«Ня хочацца тых кантрактаў на фоне вайны ва Ўкраіне»
Сяргей (імя зьмененае. — РС) са дня на дзень будзе дэмабілізаваны. Тэрміновую службу ён праходзіў у Печах (72-і навучальны аб’яднаны цэнтар).
«Прапаноўвалі кантракты. Але чамусьці толькі на шэсьць месяцаў. Раней жа прапаноўвалі на два гады. Сказалі так: „Хутка вайна, нам кіроўцы патрэбны“. Не было асабліва ахвотнікаў на тыя кантракты і тым больш на вайну. Абяцалі заробак да 2 тысяч рублёў у наступным годзе», — падзяліўся Сяргей.
Раней чытачы Свабоды паведамлялі, што на тэрміновай службе «настойліва прапануюць» падпісаць кантракты. У выпадку адмовы пагражаюць пасьля дэмабілізацыі забараніць выезд зь Беларусі на шэсьць месяцаў.
З памежных з Украінай вёсак чытачы Свабоды паведамілі, што цяпер там працягваецца ўмацаваньне мяжы. Актыўнасьць памежнікаў і вайскоўцаў не спыняецца. «Капаюць акопы каля мяжы, нацягалі мяхоў зь пяском, ставяць снайпэрскія пазыцыі», — расказаў адзін з жыхароў вёскі ў Лоеўскім раёне, памежным з Украінай.
У Гомельскім раёне мясцовыя заўважылі, што вайскоўцы разьбіваюць лягеры ў лесе. Гаворка ідзе пра вёскі, разьмешчаныя за 10 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
«Ад іх моцна пацярпеў лес за Маркавічамі. Яны яго пасеклі, калі ставілі там свой лягер, разьмяшчалі тэхніку. Не скажу, былі гэта беларускія вайскоўцы ці расейскія, бо яны ганяюць на аўтамабілях без нумароў і форму маюць без апазнавальных знакаў. Яшчэ лесьнікам раней паступіў загад заваліць лясныя сьцежкі дрэвамі. Таму дрэвы пілавалі і завальвалі лясныя сьцежкі. Для чаго гэта робіцца, невядома. Мусіць, каб украінцы не прайшлі», — расказаў адзін з жыхароў Гомельскага раёну.
Ён дадаў, што вайскоўцы разьмясьцілі блёк-пост у раёне пасёлку Халмы Гомельскага раёну, правяраюць на ім дакумэнты ў людзей.
«Зусім ня факт, што беларускае войска разьбяжыцца пасьля першых баёў, як прагназуюць»
На ўмовах ананімнасьці Свабода пагутарыла з вайсковым экспэртам зь ліку былых беларускіх сілавікоў. Ён не выключае, што зь цягам часу Беларусь можа быць уцягнутая ў вайну.
«Вайсковыя фармаваньні не адвялі ад украінскай мяжы, не вярнулі ў месцы сталай дысьлякацыі. Больш за тое, яны ўзмоцненыя расейскімі сродкамі СПА, ракетнай тэхнікай. Вядуцца бясконцыя „вучэньні“. Для прыкрыцьця мяжы ад дывэрсійна-выведвальных груп столькі вайскоўцаў зь цяжкай тэхнікай ня трэба. Плюс каля мяжы з Украінай ёсьць некалькі расейскіх баз, якія беларускія ўлады стараюцца не афішаваць», — паведаміў экспэрт.
Вядома таксама, што па буйных прадпрыемствах па ўсёй Беларусі езьдзяць з выступамі высокапастаўленыя вайскоўцы і сілавікі. Справаздачы аб гэтых сустрэчах актыўна публікуюцца ў дзяржаўных СМІ.
«Яны апавядаюць „працоўным калектывам“ пра „агрэсіўныя пляны Ўкраіны“ і неабходнасьць прыняцьця прэвэнтыўных захадаў ваеннага характару, то бок насельніцтва псыхалягічна рыхтуюць да вайны», — патлумачыў былы сілавік.
Яшчэ адной прыкметай падрыхтоўкі да вайны ён назваў тое, што былых вайскоўцаў, асабліва тых, хто праходзіў службу ў спэцназе, выведцы, дэсанце, цяпер забіраюць на вайсковыя зборы.
«Частцы афіцэраў запасу паступілі прапановы з камісарыятаў вярнуцца на вайсковую службу з абяцаньнем годнага заробку. Такога раней не фіксавалася», — заўважыў экспэрт.
Ён таксама лічыць, што ўкраінскія і беларускія недзяржаўныя СМІ памыляюцца, калі пішуць пра беларускае войска «выключна ў зьдзеклівай манеры».
«Пішуць, што гэта папяровае войска, якое разьбяжыцца пасьля першых баёў. Але гэта не зусім так. Войска Беларусі валодае зьнішчальнай і штурмавой авіяцыяй, рознымі сродкамі СПА, вялікай колькасьцю танкаў, бранятэхнікі, рэактыўнай і ствольнай артылерыяй, апэратыўна-тактычнымі ракетнымі комплексамі, мадэрнізаванымі сыстэмамі сувязі і г.д. Слабыя месцы — значная доля салдатаў на тэрміновай службе, адсутнасьць рэальнага баявога досьведу і матывацыі.
Разам з тым войска дастаткова дысцыплінаванае, а ідэалягічная накрутка ў адносінах да „ўкраінскага нацызму“ ідзе пастаянна, і многія паддаюцца ёй. Таму матывацыя можа і зьявіцца. У кожным выпадку вайсковыя фармаваньні Рэспублікі Беларусь па многіх парамэтрах істотна пераўзыходзяць „рэзэрвы“, якімі цяпер даўкамплектоўваецца расейскае войска (мабілізаваныя, пэнсіянэры „ЛДНР“, асуджаныя, асацыяльныя асобы і г.д.)», — дадаў былы сілавік.
Ён зазначыў, што на гэты момант, з улікам разгортваньня «сумеснай групоўкі», ударная групоўка для паўторнага ўваходу ва Ўкраіну зь Беларусі ня створана. «Але гэтая задача можа быць выкананая за месяц-два», — дадаў суразмоўца.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.