Зяленскі адзначыў, што ўкраінскія вайскоўцы штодня зьбіваюць як найменей дзесяць іранскіх бесьпілётнікаў. «Мы дакладна ведаем, што іранскія інструктары вучылі расейскіх тэрарыстаў карыстацца дронамі, а ў Тэгеране аб гэтым наогул маўчаць», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.
Зяленскі дадаў, што сусьветная супольнасьць будзе і надалей прыкладаць намаганьні для выкрыцьця ірана-расейскага супрацоўніцтва, і «памагатыя тэрарыстаў не застануцца беспакаранымі».
У канцы жніўня выданьне The Washington Post паведаміла, што ў Расею паступілі першыя іранскія баявыя бесьпілётныя лятальныя апараты для выкарыстаньня падчас вайны з Украінай. Улады Ірана неаднаразова адмаўлялі пастаўкі Расеі бесьпілётнікаў. Масква выкарыстаньне іранскай зброі ў баявых дзеяньнях абвяргала.
5 лістапада кіраўнік МЗС Ірана прызнаў пастаўкі баявых дронаў Маскве, удакладніўшы, што гэта адбылося яшчэ да нападу Расеі на Ўкраіну.