэзалюцый Леніна як кіраўніка савецкага ўраду, прычым часам гэта тычылася невыкананьня нейкіх дробных у маштабах краіны гаспадарчых спраў. Вось толькі адзін прыклад:

Постановление Совета Рабоче-Крестьянской обороны от 15 февраля 1919

...Поручить Склянскому, Маркову, Петровскому и Дзержинскому немедленно арестовать нескольких членов исполкомов и комбедов в тех местах, где расчистка снега производится не вполне удовлетворительно. В тех же местностях взять заложников из крестьян с тем, что, если расчистка снега не будет произведена, они будут расстреляны.

Ленин.


(Декреты Советской власти, т.4. С.627. Издательство политической литературы, М., 1968.)

«Трэба менавіта цяпер правучыць гэтую публіку так, каб на некалькі дзясяткаў гадоў ні пра які супраціў яны ня сьмелі і думаць», — пісаў ён пра сваіх клясавых апанэнтаў. Справу Леніна працягнуў ягоны верны вучань Сталін, пры якім рэпрэсіі набылі татальны і доўгатэрміновы характар.

Зьліквідаваў БНР і падзяліў Беларусь

Сучасныя камуністы часта кажуць, што менавіта Леніну Беларусь абавязаная незалежнасьцю, бо пры ўтварэньні СССР у 1922 годзе ён адхіліў прапанову народнага камісара нацыянальнасьцяў Сталіна даць Беларусі і іншым рэспублікам статус аўтаноміяў (у выніку яны атрымалі вышэйшы статус). Аднак да гэтага, менавіта калі савецкім урадам кіраваў Ленін, была зьнішчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі і падпісаныя шэраг пагадненьняў, паводле якіх Беларусь губляла этнічныя тэрыторыі. Найбольшы ўдар па цэласнасьці нацыі быў нанесены Рыскай дамовай 1921 году.

Нас падзялілі — хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!..
Нашы тут гоні, бары!


— пісаў пра тую дамову Якуб Колас.

Мозг падзялілі і засакрэцілі

Мозг Леніна пасьля ягонай сьмерці быў разрэзаны на 30 тысяч кавалкаў, для яго вывучэньня ў Маскве быў створаны навукова-дасьледчы Інстытут мозгу (туды ж пазьней перадалі і мазгі пісьменьнікаў Горкага, Маякоўскага, Анры Барбюса, акадэміка Паўлава). Перад навукоўцамі была пастаўлена мэта выявіць якія-небудзь заканамернасьці паміж анатамічнымі асаблівасьцямі мозгу Леніна і геніяльнасьцю. Да дасьледаваньня быў прыцягнуты вядомы нямецкі дасьледчык прафэсар Фогт, аднак апублікаваныя ім у нямецкай мэдычнай літаратуры вынікі дасьледаваньняў выклікалі скандал: выявілася, што асаблівасьці мозгу Леніна, на якія ўказваў Фогт, ёсьць і ў разумова адсталых (апошнія гады жыцьця Ленін быў напалову паралізаваны, ня мог гаварыць і пісаць).

У СССР вынікі дасьледаваньняў былі засакрэчаныя. Так, міністар аховы здароўя СССР акадэмік Барыс Пятроўскі ў 1969 годзе дакладаў у ЦК КПСС: «Міністэрства аховы здароўя СССР лічыць, што нягледзячы на тое, што вынікі цытаархітэктанічнага дасьледаваньня мозгу У. І. Леніна ўяўляюць вялікую навуковую цікавасьць, ад публікацыі іх варта ўстрымацца». Грыф сакрэтнасьці ня зьняты і ў сучаснай Расеі.

Лукашэнка прапаноўваў перавезьці мумію Леніна ў Беларусь

Апошнім чалавекам, які мог сказаць, што меў непасрэдныя дачыненьні з жывым Леніным, была ягоная пляменьніца Вольга Ўльянава (дачка малодшага брата Дзьмітрыя). Яна нарадзілася на пачатку 1922 году, у 1923 яе сфатаграфавалі разам зь Леніным у Горках. Выкладала ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, неаднаразова выступала на навуковых канфэрэнцыях у БДУ ў Менску. На пачатку 2000-х у гутарцы з карэспандэнтам беларускай Свабоды выказалася супраць вынасу Леніна з Маўзалею (у свой час Аляксандар Лукашэнка прапанаваў перанесьці саркафаг зь целам Леніна ў Менск). Памерла 25 сакавіка 2011 г. Пасьля яе засталіся дачка і ўнучка, сёньня яны найбольш блізкія нашчадкі сям’і Ўльянавых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG