Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт патлумачыў, чаму Расея і АДКБ не заступіліся за Армэнію ў яе збройным канфлікце з Азэрбайджанам


Баявыя дзеяньні паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, 13 верасьня 2022
Баявыя дзеяньні паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, 13 верасьня 2022

Намесьнік дырэктара Цэнтру блізкаўсходніх дасьледаваньняў Сяргей Данілаў расказаў «Настоящему Времени», ці ўтрымлівае цяпер Расея за сабой ролю міжнароднага пасярэдніка ў канфлікце.

«Сытуацыя тупіковая. Трэба заключаць мір. Але ў армянскім грамадзтве вельмі моцны пратэст супраць гэтага. Ніхто нікога не здае, а Азэрбайджан выкарыстоўвае слабасьць іншых бакоў для таго, каб праціскаць гэты мір. І калі б Расея магла, яна б умяшалася, але яе магчымасьці, інструмэнты ўплыву, сілавы патэнцыял на Паўднёвым Каўказе вельмі моцна зьнясіленыя. І яны разумеюць гэта. Тут няма дамоўленасьцяў за сьпінаю Армэніі. Ёсьць найскладанейшая сытуацыя з армянскім грамадзтвам і з сытуацыяй бясьпекі на Паўднёвым Каўказе», — лічыць экспэрт.

Цяперашнія падзеі, на думку Сяргея Данілава, паказваюць, што Расея ў вачах многіх будзе выглядаць як «слабы партнэр».

«Тыя, хто застаецца ў яе ў партнэрах, — будуць выкарыстоўваць гэта для атрыманьня эканамічнай выгады, ня будуць разьлічваць на яе сілавы рэсурс, будуць шукаць іншых партнэраў у галіне бясьпекі. Візыт Сі Цзіньпіна ў Казахстан — гэта характэрная рыса цяперашняй сытуацыі. І Расея будзе разглядацца як краіна, зь якой можна атрымаць вялікія дывідэнды на фоне яе слабасьці».

Ерэван, на думку Данілава, у пошуку новых саюзьнікаў паспрабуе выкарыстаць, у прыватнасьці, сувязі дыяспараў і ў Францыі, і ў Злучаных Штатах. Армянская дыяспара — таксама важны рэсурс з электаральнага і з лабісцкага пункту гледжаньня, лічыць экспэрт.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная ў асноўным этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».

За пэрыяд збройнага канфлікту 1988–1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль Узброеных сіл Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.

Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна значны горад Шушу. На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.

Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі судакрананьня разьмешчана міратворчая місія Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG