Арганізатары правялі апытаньне беларускіх грамадзян, а таксама глыбінныя інтэрвію. Дасьледчыкі хацелі высьветліць прычыны пераезду беларусаў і тое, зь якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў Літве.
Па дадзеных апытаньня, каля 86% рэспандэнтаў пакінулі Беларусь з палітычных прычынаў. Амаль 70% апытаных працаздольнага ўзросту і маюць пастаянную крыніцу даходу ў Літве. 68% ужо змаглі атрымаць від на жыхарства, 15% знаходзяцца ў Літве па гуманітарных візах, а 8% ужо атрымалі прытулак або чакаюць рашэньня літоўскіх уладаў аб яго наданьні.
Беларусы, якія выбралі Літву, аргумэнтуюць сваё рашэньне магчымасьцю атрыманьня візы ці ВНЖ, адсутнасьцю моўнага бар’ера, асабістым досьведам знаходжаньня ў Літве, лепшым палітычным кліматам, чым у Беларусі.
Толькі 10% тых, хто пераехаў так ці інакш, карыстаюцца сацыяльнымі праграмамі ў Літве. Пры гэтым беларусы робяць унёсак у бюджэт і эканамічную актыўнасьць. Па дадзеных агенцтва «Інвэстуй у Літву», толькі кампаніі-рэлякантны летась заплацілі больш за 20 млн эўра падаходнага падатку за супрацоўнікаў.
Рэспандэнты ацанілі бясьпеку ў Літве ў сярэднім на 8 з 10 балаў, а якасьць жыцьця — на 7,62 з 10 балаў.
Беларусы ў Літве сутыкаюцца з праблемамі, якія актуальныя для ўсіх жыхароў Літвы: інфляцыя, непакой аб магчымай ваеннай агрэсіі супраць Літвы, нястача месцаў у дзіцячых навучальных установах, доўгія чэргі ва ўстановах аховы здароўя, надзвычай высокія цэны на арэнду жыльля і г.д.
Дасьледаваньне праводзілася ў чэрвені-верасьні. У апытаньні з дапамогай онлайн-плятформы ўзялі ўдзел 335 рэспандэнтаў, было праведзена 11 глыбінных інтэрвію.