31 кастрычніка прэс-служба МУС Малдовы паведаміла, што фрагмэнты ракеты, якую зьбілі сілы ўкраінскай супрацьпаветранай абароны, упалі ў малдаўскім населеным пункце Наслаўча, разьмешчаным праз раку ад Віньніцкай вобласьці Ўкраіны. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што мэтай ракеты была Днястроўская гідраэлектрастанцыя. Адзначаецца, што ў выніку падзеньня фрагмэнтаў ніхто не пацярпеў, пры гэтым у некаторых будынках былі выбіты вокны.
У адказ на высылку расейскага дыплямата, імя якога не паведамляецца, у МЗС Расеі заявілі, што вышлюць супрацоўніка малдаўскага пасольства ў РФ.
У панядзелак расейскія вайскоўцы нанесьлі масіраваны ракетны ўдар па ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры. У дзясятках гарадах Украіны ў сувязі з гэтым прапала сьвятло. Уладзімір Пуцін заявіў, што абстрэл зьяўляецца адказам на нядаўнюю атаку пры дапамозе беспілотнікаў на Чарнаморскі флёт у Крыме, якая, паводле слоў прэзыдэнта Расеі, «посьпеху не прынесла».
Пры гэтым ракетныя ўдары па ўкраінскай інфраструктуры расейскія вайскоўцы наносяць з 10 кастрычніка. Міністар энэргетыкі Украіны Герман Галушчанка паведамляў, што ў выніку абстрэлаў пашкоджана ад 30 да 40% энэргетычнай інфраструктуры краіны. Нанесены ўкраінскай энэргетыцы ўрон складае мільярды даляраў.