Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дэпутаты прапануюць караць ухілістаў ад мабілізацыі пяцьцю гадамі турмы


Мабілізацыя ў Расеі
Мабілізацыя ў Расеі

Дэпутаты ад «Адзінай Расеі» распрацавалі законапраект аб крымінальным пакараньні для ўхілістаў ад мабілізацыі. Яны прапануюць увесьці штрафы да 500 тысяч рублёў, прымусовыя працы ці пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Дакумэнт гатовы да ўнясеньня ў парлямэнт, пішуць «Известия».

Размова не ідзе «канкрэтна аб сёньняшняй частковай мабілізацыі», адзначыў адзін з аўтараў законапраекта, намесьнік старшыні камітэта Дзярждумы па бясьпецы і супрацьдзеяньні карупцыі Эрнэст Валееў. Ён растлумачыў, што мабілізацыя ў краіне не праводзілася з 1941 года і многія законы не працавалі. Дзейны артыкул за ўхіленьне ад прызыву распаўсюджваецца толькі на тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службы.

«Адносіны дзяржавы і грамадзяніна павінны быць аднолькавымі для ўсіх незалежна ад таго, упершыню чалавек прызываецца ці не», — лічыць дэпутат.

У пачатку кастрычніка ў Расіі была ўзбуджана першая крымінальная справа аб ухіленьні ад мабілізацыі. Праз некалькі дзён пракуратура адмяніла пастанову аб узбуджэньні справы, паколькі гэты артыкул не прадугледжвае крымінальную адказнасьць за адмову ад службы па мабілізацыі.

Мабілізацыя ў Расеі пачалася 21 верасьня па ўказе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Міністар абароны Сяргей Шайгу казаў, што для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне будуць мабілізаваны да 300 тысяч чалавек. 28 кастрычніка ён далажыў Пуціну, што мабілізацыйныя мерапрыемствы завершаныя.

Фармальна мабілізацыя можа быць завершаная толькі пасьля выхаду спэцыяльнага ўказа прэзыдэнта Расеі. 31 кастрычніка Ўладзімір Пуцін заявіў, што яшчэ не падпісваў адпаведны ўказ, і што ня ведае, ці патрэбны ён увогуле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG