Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Башкартастане «рэйкавых партызанаў» абвінавацілі ў тэракце. Мядзьведзеў прапанаваў вярнуць сьмяротнае пакараньне


Дзьмітрый Мядзьведзеў
Дзьмітрый Мядзьведзеў

Суд ва Уфе арыштаваў чатырох мясцовых жыхароў у справе аб тэракце ў складзе арганізаванай групы. Пра гэта паведаміла аб’яднаная прэс-служба судоў Башкартастану. Пакараньне паводле гэтых артыкулаў Крымінальнага кодэксу прадугледжвае ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Па вэрсіі сьледзтва, 18-гадовыя Фарухжон Закіраў, Мустафа Шахбазаў і Эмін Садыгаў, а таксама 17-гадовы брат апошняга як мінімум пяць разоў спрабавалі пашкодзіць электратэхнічнае абсталяваньне на чыгунцы, выступаючы супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну і разьлічваючы дэстабілізаваць працу органаў улады ў Башкартастане.

Справу уфімскіх студэнтаў пракамэнтаваў намесьнік старшыні Савета бясьпекі Расеі, былы прэзыдэнт і прэмʼер-міністар краіны Дзьмітрый Мядзьведзеў. У дзень вынясеньня рашэньня суду ва Ўфе ён напісаў у тэлеграм-канале пост пра «дывэрсантаў» і магчымасьць прымяненьня да такіх людзей сьмяротнага пакараньня.

Ён назваў абвінавачаных «замежнымі студэнтамі» і «вырадкамі», а таксама заявіў, што падчас Вялікай Айчыннай вайны «сабатажнікаў» расстрэльвалі.

Мяркуючы па фатаграфіях і гісторыі профіляў у сацсетках, абвінавачаныя зь дзяцінства жывуць і вучацца ва Ўфе.

Мядзьведзеў прапанаваў «не цацкацца» з такімі «адмарозкамі» — «замежнымі і сваімі» — і адмовіцца ад мараторыя на сьмяротную кару.

«У рамках цяперашняй Канстытуцыі мараторый на пакараньне сьмерцю можа быць пераадолены ў выпадку неабходнасьці пры зьмяненьні прававых пазыцый Канстытуцыйнага суду Расеі», — лічыць намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі.

Аб вяртаньні сьмяротнага пакараньня Мядзьведзеў гаворыць не ўпершыню. У сакавіку, камэнтуючы ў тым ліку прыпыненае сяброўства Расеі ў Радзе Эўропы і ПАРЭ, Мядзьведзеў назваў меру «дзікай несправядлівасьцю». Адначасова ён сказаў, што гэта і нядрэнная нагода «грукнуць дзьвярыма і забыцца аб гэтых бессэнсоўных багадзельнях назаўжды». Пры гэтым ён дадаў, што рашэньне дае магчымасьць Расеі аднавіць пакараньне сьмерцю для прадухіленьня асабліва цяжкіх злачынстваў у краіне.

Старшыня Канстытуцыйнага суду Расеі Валерый Зоркін летам казаў, што для адмены мараторыю на пакараньне спатрэбіцца прыняцьце новай канстытуцыі. Пры гэтым, на яго думку, адмова ад мараторыя «стала б вельмі дрэнным сыгналам грамадзтву».

Мараторый на прымяненьне пакараньня сьмерцю набыў моц у Расеі ў траўні 1996 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG